Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“НАЧАЛЬНІКІ НЕ ЗАЦІКАЎЛЕНЫЯ Ў ТЫМ, КАБ МЫ ПРАЦАВАЛІ СУМЛЕННА”


Валянцін Жданко, Менск

Як звычайна цягам апошніх тыдняў, пачну агляд зь лістоў на тэму вайны ў Іраку. Папярэдне заўважу, што большасьць іх была напісаная і накіраваная на адрас Беларускай Свабоды да таго, як войскі кааліцыі ўвайшлі ў Багдад. Наш сталы слухач Ільля Копыл зь Менску піша:

“Наведаўся я нядаўна ў цырульню. У салёне было чатыры майстры, а кліентаў — адзін я. Калі туды зайшоў, яны якраз абмяркоўвалі падзеі ў Іраку. Адна жанчына трывожылася: няўжо вайна закране і нас. Я ўключыўся ў іх размову. Нашай краінай, кажу, кіруе такі ж самы дыктатар, як і Садам Хусэйн. І каб пазьбегнуць лёсу іракцаў, нам трэба хутчэй мяняць уладу. Можа, бачылі, пытаюся, як Лукашэнка казаў па тэлевізары: “Сёньня Амэрыка напала на Ірак, а хто будзе наступны?” Але можаце не хвалявацца, прадоўжыў я, наступным кандыдатам можа аказацца Паўночная Карэя. Але калі-небудзь чарга дойдзе і да нас, калі не паразумнеем.

Мой крамольны маналёг цырульніцы слухалі моўчкі, што мяне зьдзівіла. Раней за такія выказваньні мяне, бывала, абзывалі здраднікам, бээнэфаўцам. Былі нават спробы здаць міліцыянтам. А тут выслухалі.

Калі прэзідэнт Грузіі Эдуард Шэварднадзэ выказаўся ў падтрымку Злучаных Штатаў, дык Лукашэнка заявіў, што грузінскі народ думае інакш, чым кіраўніцтва краіны, і паміж прэзыдэнтам і народам пралягае мяжа. У Беларусі, маўляў, такога няма. Калі так, то і паміж мной і Лукашэнкам пралягае мяжа: я думаю ня так, як ён. І я вельмі хацеў бы, каб мяне пачулі амэрыканцы. Я — былы савецкі афіцэр войскаў стратэгічнага прызначэньня, падтрымліваю Злучаныя Штаты ў вайне супраць Іраку, і жадаю ім перамогі з найменшымі стратамі”.

Напісаны ліст сёмага красавіка: тады яшчэ не было вядома, што бітвы за Багдад, Масул, Тыкрыт ды іншыя буйныя ірацкія гарады ня будзе; што іракцы не захочуць абараняць дыктатарскі рэжым, і што ўжо празь некалькі дзён помнікі Хусэйна з праклёнамі будуць зрынутыя з пастамэнтаў ва ўсім Іраку самімі арабамі.

Гэтая трохтыднёвая вайна, за якой у Беларусі пільна сачылі, многіх прымусіла задумацца. Чаму расейская армія ўжо дзесяць гадоў беспасьпяхова ваюе ў маленькай Чачэніі, якая па сутнасьці ніколі ня мела ўласных узброеных сілаў? І чаму амэрыканска-ангельскія сілы за лічаныя тыдні прымусілі капітуляваць адну з самых магутных на Блізкім Усходзе арміяў, не панёсшы за гэты час сур’ёзных стратаў? Справа тут, зразумела, ня толькі ў вялікай тэхнічнай перавазе Амэрыкі і ня толькі ў таленце амэрыканскіх военачальнікаў.

Зянон Арлікоўскі зь Дзятлава — блізкі сябар і аднадумца нашага даўняга слухача і апанэнта Зыгмунта Зялінскага. Спадар Арлікоўскі піша:

“Ганьба Бушу, які пайшоў зь мільённым войскам ваяваць зь дзецьмі Іраку. Як ня сорамна. Увесь сьвет асудзіў гэтую вайну. Няхай толькі паспрабуе сунуцца ў наш саюз — атрымае адпор, якога ня бачыў. Тыя, хто піша вам на Свабоду з паклёпам на наш народ і законны ўрад, ня вартыя звацца беларусамі — гэта прыхвасьні гнілога Захаду. А Захад ніколі ня нёс міру, а толькі піў кроў нашую праваслаўную.

...Мой сябар Зялінскі, які часта піша вам, цяпер за мяжой, у Польшчы — паабяцаў сустрэць там вашага Пазьняка ды сказаць там яму ў вочы ўсё, што мы пра яго думаем. Я, як і Зялінскі, паляк, але, на шчасьце, мне ўдалося ўцячы адтуль. Толькі тут, у Беларусі, я знайшоў свабоду. Жыве Беларусь! — але пад кіраўніцтвам усімі любімага Аляксандра Лукашэнкі”.

Дзіўна, спадар Арлікоўскі, што ваш аднадумец Зыгмунт Зялінскі пасьля ўсіх праклёнаў на адрас Польшчы, якімі ён ня раз дзяліўся ў сваіх лістах, зноў паехаў менавіта туды, адкуль, як і вы, уцёк пасьля вайны, маючы вялікія сымпатыі да савецкага ладу (ці, можа, наадварот — маючы праблемы з польскімі ўладамі, пра гэта вы не паведамляеце).

Зыход вайны ў Іраку вам, відавочна, вядомы. Напэўна, бачылі вы і тое, як іракцы разьвітваюцца са сваім таталітарным мінулым. Яшчэ тры тыдні таму яны называлі Садама Хусэйна гэтак жа, як вы называеце ў сваім лісьце Аляксандра Лукашэнку — “усімі любімы”.

Ліст ад Леаніда Кулеша зь вёскі Сіняўка Клецкага раёну:

“Тых, хто сёньня кіруе намі, я называю “чырвонай мафіяй”. Гэтая чыноўніцкая парода зьявілася ў выніку кастрычніцкага перавароту 1917 году, калі да кіраўніцтва краінай дапусьцілі былых кухарак і пастухоў. А каго могуць набраць у сваё падпарадкаваньне былыя пастухі? Людзей, якія паводле свайго інтэлекту не складалі б ім канкурэнцыі — гэта значыць, яшчэ больш абмежаваных і прымітыўных.

Ці трэба зьдзіўляцца, што пад кіраўніцтвам такіх людзей самая багатая на прыродныя выкапні краіна — былы СССР — паводле ўзроўню жыцьця тапталася ў хвасьце краінаў “трэцяга сьвету”, а ўрэшце і ўвогуле развалілася. Калі гэтага не зразумеюць простыя людзі ў Беларусі, то гэта давядзе да новай рэвалюцыі, а можа, і да вайны”, — лічыць Леанід Кулеш зь вёскі Сіняўка Клецкага раёну.

Да гэтых сумных развагаў спадара Кулеша падштурхнула канкрэтная жыцьцёвая сітуацыя: ён спрабаваў удзельнічаць у нядаўніх мясцовых выбарах, ягоныя аднадумцы сабралі па вёсках неабходную колькасьць подпісаў, але кандыдатам раённыя ўлады яго не зарэгістравалі. Спадар Кулеш лічыць, што незаконна і несправядліва.

Што да вашых, спадар Кулеш, высноваў пра вынікі кадравай палітыкі, то, відавочна, у многім вы маеце рацыю. Але наўрад ці гэта было асноўнай і адзінай прычынай заняпаду і краху савецкай імпэрыі. З часам нават былыя кухаркі і пастухі паабчасаліся ў партыйных школах і не выглядалі такімі ўжо недарэкамі. Заганным быў сам падмурак, на якім трымаўся СССР — зь ягонымі манаполіяй на ўладу адной партыі, адсутнасьцю грамадзянскіх свабодаў і зьнішчэньнем інстытуту прыватнай уласнасьці.

Ліст ад Сяргея Ярмоліна з Бабруйску:

“Мне сорак пяць гадоў. Слухаю вас ужо гадоў трыццаць. Працую вадзіцелем аўтапарку №2 у Бабруйску. Яшчэ нядаўна зарплата ў мяне была 240000 “чыстымі” — за 150 гадзінаў працы. Цяпер — 140000 “чыстымі” за 170 гадзінаў. Я заўсёды працаваў на такіх лініях, дзе шмат пасажыраў і шмат наяўных грошай — Бабруйск-Магілёў і Бабруйск-Салігорск. Адміністрацыя аўтапарку абяцала: вось вам 30% надбаўкі за абілечваньне і 6% з кожнага прывезенага рубля. Потым на працягу некалькіх гадоў ад 6% засталося 1,5%.

Далей — болей. За прывезеную выручку плату ўвогуле скасавалі, а ад 30% за абілечваньне пакінулі толькі 15. Такім чынам, стымулу працаваць сумленна амаль не засталося. Атрымліваецца, што адміністрацыя не зацікаўленая ў тых работніках, якія імкнуцца працаваць сумленна. Бо нас такіх — адзінкі, усе астатнія працавалі без напругі. І цяпер яны пасьміхаюцца зь мяне: маўляў, ну, што — гнаў плян на сваю бяду? Цяпер чым больш працуеш, тым менш зарабляеш.

Выснову я раблю такую: трэба падладжвацца пад іншых, цішком красьці, выкручвацца, каб зарабіць. Бо ў нас ня цэніцца высокапрадукцыйная праца. Яна не патрэбная, бо інакш будзе беспрацоўе. Я так думаю, што гэта адбываецца ва ўсёй краіне, таму ў нас і жыцьцё такое. І, напэўна, гэта выгадна чыноўнікам розных узроўняў. Але трэба нешта рабіць, інакш эканоміка ня вытрымае.

...Увогуле, жыць у гэтай рэчаіснасьці лепш ня думаючы, бо жыць сумленна — значыць, толькі існаваць. Я пакуль у стане купляць праўдзівыя газэты, а вось пэнсіянэры і многія іншыя людзі гэта ўжо дазволіць сабе ня могуць. Калі і купляюць, то “Советскую Белоруссию” — яна танная”.

Спыню на гэтым цытаваньне ліста Сяргея Ярмоліна з Бабруйску дзеля некалькіх заўвагаў. Зьява, якую вы, спадар Ярмолін, даволі падрабязна апісалі, абапіраючыся на ўласны досьвед, за савецкім часам называлася “ўраўнілаўкай”. Партыйныя органы тады пільна сачылі, каб савецкі грамадзянін, ня дай Бог, ня стаў багатым, не зарабіў значна больш, чым ягоны калега — нават калі той калега гультай і горкі п’яніца. Пры гэтым ня мела значэньня, як чалавек працуе, колькі нормаў ён выконвае, як ставіцца да сваёй працы.

Нельга было ўявіць сытуацыю, каб работнік, які дзякуючы сваёй працавітасьці і вынаходлівасьці, выканаў, да прыкладу, тры месячныя заданьні, атрымаў за гэта не 120 рублёў, а 360. Нейкую падвышку яму, вядома, далі б, але ўсьлед за гэтым паднялі б норму і скарацілі б расцэнкі. Савецкі чалавек ня мог зарабляць утрая больш, чым ягоны нядбайны і лянівы калега, гэта ня ўпісвалася ў прынцыпы так званай “сацыяльнай справядлівасьці”.

Зьява гэтая была паўсюднай: працаваць эфэктыўна і якасна было нявыгадна — дзеля гэтага не было матэрыяльных стымулаў. Урэшце адсутнасьць матывацыі да працы і стала адной з галоўных прычынаў краху ўсёй савецкай эканомікі.

Ваш, спадар Ярмолін, расповед сьведчыць пра тое, што колішняя “ураўнілаўка” ва ўмовах Беларусі вяртаецца, прынамсі, на дзяржаўных прадпрыемствах.

Заканчвае свой ліст кіроўца з Бабруйску Сяргей Ярмолін наступнай заўвагай:

“Цалкам падтрымліваю палітыку прэзыдэнта Буша адносна Іраку. Увогуле, трэба было пачаць разьбірацца з Хусэйнам яшчэ раней. Няблага было б і беларускі рэжым якім-небудзь чынам спыніць.

...На працы мяне часам называюць “бээнэфаўцам”. Я адказваю: ды ні бачыў я ніколі ні “бээнэфаўцаў”, ні апазыцыянэраў. А кажу так, як думаю. Увогуле, было б няблага, каб вы дапамагалі сумленным людзям зьяжджаць адсюль за мяжу. З кім бы Ён тады застаўся? Толькі са сваімі прыслужнікамі”.

Калі ўсе сумленныя людзі зьедуць, спадар Ярмолін, на каго будзе пакінутая краіна? Магчыма, эміграцыя ёсьць выйсьцем для нейкага канкрэтнага чалавека, але немагчыма перасяліць увесь дзевяцімільённы народ. Беларусы — у сябе на радзіме, іншай зямлі ў іх няма. Ды і самой Беларусі патрэбныя энэргічныя і прадпрымальныя людзі, якія хочуць працаваць і мець за гэта адпаведнае ўзнагароджаньне.

І вашая сытуацыя, спадар Ярмолін, не такая безнадзейная. Вы дасьведчаны кваліфікаваны кіроўца. Сотні вашых калегаў ва ўсіх беларускіх гарадах ужо кінулі дзяржаўныя аўтапаркі, назьбіралі грошай на старэнькія мікрааўтобусы — і працуюць толькі на сябе, займаючыся прыватнымі перавозкамі. І паўсюль дзяржаўныя аўтапаркі ў гэтай канкурэнтнай барацьбе прайграюць.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Аляксей Зрачаў з Кобрыні і Іван Аўдзей са Слоніму.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
XS
SM
MD
LG