Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АД 15 КРАСАВІКА МЕНСКІ АБЛЫВЫКАНКАМ УВЁЎ НОВЫ РЭЖЫМ ПРАЦЫ ДЛЯ КІРАЎНІКОЎ ВОБЛАСЬЦІ


Міхал Стэльмак, Менск

Рашэньне пра новы працоўны рэжым кіраўнікоў вобласьці Менскі аблыканкам прыняў 14 красавіка. Вось што паведаміў на гэты конт нашаму радыё прадстаўнік аблвыканкаму Мікалай Родзічкін:

(Родзічкін: ) “Дзеля забесьпячэньня веснавой пасяўной кампаніі з улікам яе спазьненьня было прапанавана сябрам аблвыканкаму, кіраўнікам структурных падразьдзяленьняў, кіраўнікам гарадзкіх і раённых выканкамаў, а таксама арганізацыяў, разьмешчаных на тэрыторыі вобласьці, у пэрыяд з 15 красавіка да 15 траўня знаходзіцца на працоўных месцах і выконваць працоўныя абавязкі з 6-й гадзіны да 22-й гадзіны штодзённа”.

Паводле спадара Родзічкіна, такія надзвычайныя працоўныя ўмовы выкліканыя спрыяльнымі ўмовамі для сяўбы. Усе гэтыя кіраўнікі мусяць у такім жа рэжыме арганізаваць працу сваіх падначаленых:

(Родзічкін: ) “Мэханізатары будуць працаваць ад ранку да вечара, у дзьве ці нават у тры зьмены, і таму адпаведна мусяць працаваць так і кіраўнікі. Хіба яны могуць у гэты час адпачываць?”

Ці надзённая ініцыятыва аблвыканкаму? Вось якім меркаваньнем на гэты конт падзялілася галоўны эканаміст калгасу “Дружба” Стаўпцоўскага раёну Ала Полацкая:

(Полацкая: ) “У нас у поле ісьці яшчэ нельга. Трактары на поле яшчэ не ідуць, бо ў нас цяжкія глебы, і трактары правальваюцца. Я ня ведаю, ці будзе ў нас працоўны дзень доўжыцца да 22-й гадзіны, але мушу сказаць, што ў нас сяўба заўжды праводзіцца ў аптымальныя тэрміны. Канкрэтна кожная гаспадарка мусіць арыентавацца на мясцовыя ўмовы. Нельга ж проста прыйсьці з раніцы і сядзець з 6-й да 10-й гадзіны вечара, калі ў поле нельга залезьці”.

Аляксандар Ярашук, прэзыдэнт Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, яшчэ ня так даўно працаваў першым намесьнікам старшыні Менскага аблвыканкаму, куратарам сельскай гаспадаркі Менскай вобласьці. Вось як ён пракамэнтаваў ініцыятыву цяперашняга кіраўніцтва гэтага рэгіёну:

(Ярашук: ) “Маса людзей зараз будзе кранацца зь месца, паліць бэнзын і будзе гойсаць з канца ў канец вобласьці. Гэта такое марнатраўства, якое цяжка прыдумаць. Робіцца спроба не арганізаваць справу як сьлед, а паказаць сваё намаганьне, якое нармалёвага чалавека зьневажае. Калі паступае каманда а 6-й гадзіне ці а 5-й гадзіне ранку, ці ў 23 гадзіны — гэта проста трэба не паважаць, не давяраць гэтым людзям”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG