Тэрэза Лісоўская мае чатырох дзяцей. Старэйшаму сыну 16 гадоў, малодшаму — 4. Яна некалькі гадоў працавала ў арганізацыі “Зямля. Лёс. Дзеці”, а потым займала пасаду намесьніка старшыні абласной арганізацыі ў Асацыяцыі шматдзетных бацькоў. Дапамагала шматдзетным сем’ям у Менскай вобласьці.
(Лісоўская: ) “Калі трое, ці чацьвёра дзяцей вучацца ў школе, а яшчэ трэба пятаму даць вышэйшую адукацыю, то гэта не па кішэні ніводнай шматдзетнай сям’і. Зьнялі бесплатныя сьняданкі й далі іх толькі ў начальных клясах. Але старэйшыя дзеткі таксама хочуць есьці. Ім трэба ж даць грошы, каб яны набылі булачку і шклянку гарбаткі…”
Пасьля таго, як на пачатку сакавіка ў газэце “Народная воля” надрукавалі артыкул пра побыт шматдзетных сем’яў і пра тое, што Тэрэза Лісоўская падтрымлівае марш “За лепшае жыцьцё”, кіраўніца арганізацыі Тацяна Краўчанка папярэдзіла яе, каб тая не выносіла на старонкі газэты праблемы шматдзетных бацькоў. Нягледзячы на гэта, Тэрэза Лісоўская і яшчэ некалькі бацькоў разам са сваімі дзецьмі ўзялі ўдзел у апазыцыйнай акцыі. Гэта мела кепскія наступствы — Тэрэзу выключылі з арганізацыі.
(Лісоўская: ) “Старшыня асацыяцыі мне адказала, што з маімі палітычнымі поглядамі я не патрэбная ў арганізацыі. Я думаю, што яны мяне выключылі з арганізацыі, бо спалохаліся, што наша ўлада будзе незадаволеная тым, што ўзьнялі пытаньне шматдзетных бацькоў і, нават, разам зь дзецьмі выйшлі на вуліцу”.
Кіраўніца арганізацыі Тацяна Краўчанка так пракамэнтавала гэта Радыё Свабода:
(Краўчанка: ) “Калі яна йдзе і выступае асабіста ад свайго імя — на здароўе. Але, калі яна, прабачце, падстаўляе арганізацыю, якая не займаецца палітыкай… Гэта палітычная акцыя”.
Сям’я Тэрэзы Лісоўскай жыве ў аднапакаёвай кватэры і чакае ад выканкаму больш-менш годнага жытла. Цяпер Тэрэза засталася без заробку і бяз працы, дзе яна адчувала сябе запатрабаванай. Калі яна даведалася аб гэтым, то ёй зрабілася кепска. Дзеці нават выклікалі хуткую дапамогу. Лекары канстатавалі падвышаны ціск. Бацькі, зь якімі яна працавала, спачуваюць ёй і раяць зарэгістраваць новую арганізацыю. Але Тэрэза не спадзяецца, што ўлады зарэгіструюць арганізацыю ня зручных для іх бацькоў.