Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА РЫХТУЕ “ЗБРОЮ СТРЫМЛІВАНЬНЯ АГРЭСАРА”

Валер Каліноўскі, Менск

Сваю прамову Аляксандар Лукашэнка пачаў з вайны ў Іраку, якую ён назваў “узброеным уварваньнем ЗША і Вялікабрытаніі”, асудзіў іх і зазначыў, што яны ня здолелі знайсьці доказаў існаваньня зброі масавага зьнішчэньня ў Іраку. Аднак гэтым разам, гаворачы пра Ірак, спадар Лукашэнка быў больш стрыманы, чым на пачатку вайны. З ірацкіх падзеяў ён зрабіў выснову:

(Лукашэнка: ) “Ствараецца небясьпечны прэцэдэнт. З гэтага часу жаданьне памяняць няўгоднае кіраўніцтва іншай дзяржавы можа быць дастатковай падставай для ўзброенага нападу на яе. Сусьветная супольнасьць павінна процістаяць гэтай пагібельнай тэндэнцыі”.

Нягледзячы на тое, што такі парадак, калі ў сьвеце існуе адзіная звышдзяржава, не падабаецца афіцыйнаму Менску, А.Лукашэнка вымушаны быў прызнаць:

(Лукашэнка: ) “ЗША на сёньняшні дзень зьяўляюцца самай магутнай і ўплывовай краінай у сьвеце. З гэтым цяжка спрачацца. З Амэрыкай патрэбна і можна наладжваць адносіны, канструктыўна вырашаць праблемы, якія маюцца. Мы пра гэта казалі неаднаразова, і ў апошнія дні для гэтага зьявілася больш падставаў”.

Праект “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі”, які разглядаецца цяпер у Кангрэсе ЗША, выклікаў абурэньне А.Лукашэнкі — на ягоную думку, ён прадугледжвае “прымусовую дэмакратызацыю Беларусі”. Спрабуючы супакоіць грамадзкую думку, што Беларусь можа быць наступнай у “восі зла”, Аляксандар Лукашэнка паўтарыў тэзу пра тое, што беларускае войска самае баяздольнае на постсавецкай прасторы:

(Лукашэнка: ) “Насьмелюся заявіць, што мы сёньня маем асобныя віды ўзбраеньня, якія можна назваць зброяй стрымліваньня агрэсара і ягоных памагатых. Гэта звычайная зброя, але яна здольная нанесьці значныя страты на значнай адлегласьці ад тэрыторыі нашай дзяржавы”.

Блізкія да адміністрацыі А.Лукашэнкі асобы пазьней патлумачылі, што ён мае на ўвазе высодакладную тактычную зброю, розныя ракетныя комплексы. Паводле А.Лукашэнкі, прычына ціску Захаду на Беларусь — ейныя саюзныя дачыненьні з Расеяй. А.Лукашэнка паведаміў пра намер правесьці рэфэрэндум па Канстытуцыйным акце саюзнай дзяржавы, нягледзячы на тое, што ў Расеі не гатовыя мяняць сваю Канстытуцыю. “Гэта памылковае меркаваньне кіраўніцтва Расеі”, — зазначыў А.Лукашэнка, таксама як і ў пытаньні адзінага эмісійнага цэнтру, Беларусь будзе адстойваць тут роўны статус Цэнтральнага банку Расеі і Нацбанку Беларусі.

(Лукашэнка: ) “Кіраўніцтва Беларусі лічыць дыскусію аб уваходжаньні нашай краіны ў склад Расеі вычарпанай. Сувэрэнітэт, дзяржаўная самастойнасьць Беларусі, як і Расеі, застануцца непахіснымі, гэта не прадмет перамоваў. Шлях паглынаньня большай дзяржавай меншай — гістарычны анахранізм, да якога няма сэнсу вяртацца”.

А.Лукашэнка таксама заявіў, што адзіная з Расеяй валюта будзе не пачаткам, а завяршэньнем эканамічнай інтэграцыі, і пры гэтым Расея не павінна навязваць Беларусі сваё эканамічнае ўладкаваньне — павінна спрацаваць формула: “адзін саюз — дзьве сыстэмы”, паводле прыкладу сусінаваньня Кітаю і Ганконгу.

Але разам з гэтым А.Лукашэнка сказаў, што ён гатовы прапанаваць і “радыкальны варыянт” інтэграцыі з Расеяй, праўда, які канкрэтна, — ён скажа пакуль толькі асабіста У.Пуціну падчас іх наступнай сустрэчы.

Звычайную крытыку апазыцыі сёньня А.Лукашэнка зьмяніў на пагрозы на адрас дэпутацкай групы “Рэспубліка”, асабліва генэрала Фралова і алімпійскага чэмпіёна Парфяновіча, якіх ён абвінаваціў у здрадзе.
XS
SM
MD
LG