Зора Кіпель была вядомай асобай як у асяродзьдзі беларускай эміграцыі, так і на Бацькаўшчыне. Беларусь яна пакінула ў 1944 годзе яшчэ юначкай. Скончыла беларускую гімназію імя Янкі Купалы ў Нямеччыне, пасьля вучылася ў Лювэнскім унівэрсытэце ў Бэльгіі і ў Радгэрскім унівэрсытэце ў ЗША.
Доўгія гады працавала ў славянска-балцкім аддзеле Нью-Ёркскай публічнай бібліятэкі, дасьледавала беларускія рукапісы. Разам з мужам Вітаўтам Зора Кіпель стварыла ў Амэрыцы Беларускі інстытут навукі й мастацтва. Спадарыня Кіпель таксама актыўна ўдзельнічала ў беларускіх эмігранцкіх арганізацыях.
Народны паэт Рыгор Барадулін лічыць, што са сьмерцю Зоры Кіпель Беларусь страціла вельмі шмат:
(Барадулін: ) “Беларусь апошнім часам і так бедная на сапраўдных барацьбітоў за яе волю й незалежнасьць. І сьмерць Зоры Кіпель сапраўдная страта для нацыі, для беларускага духу, для беларускай ідэі. Гэта была шчырая, нястомная працаўніца на ніве беларушчыны, на ніве адраджэньня Беларусі. Яна запомнілася мне сваёй шчырасьцю, сваёй, я бы сказаў, апантанасьцю, і гэта вялікая страта для Беларусі. Памяць пра яе застанецца ў беларускім народзе. Сьветлая ёй памяць і пухам зямля”.
Паэт Генадзь Бураўкін пазнаёміўся з Зорай Кіпель, калі працаваў у Нью-Ёрку прадстаўніком Беларусі ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Вось ягонае слова на разьвітаньне:
(Бураўкін: ) “Калі я сустракаўся з Зораю, заўсёды адчуваў, што ўсімі нітачкамі, якія зьвязвалі яе з роднай Беларусьсю, яна вельмі даражыла. Успамінала сваякоў, тыя мясьціны, дзе яна была, хадзіла ў сваёй маладосьці, юнацтве, дзяцінстве. Хаця фізычна жыла яна за акіянам, але духоўна яна жыла ў Беларусі. І тое, што яе ня стала, гэта страта ня толькі для эміграцыі, гэта страта для Беларусі. Яе культуры, навукі, для той духоўнай справы, якой мы ўсе служым, колькі ў нас ёсьць сілаў і жыцьця”.
Вядомы гісторык і пісьменьнік Уладзімер Арлоў перакананы, што душа Зоры Кіпель вернецца ў Беларусь, якую яна так любіла:
(Арлоў: ) “Зора Кіпель з таго шэрагу беларускіх жанчын, да якога належаць Натальля Арсеньнева й Ларыса Геніюш. Сваім талентам, розумам і душой Зора Кіпель была аддадзеная Беларусі. Некалькі дзесяцігодзьдзяў яна працавала ў Нью-Ёркскай публічнай бібліятэцы. І дзякуючы менавіта Зоры-славянска-балцкі аддзел мае выключны збор беларускай літаратуры. Зора была вядомай літаратуразнаўцай, дасьледавала беларускую літаратуру 16 стагодзьдзя. Ад пачатку 90-х гадоў Зора штогод прыяжджала ў Беларусь. Цяпер сюды будзе вяртацца яе душа”.