Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГОМЕЛЬСКІХ ЛЁТЧЫКАЎ ТРЫМАЮЦЬ У АДНЫМ З ГАТЭЛЯЎ ЛЯГОСУ ФАКТЫЧНА ПАД ХАТНІМ АРЫШТАМ

Ігар Карней, Менск

Сёньня кіраўніцтва Дзяржаўнага камітэту авіяцыі сабралася з гэтай нагоды на тэрміновую нараду. Па тлумачэньні ў Менск былі выкліканыя і кіраўнікі Гомельскага авіяатраду. Але ніякіх канкрэтных рашэньняў не прынята, паколькі беларускага дыпляматычнага прадстаўніцтва ў Нігерыі няма, і ўсе стасункі з тамтэйшымі службамі неабходна папярэдне ўзгадняць з расейскім кансулятам у Лягосе, якое, у сваю чаргу, абараняе інтарэсы беларускіх пілётаў перад уладамі Нігерыі.

Кіраўнік консульскага аддзелу расейскай амбасады ў Лягосе Аляксандар Кулікоў распавёў некаторыя падрабязнасьці скандалу. Найперш я пацікавіўся: чаму ўсё ж міграцыйная служба Нігерыі забараніла сваім жа суайчыньнікаў адляцець у Беларусь?

(Кулікоў: ) “Пытаньні былі пераважна да мэты паездкі. У суправаджальных дакумэнтах была заяўленая экскурсія, але калі міграцыйная служба пачала апытваць турыстаў, дык адзін пачаў казаць, што едзе вучыцца , другі — працаваць. З прычыны гэтых несупадзеньняў усё і пайшло раскручвацца. Зрэшты, візы афармляліся таксама цікава. Было запрашэньне ад турыстычна-экскурсійнага ўнітарнага прадпрыемства “Гомельтурыст”, якое пачынала дзейнічаць ад 24 сакавіка. Але кім выдаваліся візы і запрашэньні — альбо нігерыйскім бокам, альбо кімсьці яшчэ — мы пакуль так і не зразумелі”.

Два экіпажы, якія сталіся закладнікамі папяровых несупадзеньняў, застаюцца фактычна пад хатнім арыштам у мясцовым гатэлі. Спадар Кулікоў разам з калегамі працягваюць перамовы з гаспадаром гатэлю, фрахтаўцом і міграцыйнай службай. Прыкладам, гаспадар гатэлю патрабуе ад фрахтаўца гарантыяў аплаты за нумары, якія займаюць пілёты ды бортправадніцы.

Інфармаваныя крыніцы тым часам кажуць, што нігерыйскіх турыстаў па-ранейшаму чакаюць — але ня ў Менску, як паведамлялася раней, а ў Гомелі. У мясцовым гатэлі “Турыст” ужо тры тыдні для іх зарэзэрваваныя 80 месцаў.

Гомельскія пілёты ня ўпершыню трапляюць у непрыемныя сытуацыі за межамі Беларусі. Два гады таму жыхарка гораду Натальля Дабравольская чакала сына з Афрыкі сем месяцаў.

У складзе зноў жа гомельскага экіпажу ейны сын Уладзіслаў апынуўся у аналягічнай сытуацыі ў Экватарыяльнай Гвінэі. Мясцовы прынц, які карыстаўся паслугамі паветранага судна не адзін месяц, раптам адмовіўся плаціць паводле кантракту. Спробы ўгаварыць высокую асобу былі марнымі, і ўрэшце ні да чаго так і не прывялі. Застаўшыся бяз сродкаў, лётчыкі жылі ў самалёце і перайшлі ледзьве не на падножны корм; некаторыя пілёты, да таго ж захварэлі на малярыю. Кіраўніцтва гомельскага авіяатраду тым часам абяцала, што кампэнсуе ў грашовым эквіваленце ўсе пакуты — але абяцаньне ня выканала. Натальля Дабравольская кажа: ніколі ня думала, што сытуацыя можа паўтарыцца.

(Дабравольская: ) “Пасьля таго палёту мы перахваляваліся так, што былі ўпэўненыя: ніколі туды ён больш не паляціць. Нават і ў думках не было, што падобнае паўтарыцца. Але выпадкова прыйшла дадому да сына, ён якраз прыляцеў з рэйсу і кажа: раніцай адлятаю. Запытваю — куды? У Афрыку. На тры дні, туды-назад. Мы неяк і супакоіліся. Ён, дарэчы, машыну сваю паставіў на стаянцы каля аэрапорту ў разьліку на тое, што хутка вернецца. І паляцеў бязь зьменнага адзеньня, безь нічога, у чым быў, як кажуць”.

Паказальна, што ня толькі пілёты трапляюць у непрыемныя сытуацыі ў Афрыцы. У расейскім кансуляце ў Лягосе мне распавялі, што ў 1998 годзе закладнікамі падобнай гісторыі сталіся 24 маракі, палова зь якіх мела беларускія пашпарты.
XS
SM
MD
LG