Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КГБ БЕЛАРУСІ АДЗНАЧАЕ 60-ГОДЗЬДЗЕ ЗЬЯЎЛЕНЬНЯ ЎПРАВЫ ВАЙСКОВАЙ КОНТАРВЫВЕДКІ СМЕРШ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Назва СМЕРШ зьявілася са скарачэньня двух расейскіх словаў “смерть шпионам”. Гэтая ўправа пры Народным камісарыяце абароны СССР была створаная ў 1943 годзе адмыслова для дзеяньняў на тэрыторыях, якія фашысты пакідалі пад ціскам Чырвонай арміі. Сьмершаўцы лавілі нямецкіх шпіёнаў і дывэрсантаў, дэзэртыраў і самастрэлаў сярод чырвонаармейцаў, але ня менш яны вызначыліся і падчас апэрацыяў, якія сёньня, у сьвятле чачэнскага досьведу, называюцца “зачысткамі”.

Увесь 1944 год, калі паступова вызвалялася тэрыторыя Беларусі, менавіта сьмершаўцы першымі адфільтроўвалі сярод насельніцтва тых, каго яны лічылі здраднікамі. Гэтак былі арыштаваныя і трапілі пад рэпрэсіі тысячы грамадзянаў, у тым ліку сапраўдныя патрыёты Беларусі.

Надзея Дземідовіч у 1944 годзе вучылася ў Слонімскай гімназіі і была шараговай сяброўкай Саюзу беларускай моладзі. Яна кажа, што ўступіла ў СБМ сьвядома, бо лічыла сябе ня полькай, не расейкай, а менавіта беларускай і хацела дапамагчы Радзіме. Надзея Дземідовіч добра памятае, што пачалося на Слонімшчыне пасьля вяртаньня саветаў і прыходу сьмершаўцаў.

(Дземідовіч: ) “У той час забіралі ўсіх солтысаў, усіх, хто быў у мясцовай адміністрацыі. Аднаго чалавека зь вёскі Масілавічы — здаецца, Масюк ягонае прозьвішча, таксама забралі. Ён не хацеў быць тым старастам, але яго абралі, бо быў пісьменны. І вось калі прыйшлі бальшавікі, іх першых пахапалі. Пабралі, а жонкі, што засталіся, ужо носяць гэтыя падаянкі ў астрог. І я жонку гэтага солтыса асабіста ведала. І вось адзін з ахоўнікаў кажа ёй: “Слухайце, чаго вы тут стаіце перад турмою, носіце яму перадачы? А вы ж ведаеце, што яго даўно ўжо няма, ён на Петраліжэцкіх могілках, дзе жыдоў хавалі...”

Як сьмершаўцы выбівалі паказаньні з арыштантаў, Надзея Дземідовіч ведае асабіста. Яна не жадае нікому гэтага пабачыць нават у сьне і ня хоча кранаць былога ва ўспамінах. Але абавязак перад сябрамі маладосьці, якія зьніклі ў пасьляваеннай завірусе, прымушае яе зноў і зноў называць іх імёны.

(Дземідовіч: ) “13 сьнежня ў Слоніме былі першыя арышты сяброў СБМ. Тады ўзялі з прагімназіі Ніну Ткарач, потым з настаўніцкай сэмінарыі Гаркаву Клаву, потым Красевіч Гэлю... Тых, другіх пабралі. Проста пабралі і ўсё, каб яны далей не жылі, не вучыліся, хаця яны ніякай віны ня мелі. Потым каго выкупілі ці як, але большасьць пагналі, як кажуць у нас, на белыя мядзьведзі”.

Саму Надзею Дземідовіч арыштавалі празь некалькі гадоў, падчас якіх яна хавалася ў сваякоў і знаёмых. Сьледчы, які вёў справу, аднойчы сказаў, што арыштавалі за тое, што добра вучылася ў гімназіі пры немцах, бо потым атрымала б вышэйшую адукацыю і “яшчэ невядома што ўтварыла б”.

Толькі пасьля сьмерці Сталіна Надзея Дземідовіч вярнулася зь лягеру на Радзіму. Як і ўсе сябры моладзевых беларускіх арганізацыяў і гурткоў, яна дагэтуль не рэабілітаваная. Жыве адна на маленькую пэнсію. Кажа, што яшчэ кантактуе з ахвярамі сталінскіх рэпрэсіяў, але засталіся іх адзінкі.

У вайсковай контарвыведцы КГБ, дзе сёньня віншуюць вэтэранаў СМЕРШУ з угодкамі, мне паведамілі, што ў Менску цяпер жывуць тры сьмершаўцы. Але даць іх тэлефоны адмовіліся. Было сказана, што гэта вельмі закрытыя людзі, якія нават супрацоўнікам КГБ ня скажуць, за што атрымалі свае ўзнагароды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG