Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МАСКВЕ ЗАБІТЫ ДЭПУТАТ РАСЕЙСКАЙ ДУМЫ СЯРГЕЙ ЮШАНКОЎ


Віталь Тарас, Прага

У нашым архіве захавалася інтэрвію Сяргея Юшанкова, якое мне давялося запісаць 27 кастрычніка 1999 году. У той дзень Аляксандар Лукашэнка выступаў у Дзяржаўнай Думе на тэму аб’яднаньня Беларусі й Расеі. Фракцыя “Яблык” тады байкатавала выступ беларускага кіраўніка. А дэпутат Юшанкоў быў адзіным, хто, застаўшыся ў залі, пратэставаў супраць прадастаўленьня слова Лукашэнку. Вось як Сяргей Юшанкоў тлумачыў тады свае дзеяньні: “Абмеркаваньне такога сур’ёзнага пытаньня, як аб’яднаньне дзьвюх дзяржаваў, павінна адбывацца зь легітымным кіраўніцтвам краіны. Ні прэзыдэнт, ні парлямэнт Беларусі, наколькі я магу разумець, ня маюць легітымнасьці”.

Менавіта тады, тры з паловай гады назад расейскія правыя ўпершыню агучылі ідэю аб далучэньні шасьці абласьцей Беларусі да Расеі на правох суб’ектаў Расейкай Фэдэрацыі. Адбылося гэта на сумесным паседжаньні прадстаўнікоў “Правого дела” і апазыцыі Беларусі ў прэзыдэнт-гатэлі ў Маскве. І вось як тлумачыў прапанову правых Сяргей Юшанкоў: “Калі аб’яднаньню наканавана адбыцца, дык увайсьці ў падобны саюз Беларусь можа толькі асобнымі абласьцямі. Тым самым усім даводзіцца да ведама, альбо дэкляруецца , што на самой справе, калі Беларусь пойдзе паводле гэткага сцэнару – гэта значыць, што беларускі народ не прызнае сваёй этнічнай самастойнасьці, не жадае быць у самастойнай дзяржаве, што ў прынцыпе немагчыма”.

Нагадаю, гэтыя словы былі сказаныя Сяргеем Юшанковым больш як тры гады таму, а іх актуальнасьць, як уяўляецца, ня зменшылася й цяпер, калі завяршаецца праца над так званым Канстытуцыйнага актам Саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі.

Намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі ведаў Сяргея Юшанкова яшчэ з таго часу, калі быў дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР:

(Дабравольскі: ) “Мы сапраўды сустракаліся зь Сяргеем Юшанковым, як і зь іншымі прадстаўнікамі Саюзу правых сіл, у Прэзыдэнт-гатэлі, і мы якраз абмяркоўвалі варыянты супрацоўніцтва дэмакратычных сіл Расеі і Беларусі, каб адносіны паміж нашымі краінамі ўвайшлі ў нармальнае, рацыянальнае рэчышча і перайшлі ад заклінаньняў да супрацоўніцтва.

Пазнаёміўся я зь Юшанковым значна раней. Я сачыў за яго дзейнасьцю, яшчэ калі сам быў дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР. У той час Юшанкоў быў дэпутатам Вярхоўнага Савету РСФСР і ўзначальваў там фракцыю, якая называлася “Радыкальныя дэмакраты”. Ён быў адзін зь нямногіх, якія не баяліся казаць такія рэчы, што астатнія ўзважвалі – трэба казаць ці не. Ён не баяўся казаць праўду.

Пасьля мы ўжо пазнаёміліся даволі блізка, калі ён быў у руху “Выбар Расеі”, пасьля ў партыі Дэмакратычны выбар Расеі, якую ўзначальваў Ягор Гайдар. Яны прымалі заявы аб тым, што падтрымліваюць дэакратычныя рэформы ў Беларусі, і ў тым ліку незалежнасьць Беларусі.

Я заўсёды ведаў, што Сяргей Юшанкоў – вельмі прынцыповы чалавек, і ён быў, напэўна, такім чалавекам, які не заўсёды прыходзіўся да той кампаніі, якую можна было б назваць палітычнай элітай Расеі. Ну а тое, што адбылося – гэта проста жудасная трагедыя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG