Ягонае імя не было шырока вядомае беларускаму чытачу. Аднак выданьне летась кнігі “Швэды ў гісторыі й культуры беларусаў” прынесьлі аўтару і папулярнасьць публікі, і прызнаньне адмыслоўцаў.
Чым жа прывабіла кніга Катлярчука? Найперш зьвесткамі пра даўнія швэдзка-беларускія стасункі, зь якіх вынікае, што і ўся летапісная гісторыя старажытнай дзяржавы — Полацкага княства — пачалася са скандынаўскіх калёніяў на землях крывічоў. Аўтар прыводзіць шматлікія гістарычныя доказы і пазьнейшых цесных стасункаў паміж насельнікамі цяперашніх адміністрацыйных тэрыторыяў дзьвюх краінаў.
Менавіта ў Швэцыі лідэры сацыял-дэмакратычнае грамады ўпершыню агучылі на міжнародным узроўні патрабаваньне незалежнасьці Беларусі. І Швэцыя адной зь першых прызнала ў 1992 годзе самастойнасьць нашае краіны.
Народжаны ў Бранску дактарант ўнівэрсытэту Паўднёвага Стакгольму напісаў сваю кнігу жвавай беларускаю мовай і багата ілюстраваў. А завершыў шкадаваньнем, што сёньня ў Швэцыі апрача Лукашэнкі, Чарнобылю ды хакею больш пра Беларусь ня ведаюць амаль нічога. Але на цырымоніі ганараваньня ляўрэат выказаў думку, што багатая супольная гісторыя дае надзеі на добрыя пэрспэктывы супольных будучых стасункаў. Дзеля чаго і працуе цяпер у Швэцыі.