Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЕТЫПОВАЯ ПНЭЎМАНІЯ: У “ГРУПЕ РЫЗЫКІ” ПАЎТЫСЯЧЫ БЕЛАРУСАЎ


Ігар Карней, Менск

У дадзеным выпадку рознасьць меркаваньняў тлумачыцца проста: чым далей ад эпіцэнтру хваробы, тым цяжэй яна ўспрымаецца ў сваіх сапраўдных маштабах. Абсалютная бальшыня з 3,5 тысяч інфікаваных прыходзіцца на Кітай. І таму лёгіка відавочная — дзе той Кітай, а дзе мы. Тым ня меней, адзінкавыя выпадкі сьмяротных зыходаў зафіксаваныя ўжо ў двух дзясятках краінаў, і спадзявацца, што паводле нейкай вышэйшай літасьці ў нас “пранясе”, ня варта. Гэта думка шэрагу адмыслоўцаў Міністэрства аховы здароўя Беларусі, якія, зрэшты, выказваюць яе кулюарна, паколькі адназначнай пазыцыі кіраўніцтва міністэрства з гэтай нагоды няма.

Але ці ёсьць рэальныя падставы непакоіцца? Якімі аргумэнтамі кіруюцца тыя, хто агітуе за больш жорсткі кантроль у месцах, дзе патэнцыйна можна чакаць магчымых носьбітаў вірусу?

Пры тым, што дзелавая актыўнасьць беларускіх бізнэсоўцаў абмяжоўваецца суседняй Расеяй, а бальшыня сярэднестатыстычных грамадзянаў у найлепшым выпадку адпачывае ў Турэччыне, дзясяткі, дый нават і сотні беларусаў цягам году наведваюць менавіта паўднёва-ўсходні рэгіён Азіі. Вось адзін прыклад. Паводле тайваньскага гандлёва-эканамічнага прадстаўніцтва “Тайбэй”, місія якога акрэдытаваная ў Менску, летась было выдадзена каля 400 візаў беларускім грамадзянам (амаль 90% жанчыны), якія ад’ехалі на гэтую выспу. Калі, дарэчы, казаць пра сацыяльны склад, то гэта пераважна маладыя дзяўчаты, якія едуць зарабіць грошы танцамі ў начных клюбах ды, магчыма, жывуць яны там ня толькі з танцаў.

Нягледзячы на тое, што Тайвань дастаткова аддалены ад мацерыковага Кітаю ня толькі тэрытарыяльна, але і палітычна, а выпадкаў нетыповай пнэўманіі там пакуль не зафіксавана, нельга забывацца пра тое, што прырода эпідэміі да канца ня высьветленая (хоць раз-пораз пра панацэю ў розных кутках сьвету і абвяшчаюць), а 23-мільённы Тайвань, як ні круці, пакуль толькі выключэньне з правілаў у гэтым рэгіёне.

Другі момант — Тайвань, адрозна нават ад Беларусі, не зьяўляецца сябром Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя. Іншымі словамі, справаздачаў наконт ня тое што носьбітаў вірусу, але нават падазрэньняў на сымптомы ў штаб-кватэру гэтай арганізацыі ў Жэнэве не паступае. Дарэчы, ужо ў траўні заплянаваны ўсясьветны кангрэс мэдыкаў, дзе зьбяруцца прадстаўнікі 190 краінаў (і Беларусі), кангрэс будзе прысьвечаны аднаму пытаньню: як змагацца з навалай, імя якой — нетыповая пнэўманія.

Але ёсьць і іншыя месцы, куды беларусы нейкім чынам трапляюць, і якія знаходзяцца літаральна ў эпіцэнтры вірусу. Гэта па-першае. А, па-другое, днямі зьявілася інфармацыя, што з падазрэньнем на падобныя сымптомы ў Менску затрыманы адзін зь нелегальных мігрантаў.

Я, прынамсі, сам ведаю аб дзясятках беларускіх спартоўцаў, якія ўдзельнічаюць у рознага кшталту шоў у аквапарках Ганконгу і Сынгапуру. Летась запісваў інтэрвію з адным з скакуноў з трампліну, які распавёў, што бальшыня тых, хто цяпер забаўляе наведнікаў у гэтых краінах, скачучы з 25-мэтровых вышак, — гэта беларусы ды ўкраінцы. Усе яны раней ці пазьней вяртаюцца дадому, і, натуральна, таго не жадаючы, трапляюць у “групу рызыкі”. Мяркую, засталіся яшчэ чаўнакі, якія авіярэйсамі праз Маскву робяць шоп-туры ў Кітай. І, нарэшце, паступова зьбірае вакол сябе прыхільнікаў Тайлянд — сярод усясьветнай экзотыкі гэта найбольш даступнае што да коштаў месца адпачынку.

А што да адпаведных сымптомаў у нелегальнага мігранта — зьвесткі паступаюць ня вельмі дакладныя, але, па-першае, усіх мігрантаў у Беларусі адсочваюць вельмі пільна, а калі чалавек яшчэ азіяцкай зьнешнасьці, то падазрэньні выклікае падвойныя. У дадзеным выпадку гаворка ідзе, хутчэй за ўсё, аб адным зь віетнамцаў, які “штурмаваў” беларуска-літоўскую мяжу. Калі затрымалі — занепаколіся, бо ў таго была высокая тэмпэратура. Хворага адразу даставілі ў шпіталь. Але, на шчасьце падазрэньні на нетыповую пнэўманію ня спраўдзіліся, а ў нелегала аказалася звычайнае вострае рэсьпіраторнае захворваньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG