Адказваючы на пытаньне дэпутата Міхаіла Сасонкі наконт праекту закону “Аб Нацыянальным сходзе”, Аляксандар Лукашэнка заявіў: “Зноў узбуджаецца праблема справаводзтва на дзьвюх мовах. Ці варта мне кранаць гэтыя пытаньні? Ведаеце, мужыкі, рабіце як хочаце. Толькі я вас прашу: не спэкулюйце на балючым”.
Гэтую тыраду Аляксандар Лукашэнка скончыў на дзьвюх мовах: “Надо вам обязательно на двух языках? Ну не знает кто-то русского языка, тогда няхай будзе на беларускай мове. Но давайте откровенно: на беларускай мове внесем, а завтра вы же будете сидеть и переводить на русский язык некоторые термины. Какая уж тут работа?”
Гэтае незадавальненьне спадара Лукашэнкі выклікала прапанова ўносіць у Палату прадстаўнікоў законапраекты адразу на дзьвюх мовах — беларускай і расейскай. З гэтай нагоды Аляксандар Лукашэнка заявіў: “Прашу вас, будзьце зямнымі людзьмі. Паверце, грошы выкінем, а нічога вы на гэтым не атрымаеце — ні для “сьвядомасьці беларускага народа”, ні для здаровага сэнсу”.
Нагадаю, што ў 1995 годзе менавіта спадар Лукашэнка прапанаваў на рэфэрэндум гэткае пытаньне: “Ці згодныя Вы з наданьнем расейскай мове роўнага статусу зь беларускай?” Паводле афіцыйных зьвестак, на гэтае пытаньне адказалі “так” больш за 4 мільёны грамадзян Беларусі, альбо 83% тых, хто браў удзел у рэфэрэндуме.
Цяпер у Беларусі атрымалася оруэлаўская сытуацыя: дзьве мовы роўныя, але расейская раўнейшая.