Лінкі ўнівэрсальнага доступу

САНКТ-ПЕЦЯРБУРГ ВЯРТАЕ ГАМЕЛЬЧУКАМ МЯСА, ЗАБРУДЖАНАЕ СТРОНЦЫЕМ


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Санкт-Пецярбург на гэтым тыдні паведаміў гомельскаму аб’яднаньню грамадзкага харчаваньня, каб яно забрала назад 5 тонаў мяса, забруджанага радыяцыяй. Мяса на стронцый папярэдне правяралі гомельскія спэцыялісты. Чаму ў выніку яно не адпавядала стандартам і ў якіх гаспадарках было прыдбанае, пакуль невядома.

У Санкт-Пецярбургу цяпер наагул цяжка прадаць няякаснае мяса. Распавядае спэцыяліст аддзелу зьнешнеэканамічных сувязяў аблаграпраму Інэса Кавалёва:

(Кавалёва: ) “Санкт-Пецярбург правярае на стронцый. Там наагул ялавічыну праблематычна прадаць. Мне скардзіліся з грамадзкага харчаваньня, што ім вярнулі 5 тонаў мяса, забруджанага стронцыем. У Маскве крыху прасьцей. Па-мойму, масквічы пакуль на стронцый не правяраюць”.

На пачатку красавіка ва ўправу харчовых рэсурсаў аблвыканкаму зьвярталіся некаторыя фірмы з Санкт-Пецярбургу і Масквы з намерам купіць буйныя партыі ялавічыны. Гэта хутчэй за ўсё зьвязана было з заявамі расейскага боку набыць у Беларусі сама меней 14 тысяч тон мяса. Праўда, гэтым разам расейцы выставілі пэўныя патрабаваньні і да вагі паўтушаў, і да радыяцыйнай чысьціні.

Начальніца аддзелу мясной і малочнай прамысловасьці ўправы харчовых рэсурсаў Надзея Кабаева паведаміла, што пасьля перамоваў ніякіх практычных захадаў, прынамсі, Санкт-Пецярбург, не зрабіў.

Яшчэ адна прычына згортваньня продажу мяса ў Расею — кошты на яго. Расейцы прапануюць за кіляграм беларускай ялавічыны ў сярэднім 1 даляр 30 цэнтаў. Аднак такія кошты не задавальняюць вытворцаў і перапрацоўшчыкаў, паколькі сабекошт мяса вышэйшы за згаданыя цэны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG