(Карэспандэнтка: ) “Рэжым Садама Хусэйна, які 35 гадоў трымаў краіну ў жорсткіх цісках, скончыўся. Дыктатар, які доўгія дзесяцігодзьдзі рабаваў свой народ, ужо больш не кіруе нічым. Якім будзе лёс краіны пасьля Хусэйна?”
(Чалабі: ) “Гэта пакуль не зусім зразумела і залежыць ад розных абставінаў. Пакуль незразумела, колькі краіна будзе знаходзіцца пад акупацыяй, калі адбудуцца агульнанацыянальныя выбары, пасьля якіх будзе прызначаны ўрад. Ірак разбураны трыма войнамі. Людзі хочуць мець акрамя бясьпекі ежу, сыстэму аховы здароўя і адукацыі. Але ўсё гэта патрабуе каласальных рэсурсаў”.
Нас зацікавіла, што меў на ўвазе спадар Чалабі, калі назваў патрэбныя рэсурсы каласальнымі.
(Чалабі: ) “Кошт аднаўленьня Іраку надзвычай высокі. Ёсьць разьлікі, якія паказваюць, што ў найбліжэйшыя пяць гадоў Іраку патрэбныя 300 мільярдаў даляраў толькі дзеля таго, каб аднавіць інфраструктуру, разьвіць краіну і стварыць новыя працоўныя месцы. Ірак мае буйныя даўгі. Эканамічная сытуацыя будзе вельмі складаным пытаньнем для любога ўраду”.
(Карэспандэнтка: ) “Што менавіта ёсьць складаным ў сёньняшняй ірацкай сытуацыі? Наколькі магчымым ёсьць міжнацыянальны альбо міжканфэсійны крызыс?”
(Чалабі: ) “Краіна падзеленая, Іракам вельмі цяжка кіраваць. Істотна тое, што раней краіна была багатай, сярэдні кляс меў даволі высокія жыцьцёвыя стандарты. Але зараз – пасьля войнаў і 35 гадоў улады Садама Хусэйна – практычна ўсе сталі беднымі. У 1990 годзе даход на душу чалавека ў Іраку быў блізу 3 тысячаў даляраў, зараз 250-300 даляраў. Раней жыхары Іраку паводле ўзроўню жыцьця набліжаліся да ўзроўню Грэцыі, зараз жывуць на ўзроўні Самалі. Таму я яшчэ раз хачу сказаць – шмат фактараў вызначаюць будучыню краіны – і роля акупацыйных сілаў, і выбары сапраўды дэмакратычнага ўраду”.
(Карэспандэнтка: ) “Часам можна пачуць меркаваньне, што Ірак – выключна багатая краіна, якая пачне разьвівацца адразу пасьля зьвряжэньня рэжыму Садама Хусэйна. Наколькі гэтае меркаваньне адпавядае рэчаіснасьці?”
(Чалабі: ) “Ірак залежыць ад нафты. Але прыбыткаў ад нафты будзе недастаткова для таго, каб вярнуць жыцьцё ў краіне ў нармальнае рэчышча. Нам трэба аднавіць энэрга- і водазабесьпячэньне, а таксама сыстэму аховы здароўя. І зрабіць гэта трэба хутка. Таму Іраку патрэбныя дадатковыя рэсурсы”.
(Карэспандэнтка: ) “А што можна разглядаць у якасьці такой крыніцы “хуткіх рэсурсаў”?
(Чалабі: ) “Іраку патрэбныя сродкі і нафта – адзіная крыніца. Дзеля таго, каб атрымаць так званыя “хуткія грошы”, трэба прынамсі часткова прыватызаваць нафтавую прамысловасьць. Але гэта вельмі проста сказаць і вельмі цяжка зрабіць. Прыняць такое рашэньне можа толькі ўрад, які будзе прызначаны дэмакратычна абраным парлямэнтам”.