Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 16 КРАСАВІКА

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

Газэта “Беларускі каапэратар”, 1923 год, допіс Назіральніка “Па заслугах і плата” пад рубрыкай “Трыбуна чытача”:

“У нас у мястэчку Грэск існуе каапэратыў, сябры праўленьня якога на працягу некаторага часу настолькі рупліва працавалі для ўласнай выгады, што кралі, што называецца, абсалютна ўсё, што толькі не пішчыць. 5 красавіка справа разьбіралася ў Нарсудзе гораду Слуцку. У выніку старшыню Праўленьня гр.Ярошыка і сакратара гр.Наруцкага прыгаварылі да трохгадовага заключэньня з пазбаўленьнем грамадзянскіх правоў на 5 гадоў, і сябра Праўленьня гр.Мяцельскага на 1 год умоўна. Так суровая рука Рабоча-Сялянскага рэвалюцыйнага суду карае ілжэкаапэратараў, якія пад сьцягам служэньня грамадзтву імкнуцца набіць сабе машну за кошт працоўных мас насельніцтва”.


Газэта “Сталинская молодежь”, цяперашняя “Знамя юности”, 1953 год, рубрыка “Новыя кнігі”:

“Дзяржаўнае выдавецтва БССР выпусьціла ў сьвет наступныя кнігі і брашуры па сельскай гаспадарцы. С.Хробастаў. Трактарная брыгада МТС у калгасе. На беларускай мове. Наклад 10000. Т.Салтановіч, Б.Роземблюм, Ф.Карытнік. Дасягненьні і рэзэрвы калгасу імя Кірава Аршанскага раёну. На беларускай мове. Наклад 10000. В.Рубан. За перадавую агратэхніку ільна-далгунца. На беларускай мове. Наклад 10000. Т.Бязьдзенка. Шкоднікі і хваробы тэхнічных культур у БССР і меры барацьбы зь імі. На беларускай мове. Наклад 10000. П.Пракаповіч, А.Абрамчук. Пустазельле і меры барацьбы зь ім у калгасах БССР. На беларускай мове. Наклад 10000”.


Шклоўская раённая газэта “Ўдарны фронт”, 1983 год, артыкул “Ідэалягічнае забесьпячэньне сяўбы” загадчыка аддзелу прапаганды і агітацыі райкаму П.Лапцёнка:

“Веснавое поле кліча агітатара. Кліча на справу надзвычайнай важнасьці, якой для земляроба заўсёды зьяўляецца пасяўная. Разам з усімі ўдзельнікамі сяўбы неабходна, каб выйшлі ў поле і камісары, у абавязак якіх уваходзіць арганізацыя ўсёй масава-палітычнай работы па сяўбе, ажыцьцяўленьне паўсядзённага кіраўніцтва сацыялістычнага спаборніцтва, каардынацыя дзейнасьці агітатараў і палітінфарматараў”.
XS
SM
MD
LG