Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УВАГА ЗАХОДНЯЙ І АРАБСКАЙ ПРЭСЫ ЗАСЯРОДЖАНАЯ НА ПАВАЕННЫМ УЛАДКАВАНЬНІ ІРАКУ

Віталь Цыганкоў, Прага

"New York Times" зьвяртае ўвагу на тое, што калі амэрыканская адміністрацыя пачала выдаваць кантракты карпарацыям на аднаўленьне Іраку, фірмы, зьвязаныя з кіраўніцтвам ЗША – такія як Halliburton – апынуліся сярод пераможцаў. Варта адзначыць, што віцэ-прэзыдэнт ЗША Дык Чэйні – былы кіраўнік рады дырэктараў гэтай фірмы. “Гэта падобна на непрыкрыты пратэкцыянізм, – піша газэта. – Гэта падрывае тую карціну, якую намалявала адміністрацыя Буша для тлумачэньня вайны з Іракам – што гэта апэрацыя дзеля раззбраеньня і дэмакратыі, а не дзеля нажывы”. "New York Times" называе існуючы зараз парадак непрымальным і адзначае, што выдача кантрактаў павінна праходзіць канкурэтнна, празрыста і адкрыта для ўсіх.

Брытанская "Financial Times" абмяркоўвае замежныя даўгі Іраку, якія ацэньваюцца ад 60 да 120 мільярдаў даляраў. Амэрыканскія прадстаўнікі ўжо заклікалі краіны-крэдыторы Іраку дараваць запазычанасьці новаму ўраду краіны. Аднак газэта адзначае, што сьпісаньне даўгоў можа ўзьняць яшчэ большую “небясьпеку маральнай рызыкі”. Ірак, піша газэта, патэнцыйна заможная краіна дзякуючы сваім нафтавым рэзэрвам і адносна адукаванаму насельніцтву. Таму на парадку дня павінна стаяць не дараваньне даўгоў, а іхная рэструктурызацыя на вялікія тэрміны пры ўмове, што Багдад будзе мець эфэктыўную, ухваленую Міжнародным валютным фондам праграму эканамічнага аднаўленьня.

Катарская "Al-Watan" папярэджвае пра аднаўленьне каляніянізму, які можа запаліць увесь рэгіён. “ЗША атрымалі перамогу ў бруднай, амаральнай, незаконнай вайне. Аднак яны хутка даведаюцца, што вайна, празь яе бязьлітаснасьць, значна прасьцейшая за акупацыю. Калі ЗША паўтораць досьвед каляніянізму ў старым стылі, з жорсткасьцю і горам, то супраціў таксама будзе адпаведны. Імпэрскія каляніяльныя амбіцыі здолеюць абараняць сабе толькі адносна кароткі час”, – сьцьвярджае газэта.

Рэдакцыйны артыкул у сырыйскай газэце "Tishreen" заклікае да шырэйшай ролі арабскага сьвету ў рэканструкцыі Іраку. “Арабская вуліца выказвае слушную заклапочанасьць трагедыяй, якая напаткала ірацкі народ. Намаганьні арабскіх краінаў павінны каардынавацца зь міжнароднай супольнасьцю. Арабская прысутнасьць у Іраку павінна стаць адказам на заклік да арабскага сумленьня, заклік, які адпавядае жаданьням большасьці жыхароў арабскіх краінаў”.
XS
SM
MD
LG