Намесьнік памочніка дзяржсакратара зноў адзначыў, што цяперашнія дачыненьні Беларусі й ЗША складаныя, а Злучаныя Штаты па-ранейшаму незадаволеныя такім становішчам. Больш за год таму ЗША прапанавалі Менску пакрокавую стратэгію для паляпшэньня двухбаковых стасункаў, але так і ня ўбачылі з боку ўраду Аляксандра Лукашэнкі нейкай гатовасьці адказаць на прапанову.
Нягледзячы на нядаўняе рашэньне скасаваць візавыя санкцыі супраць спадара Лукашэнкі ды яшчэ 7 ягоных чыноўнікаў, "як у ЗША, гэтак і ў Эўропе застаецца глыбокая заклапочанасьць становішчам з дэмакратычнымі зьменамі ў Беларусі", – заявіў Стывэн Пайфэр і дадаў:
(Пайфэр: ) “Мы мяркуем, што ў Беларусі адбываецца пагаршэньне дэмакратыі, пагаршэньне становішча зь вяршэнствам закону. Мы чакаем, што гэтая заклапочанасьць будзе адлюстраваная ў рэзалюцыі, якая, на маю думку, будзе прынятая сёньня пазьней у Жэнэве камітэтам ААН па правах чалавека”.
Адказваючы на пытаньне пра пэрспэктывы прыняцьця Кангрэсам ЗША Акту аб дэмакратыі ў Беларусі, Стывэн Пайфэр сказаў:
(Пайфэр: ) “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі мае вялікую падтрымку ў Кангрэсе, якая адлюстроўвае вельмі глыбокую занепакоенасьць тым, што Беларусь праз свой выбар, праз унутраную палітычную сытуацыю ізалявала сябе ад Эўропы. Таму мае чаканьні гэткія: напэўна, Акт мае вельмі добры шанец прайсьці”.
Летась у Менску спадар Пайфэр выказаў заклапочанасьць тым, што ў Беларусі маглі навучаць ірацкіх вайскоўцаў карыстаньню супрацьракетнымі комплексамі С-300. Таму я спытаўся, ці знайшла амэрыканская армія ў Іраку пацьверджаньні гэтаму альбо зброю беларускага паходжаньня. Вось як адказаў намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША:
(Пайфэр: ) “Найперш, вы мусіце зразумець прыярытэты амэрыканскіх і кааліцыйных вайсковых сілаў у Іраку. Першым прыярытэтам было, вядома, перамагчы ірацкія фармаваньні – як вайсковыя, гэтак і нерэгулярныя, – якія вырашылі супраціўляцца. На шчасьце, зараз падаецца, што гэтая фаза пачынае набліжацца да канца.
Потым наступная фаза для амэрыканскіх і кааліцыйных вайскоўцаў будзе ўсё больш канцэнтравацца на забясьпечаньні стабільных умоваў у межах Іраку – скончыць марадзёрства, стварыць умовы, у якіх гуманітарная дапамога й пастаўкі могуць ісьці ў тыя рэгёны, дзе яны патрэбныя. І гэта – цяперашні прыярытэт, але я думаю, як толькі сытуацыя будзе стабілізаваная, будуць магчымасьці паглядзець на іншыя пытаньні. Адным зь іх будзе больш накіраваны пошук зброі масавага зьнішчэньня. Але я думаю, што іншым прыярэтам будзе зразумець, якія сыстэмы зброі Ірак змог набыць цягам апошніх 12 гадоў, калі ён знаходзіўся пад эмбарга, усталяваным Радай Бясьпекі ААН. Калі мы знойдзем гэтую зброю, мы можам пачаць задаваць некаторым краінам некаторыя вострыя пытаньні”.
Я папрасіў спадара Пайфэра пракамэнтаваць шмат разоў працытаваныя Аляксандрам Лукашэнкам заявы пра тое, што ён, Лукашэнка, можа стаць наступным пасьля Садама. Намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША адказаў:
(Пайфэр: ) “Пытаньне "хто наступны" ўтрымлівае прыпушчэньне, што ёсьць нейкі сьпіс. Як я казаў і як казаў дзяржаўны сакратар Паўэл, няма сьпісу. Ірак быў унікальнай сытуацыяй”.