Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АРЫШТАВАНЫ БЫЛЫ ГЕНЭРАЛЬНЫ ДЫРЭКТАР “БЕЛПРАМБУДБАНКУ” МІКАЛАЙ РАКАЎ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Мікалай Ракаў стаў чарговай ахвярай буйнамаштабнай кампаніі барацьбы з карупцыяй у банкаўскай эліце краіны. Яшчэ два гады таму ён узначальваў “Белпрамбудбанк” і лічыўся адным з самых уплывовых банкіраў у Беларусі. А цяпер, паводле сьледзтва, ён махляр і злодзей, які спрычыніўся да зьнікненьня паўмільёну даляраў крэдытных сродкаў і нанес страты банку яшчэ амаль на 5 мільёнаў даляраў.

Да справы Ракава мае дачыненьне таксама вядомы прадпрымальнік Сяргей Масьлякоў, былы дырэктар фірмы “Алмазот”, якой і прызначаўся крэдыт. Гэтыя грошы меркавалася патраціць на будаўніцтва фабрыкі вырошчваньня штучных алмазаў, але сумеснымі намаганьнямі Ракава, Масьлякова і яшчэ некалькіх асобаў, якія зь Беларусі ўжо ўцяклі, паўмільёну нібыта скралі. Справа, якая сярод журналістаў ужо атрымала назву “алмазнай”, расьсьледуецца ўжо два гады і яшчэ будзе весьціся прынамсі да ліпеня, паведаміў Радыё Свабода намесьнік кіраўніка старшыні сьледчага камітэту Аляксандар Ігнатовіч. І дадаў, што “арышт экс-банкіра Ракава, які адбыўся яшчэ месяц таму, не афішаваўся, але віна арыштаванага відавочная”.

Між тым, некаторым назіральнікам пэўныя прэтэнзіі да Мікалая Ракава падаюцца сумнеўнымі. Яны зьвяртаюць увагу на тое, што сьледчыя не знайшлі скрадзеных грошай, а вылічылі іх паводле асабістых уяўленьняў аб коштах на будаўніцтва фабрыкі штучных алмазаў. Не выключаецца таксама, што гэта не памылка, а мэтанакіраваная фабрыкацыя справы ў рэчышчы “барацьбы за вяртаньне крэдытаў”. Паводле зьвестак, Мікалай Ракаў сябе вінаватым не прызнае.

Увогуле ў банкаўскім асяродку ў яго рэпутацыя добрага прафэсіянала і сумленнага чалавека. Экс-старшыня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч дадаў да гэтых рысаў словы “сапраўдны савецкі банкір” і ўзгадаў падзеі сярэдзіны 1990-х гадоў.

(Багданкевіч: ) “Памятаю, гаворка зь ім была: не давай ты крэдыты на першы загад улады. А ён быў у гэтым сэнсе вельмі паслухмяны. Загадаюць з таго ж аблвыканкаму даць крэдыт на нейкую будоўлю, і ён адразу дае, нават не абумовіўшы вяртаньня грошай з абласнога бюджэту, калі не аддадуць будаўнікі. А я прывучаў іх забясьпечваць гарантыю, а не даваць рэсурсы толькі за прыгожыя вочы”.

Што да гісторыі зь невяртаньнем часткі крэдыту для прадпрыемства “Алмазот”, Станіслаў Багданкевіч не асабліва давярае высновам сьледчых у банкаўскіх справах. “Крэдытная справа — вельмі рызыкоўная, тут могуць быць і памылкі, і махлярствы, але сьледчыя часта схільныя лічыць усё махлярствам. Тым больш, калі яны атрымаюць адпаведны загад. Я давяраў бы высновам сьледчых, але іх немагчыма лічыць незалежнымі”, — мяркуе Станіслаў Багданкевіч.

Нагадаем, Мікалай Ракаў — не адзіны вядомы банкір, якіх перасьледавалі праваахоўчыя органы. Быў асуджаны і адседзеў амаль паўтара году былы кіраўнік “Беларусбанку” Ўладзімер Хілько. Восем месяцаў у сьледчым ізалятары прабыў экс-старшыня “Белаграпрамбанку” Міхаіл Чыгір. Былая старшыня Нацыянальнага банку Тамара Віньнікава прабыла ў няволі амаль год — ёй удалося зьехаць зь Беларусі, яна атрымала прытулак у Вялікабрытаніі. Летась быў арыштаваны былы кіраўнік “Менсккомплексбанку” Яўген Краўцоў. Ягоная справа, як і справа Мікалая Ракава, яшчэ расьсьледуецца.
XS
SM
MD
LG