Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГУЛЬНАЭЎРАПЕЙСКІ КАМІТЭТ САЛІДАРНАСЬЦІ З ДЭМАКРАТЫЧНАЙ БЕЛАРУСЬСЮ ПАЧНЕ ПРАЦУ СЁЛЕТА

Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава

Паводле старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Міколы Статкевіча, неабходнасьць стварэньня Агульнаэўрапейскага камітэту салідарнасьці з дэмакратычнай Беларусьсю выкліканая перадусім будучым пашырэньнем Эўрапейскага Зьвязу.

(Статкевіч: ) “Эўразьвяз пашыраецца і хутка будзе межаваць зь Беларусьсю – краінай, якая ёсьць галаўным болем усёй Эўропы. Цяпер абмінаць праблему Беларусі ўжо будзе немагчыма. Эўразьвяз заяўляў аб сваім намеры кантактаваць зь беларускім грамадзтвам на розных узроўнях. Мяркую, што такі Камітэт мог бы быць у пэўным сэнсе пасярэднікам у такіх кантактах”.

Паводле лідэра Народнай Грамады, істотную ролю ў стварэньні Агульнаэўрапейскага камітэту салідарнасьці з дэмакратычнай Беларусьсю адыграюць нямецкія сацыял-дэмакраты, бо ў межах Нямеччыны ўжо некалькі гадоў дзейнічае падобны камітэт.

Каардынатар у міжнародных справах гэтай арганізацыі, вядомы сацыял-дэмакратычны палітык зь Нямеччыны Габрыэла Кётшаў тлумачыць неабходнасьць пашырэньня дзейнасьці камітэту на ўсю дэмакратычную Эўропу тым, што ў новым Эўразьвязе ёсьць розныя погляды на тое, як зьмяніць сытуацыю ў Беларусі, і гэтымі поглядамі трэба абменьвацца. Такім чынам, паводле спадарыні Кётшаў, Эўропа будзе здольная паўплываць на тое, што адбываецца ў Беларусі.

Цяжка, аднак, не заўважыць, што найбольш моцна сваіх беларускіх аднадумцаў традыцыйна падтрымліваюць менавіта нямецкія сацыял-дэмакраты. Чаму?

(Кётшаў: ) “Ва Ўсходняй Эўропе сацыял-дэмакраты зусім іншыя, чым у Эўропе Заходняй. У Вашай частцы кантынэнту іх дзейнасьць доўга была забароненая, і таму мы можа маем больш досьведу. Але Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя Народная Грамада працуе ўжо так, як трэба, гэта робім мы. Яе сябры на справе паказваюць, што іх непакоіць лёс краіны, і яны шукаюць спосабаў паляпшэньня цяперашняй сытуацыі. Яшчэ мы падтрымліваем гэтую партыю і таму, што яна прынцыпова выступае за далучэньне да Эўрапейскага Зьвязу”.

Цяпер нямецкія сацыял-дэмакраты займаюцца распрацоўкай прынцыпаў і галоўных мэтаў дзейнасьці Агульнаэўрапейскага камітэту салідарнасьці з дэмакратычнай Беларусьсю. Плянуецца, што афіцыйны пачатак працы гэтай арганізацыі будзе прымеркаваны да сёлетняга сьвяткаваньня 100-гадовага юбілею пачатку дзейнасьці беларускай сацыял-дэмакратыі.
XS
SM
MD
LG