Два дні ў Менску кіраўнікі консульскіх управаў беларускага і польскага МЗС абмяркоўвалі ўмовы будучага парадку ўзаемных паездак грамадзян Польшчы і Беларусі. Хаця да ўвядзеньня візавага рэжыму засталося два з паловай месяца, адпаведнае міжурадавае пагадненьне Менск і Варшава яшчэ не падпісалі. Аднак прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных сказаў на брыфінгу:
(Савіных: ) “На гэтых кансультацыях мы сур’ёзна прасунуліся наперад. Шмат якія пытаньні на тэхнічным узроўні ўзгодненыя. Патрэбны яшчэ пэўны час для таго, каб канчаткова ўзгадніць гэтыя пытаньні — як нацыянальнага, гэтак і двухбаковага ўзроўню. Што да кошту візаў, мне не хацелася б называць зараз сумы, але ў любым выпадку магу сказаць, што гэта будзе ніжэй за 10 эўра за аднаразовую візу. Калі перамовы пройдуць канструктыўна, мажліва, што сума апусьціцца да 5–6 эўра”.
Паводле спадара Савіных, мяркуецца, што льготныя візы будуць выдаваць дзецям і пэнсіянэрам, інвалідам, удзельнікам культурных і спартовых мерапрыемстваў. Беларускі бок выказаў зацікаўленасьць у тым, каб жыхары памежных рэгіёнаў Польшчы й Беларусі таксама атрымлівалі візы ў ільготным парадку.
Таксама прэсавы сакратар МЗС паведаміў, што “консульскія службы выказваюць гатовасьць разгледзець магчымасьць афармленьня візаў без запрашэньняў”. Паводле іншых крыніцаў, ня будзе патрэбная транзытная польская віза для тых беларускіх грамадзян, якія маюць візу дзяржаваў шэнгенскае прасторы, Чэхіі, Славаччыны, Вугоршчыны, а таксама Вялікабрытаніі ды Ірляндыі.
Хаця афіцыйных зьвестак пра колькасьць узаемных паездак грамадзян Беларусі й Польшчы няма, намесьнік міністра замежных справаў Аляксандар Герасіменка падае гэткія лічбы: штогод каля 800 тысяч паездак палякаў у Беларусь і прыблізна 4 мільёны паездак грамадзян Беларусі ў Польшчу.
Наколькі скароціцца гэты паток пасьля ўсталяваньня візавага рэжыму ды колькі візаў змогуць выдаваць за дзень польскія консульскія ўстановы ў Беларусі? Вось як адказаў на гэтыя пытаньні Анджэй Бучак, дарадца польскай амбасады ікіраўнік яе консульскага аддзелу:
(Бучак: ) “Цяпер гэта вельмі цяжка нам сказаць, але думаю, што будзе толькі тут, у Менску, каля 120–130 візаў. Гэтага дакладна яшчэ ніхто цяпер ня ведае”.
Спадар Бучак мяркуе, што ўсяго польскія консульскія ўстановы ў Менску, Берасьці й Горадні будуць выдаваць за дзень прыблізна 400 візаў. Пра стаўкі консульскіх збораў Анджэй Бучак казаць адмовіўся да падпісаньня міжурадавага пагадненьня, якое, на ягоную думку, будзе падпісанае не раней за сярэдзіну траўня. Але ён распавёў, што, рыхтуючыся да павелічэньня аб’ёмаў працы, консульскі аддзел у Менску, які займаў адзін паверх у будынку на вуліцы Крапоткіна, арандаваў там жа яшчэ паўтара паверха.
(Бучак: ) “Цяпер робім там рамонт — у гэтых памяшканьнях. Два з паловай паверха будзе”.
Тым часам у Маскве пачаліся беларуска-расейскія консульскія кансультацыі. Галоўным пунктам іх парадку дня МЗС Беларусі называе перамовы наконт праекту міжурадавага пагадненьня аб перадачы і прыёме асобаў (рэадмісіі). Гэта таксама зьвязана з усталяваньнем Польшчай візавага рэжыму ўезду. Тыя нелегальныя мігранты, якіх затрымліваюць на беларуска-польскай мяжы, звычайна прыяжджаюць з расейскай тэрыторыі.
Калі Польшча будзе ажыцьцяўляць іх вяртаньне (рэадмісію) у Беларусь, дык Беларусі трэба вяртаць мігрантаў туды, адкуль яны прыехалі, то бок у Расею. Цяпер гэта амаль бэссэнсоўна, бо на беларуска-расейскай мяжы няма пашпартнага кантролю. Дэпартаваныя за беларускія бюджэтныя сродкі зь Беларусі ў Смаленск мігранты часта нават празь дзень зноў едуць на беларускую тэрыторыю. Вырашэньне гэтай праблемы якраз абмяркоўваецца ў Маскве.