"Washington Times" піша, што Іраку трэба даць спрыяльны пэрыяд што да ягоных фінансавых абявязкаў, пакуль краіна будзе канцэнтравацца на аднаўленьні. Пытаньне ў тым, ці здолеюць англа-амэрыканскія сілы, якія зараз ажыцьцяўляюць адміністрацыйнае кіраваньне Іракам, праводізць мудрую палітыку і забясьпечыць рэсурсамі перапісваньне палітычнага ды эканамічнага разьвіцьця Іраку пасьля дзесяцігодзьдзяў няправільнага кіраваньня. На пачатковым этапе, піша газэта, Ірак ня можа абслугоўваць свае даўгі, выплочваць працэнты і адначасна фінансаваць аднаўленьне разбуранай гаспадаркі.
"Washington Times" адзначае, што, як і Югаславія, якая атрымала 5-гадовы мараторый на выплату сваіх даўгоў пасьля падзеньня рэжыму Мілошавіча, гэткую ж палёгку павінен атрымаць і Багдад. За гэты час новы Ірак здолее пашырыць вытворчасьць нафты і фінансаваць свае дэмакратычныя ператварэньні, пасьля чаго можна будзе аднавіць перамовы пра ірацкія даўгі.
У "Los Angeles Times" калюмністка Арыяна Гафінгтан сьцьвярджае, што хуткая ваенная параза рэжыму Садама Хусэйна толькі даказвае рацыю антываеннага руху. Асноўным тлумачэньнем неабходнасьці вайны ў Іраку быў тэзіс, што амэрыканскі народ знаходзіцца ў небясьпецы з-за магутнай ваеннай машыны Хусэйна. Аднак на самой справе выйшла, што Садам ня толькі быў ня ў стане разбурыць заходнюю цывілізацыю, а нават ня здолеў абараніць сваю ўласную сталіцу. Аўтар сьцьвярджае, што нябачныя нэгатыўныя наступствы вайны яшчэ толькі пачынаюць праяўляцца.
Ярданская газэта "Al-Rayah" дае сваё тлумачэньне амэрыканскім намерам у Багдадзе. Амэрыканцы самі заахвоцілі марадзёрства, ня толькі для таго, каб пакрыць раскраданьне каштоўнасьцяў уласнымі жаўнерамі, але і таму, што Амэрыка хоча прынізіць іракці народ. Яны хочуць зламаць дух іракцаў, сьцерці іхні нацыянальны характар і зьнішчыць іхняе пачуцьцё самапавагі. Нафта ёсьць першай амэрыканскай мэтай, бясьпека Ізраілю – другой. Гэтая мэта дасягаецца прызначэньнем кіраўніком часовай ірацкай адміністрацыі генэрала Джэя Гарнэра, сябра ізраільскага прэм’ера Шарона. Нянавісьць да ўсяго арабскага ёсьць часткай сутыкненьня цывілізацыяў, якое праводзіцца зараз групай неакансэрватараў, што кіруюць сёньня Амэрыкай, – сьцьвярджае ярданская газэта "Al-Rayah”.
Аўтар газэты "Al-Khalij”, што выдаецца ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, тлумачыць, чаму падзеньне Багдаду стала такім балючым шокам для арабаў. “У Іраку была створаная цывілізацыя. Гэта першае месца, дзе зьявілася пісьменства і закон. З капітуляцыяй Багдаду сымбалічныя каштоўнасьці, якія сьцярджаюць арабскую і ісьлямскую ідэнтычнасьць, таксама капітулявалі. Адчуваньне прыгнечанасьці і смутку тут больш маральнае, чым палітычнае. Куды ўсе падзеліся з Багдаду 9 красавіка? – запытвае аўтар эміранцкай газэты "Al-Khalij”. Палітычнае і ваеннае кіраўніцтва Іраку зьнікла, нібыта гэта быў дзень жартаў 1 красавіка. Безумоўна, канчатковае падзеньне Багдаду пад ударамі амэрыканскіх войскаў чакалася. Але што было нечаканым – гэта такая раптоўная капітуляцыя”, – піша газэта.