Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПОЛЬСКІ ШЛЯХ ДА ЭЎРАПЕЙСКАГА ЗЬВЯЗУ


Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава

Яшчэ 15 гадоў таму ніхто ў Польшчы ня мог нават марыць пра час, калі зьявіцца патрэба выконваць гімн Эўрапейскага Зьвязу па-польску. Цяпер польскамоўных варыянтаў фінальнай часткі ІХ сымфоніі Бэтховэна ёсьць нават два, а ў Атэнах кіраўнікі польскай дзяржавы зрабілі “перадапошні крок” на шляху сваёй краіны да Аб’яднанай Эўропы – падпісалі трактат аб далучэньні да Эўразьвязу. Трактат – гэта дакумэнт, які мае больш за 5,5 тысячаў старонак – ёсьць вынікам шматгадовых перамоваў паміж краінамі-кандыдатамі і Брусэлем і юрыдычнай падставай суіснаваньня новых краінаў у Аб’яднанай Эўропе.

Пачатак шляху да Эўрапейскага Зьвязу ў Польшчы – гэта 1989 год, перамога “Салідарнасьці” і падзеньне камуністычнага рэжыму.

У 1991 годзе Польшча падпісала з Эўрапейскім Зьвязам дамову аб партнэрстве, а два гады пазьней Брусэль акрэсьліў шэраг палітычных варункаў сяброўства ў Аб’яднанай Эўропе. Яшчэ праз 3 гады, у 1997 у Люксэмбургу, Польшчу разам зь іншымі краінамі-кандыдатамі запрасілі да дэбатаў у справе ўмоваў сяброўства.

Напружаныя кансультацыі, поўныя спрэчак, але і ўзаемных кампрамісаў, скончыліся летась у сьнежні. Адзін з галоўных вынікаў перамоваў палягае ў тым, што ў першыя тры гады сяброўства Польшча атрымае ад Эўразьвязу 7 мільярдаў эўра , неабходных на канчатковае прыстасаваньне да агульнаэўрапейскіх стандартаў.

Калі падісаньне трактату ёсьць перадапошнім крокам на шляху да Аб’яднанай Эўропы, дык апошні – гэта агульнанацыянальны рэфэрэндум, які адбудзецца сёлета ў чэрвені.

Празь некалькі дзён у Польшчы пачынаецца масавая агітацыйная кампанія, як з боку ўраду, так і недзяржаўных арганізацыяў.

Мэтай тэлевізііных ролікаў, шматлікіх плякатаў і ўлётак ёсьць ня толькі пераканаць палякаў сказаць “так” Эўразьвязу, але перадусім прыйсьці на рэфэрэндум. Каб плебісцыт адбыўся, у ім мусяць узяць удзел ня менш за 50% грамадзянаў краіны, якія маюць права голасу.

Паводле апошніх статыстычных дадзеных, у рэфэрэндуме маюць намер удзельнічаць ¾ палякаў, 68% зь якіх прагаласуюць за далучэньне сваёй краіны да Эўразьвязу. Кожны пяты паляк зьбіраецца выказацца супраць.

Вельмі істотным чыньнікам, які паўплывае на вынікі рэфэрэндуму ў каталіцкай Польшчы, ёсьць пазыцыя каталіцкай царквы. Пасьля доўгага пэрыяду няпэўнасьці, царкава ўрэшце падтрымала далучэньне краіны да Эўразьвязу. Гаворыць кіраўнік каталіцкай царквы ў Польшчы Юзэф Глемб.

(Глемб: ) “Гэты гістарычны працэс не разьвіваецца без блаславеньня божага. Мы верым, што стваральнік сьвету кантралюе такія значныя працэсы ў нашым жыцьці. Калі працэс інтэграцыі ёсьць справядлівым і спрыяе аб’яднаньню народаў, дык над ім ёсьць воля Госпада”.

Цяпер у Польшчы на ўсіх магчымых узроўнях ідзе абмеркаваньне будучыні краіны па далучэньні да Эўразьвязу. У сувязі з гэтым цікавым падаецца камэнтар, што пакінуў удзельнік інтэрнэт-дыскусіі, прысьвечанай сёньняшняму падпісаньню трактату ў Атэнах. Допіс быў дасланы зь Беларусі: “Падзякуйце ўсім, хто яшчэ 20 гадоў таму змагаўся, каб наблізіць гэты гістарычны момант – яны далі шанец польскаму народу. А калі вы хочаце даведацца, у якіх умовах гэтыя людзі тады змагаліся, дык запрашаю ў Беларусь. Тут дагэтуль пачатак 80-х, а сьвет ужо так далёка”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG