Паводле новых правілаў паступленьня ў ВНУ, яшчэ да экзамэнаў абітурыент мусіць прайсьці абавязковае тэставаньне па профільных прадметах, вынікі якога будуць далучацца да адзнак на будучых іспытах. Тэст па фізыцы Міністэрства адукацыі прызначыла на 20 красавіка. Плянуецца, што ў гэты дзень тэставаньне пройдуць больш за 70 тысяч будучых абітурыентаў.
Але Міністэрства адукацыі не ўлічыла, што сярод вучняў шмат каталікоў ды пратэстантаў, якія 20 красавіка сьвяткуюць Вялікдзень. Як яны будуць праходзіць тэставаньне? Ці дадуць чыноўнікі гэтым вучням магчымасьць прайсьці тэставаньне ў іншы дзень?
Прэсавы сакратар управы царквы Эвангельскіх хрысьціян баптыстаў Герман Радаў паведаміў Радыё Свабода пра заклапочанасьць аднаверцаў і пра тое, што Міністэрства адукацыі не ідзе на саступкі. Паводле Германа Радава, 20 красавіка Вялікдзень будуць сьвяткаваць тысячы баптыстаў ва ўсёй Беларусі, і большасьць у Гарадзенскай ды Берасьцейскай абласьцях. “Шчырыя маладыя вернікі з гэтай прычыны мусяць прапусьціць тэставаньне і тым самым закрыць сабе дарогу ў большасьць ВНУ”, — канстатуе Герман Радаў.
(Радаў: ) “У сьвяточны дзень удзельнічаць у тэставаньні — значыць, ня браць удзел у багаслужэньні. Гэта сьведчыць пра тое, што Міністэрства адукацыі зусім не ўзгадняе свае пляны з рэлігійнымі аб’яднаньнямі, ня лічыцца з намі ніяк. На жаль, у такой пазыцыі няма нічога новага. Пасьля чарговых непаразуменьняў мы кожны раз чуем, што далей будзе інакш — і вось табе “інакш”. Як найменш, гэта зусім непрадуманае рашэньне”.
У абарону правоў каталікоў і пратэстантаў выступілі праваабаронцы зь Беларускага Гельсынскага камітэту. У лісьце на імя міністра адукацыі Пятра Брыгадзіна яны заклікалі чыноўнікаў перанесьці тэставаньне на любы іншы дзень ды зрабіць захады, каб выпадкі, калі парушаюцца правы вернікаў, не паўтараліся. Таксама праваабаронцы зьвярнулі ўвагу чыноўнікаў на тое, што яны прызначылі тэставаньне на дзень, які мае статус дзяржаўнага сьвята.
Аднак у Міністэрстве адукацыі мяняць сваё рашэньне адмовіліся. Намесьнік міністра спадар Фарыно паведаміў, што ўжо прызначаныя выкладчыкі, якія будуць правяраць тэсты, а таксама дзень правядзеньня тэсту ўзгоднены з кантралёрамі з Камітэту дзяржкантролю і Міністэрства ўнутраных справаў. А таму, маўляў, перанесьці тэставаньне “не ўяўляецца магчымым”.