Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТУДЭНТЫ МЕНСКАГА МЭДУНІВЭРСЫТЭТУ ПРАТЭСТУЮЦЬ СУПРАЦЬ НЕСПРАВЯДЛІВАГА РАЗЬМЕРКАВАНЬНЯ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Студэнты выпускнога 6 курсу мэдунівэрсытэту сабралі дзясяткі подпісаў пад скаргай у пракуратуру Маскоўскага раёну Менску. Выпускнікі патрабуюць адмяніць незаконныя, на іх думку, рашэньні міністра аховы здароўя Людмілы Пастаялкі аб разьмеркаваньні. Гаворыць адзін з ініцыятараў скаргі ў пракуратуру, старшыня Асацыяцыі беларускіх мэдыкаў Зьміцер Яблонскі:

(Яблонскі: ) “Напрыклад, яна разьмяркоўвала сямейныя пары ў розныя месцы. Нават за 200 кілямэтраў адзін ад аднаго. Разьмяркоўвалі студэнтаў, шо прайшлі стажыроўку акушэрамі-гінэколягамі й хірургамі, тэрапэўтамі. Адукацыю, якую яны атрымалі, ня ўлічвалі. Ня ўлічвалі й сямейнае становішча, зь дзецьмі адпраўлялі ў сельскія лекарскія амбуляторыі. А студэнтаў, у якіх бацькі-інваліды, адпраўлялі далёка ад дому. Вось такое там адбывалася”.

Студэнты перакананыя, што міністар Пастаялка парушыла палажэньне Савету міністраў аб разьмеркаваньні, дзе пазначаныя тыя катэгорыі выпускнікоў, якія маюць права на льготы. Паводле Зьмітра Яблонскага, 75% сёлетніх выпускнікоў заявілі, што ня згодныя з вынікамі разьмеркаваньня. Студэнтаў у гэтай справе падтрымала адміністрацыя мэдунівэрсытэту. Выпускнікі гавораць, што такім чынам Людміла Пастаялка вырашыла запоўніць месцы ў сельскіх мэдычных амбуляторыях, у якіх фактычна няма ніякіх умоваў для працы, неабходнага абсталяваньня й лекаў.

Чыноўнікі Міністэрства аховы здароўя лічаць, што ніякіх парушэньняў закону падчас разьмеркаваньня выпускнікоў мэдунівэсытэту не было. Гаворыць начальніца аддзелу па працы з кадрамі Міністэрства аховы здароўя Сьвятлана Сакалова:

(Сакалова: ) “Куды іх накіравалі: у Чачэнію, у Ірак? Куды мы іх накіравалі? У межах Беларусі. Вучыліся за грошы дзяржавы, цяпер няхай працуюць. Мы сямейным ішлі насустрач. Яны афармлялі фіктыўныя шлюбы. Месяц то за салдатам замужам, то за афіцэрам. І хутчэй у Менск. Мы нічыіх сем’яў не разьбівалі. Міністар ішла насустрач каб захаваць сем’і, асабліва калі ў людзей ёсьць жытло. Мы гэта цудоўна разумеем. Таму, калі людзі скардзяцца, няхай называюць свае прозьвішчы. Разьмеркаваньне было цудоўнае, з улікам тых ільготаў, якія яны маюць”.

Аднак многія выпускнікі лічаць сябе пакрыўджанымі і зьбіраюцца адстойваць свае правы ў судзе. Студэнтаў падтрымаў праваабарончы цэнтар “Вясна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG