Закладнікамі сытуацыі сталі чатыры пілёты — грамадзяне Беларусі, якія няведама колькі часу будуць заставацца за тысячы кілямэтраў ад радзімы. Тым часам, бакі ня могуць прыйсьці да высновы — хто павінен плаціць за прастой самалёту.
Пасьля некалькіх няўдалых спробаў затэлефанаваць у адзін з найбуйнейшых у Афрыцы партовых гарадоў сувязь усё ж спрацавала. Парт’е дастаткова хутка злучыў з Раманам Яфрэмавым — другім пілётам самалёту гомельскага авіяпрадпрыемства. Першае пытаньне — якім чынам беларускі экіпаж апынуўся ў Нігерыі?
(Яфрэмаў: ) “Мы лётаем толькі за межы Беларусі. Ту-154 — гэта дастаткова вялікі сярэднемагістральны самалёт, на 164 пасажыры. Іншымі словамі, унутры Беларусі для яго працы няма. У Гомелі максымум яго можна выкарыстаць пад вахтавыя перавозкі ў Заходнюю Сыбір. Усё астатняе — як і з кім дамовіцца кіраўніцтва. Падрабязнай інфармацыі пра гэты кантракт я ня маю. Адзінае, што можна цяпер казаць пэўна — вельмі цяжка нешта зрабіць, каб самім разьвязаць сытуацыю. Дастаткова напружаная, нестабільная краіна, і нам параілі лішніх рухаў не рабіць”.
(Карэспандэнт: ) “Раман Мікалаевіч, ці адчуваеце вы, што вашым лёсам цікавіцца беларускае МЗС альбо іншыя дзяржаўныя ведамствы?”
(Яфрэмаў: ) “Мы асабіста гэтага пакуль не адчуваем. Пытаньні вырашае расейская амбасада; сёньня нас наведаў консул. Але, мяркую, расейская амбасада ня з бухты-барахты гэтай справай занялася; дакладней, ня толькі пасьля нашага туды звароту. Прынамсі, ня выключана, што на іх выйшлі адпаведныя людзі, і справа ідзе па афіцыйных каналах. Таму спадзяемся, што бяруць удзел і нашыя ведамствы, што наш лёс не абыякавы нашай дзяржаве. Колькі яшчэ давядзецца праседзець — невядома. Але хацелася б, каб цягам тыдня нешта зрушылася. Вось вы тэлефануеце, цікавіцеся; урэшце інфармацыя распаўсюджваецца і дойдзе (калі яшчэ не дайшла) да адпаведных асобаў, якія зробяць рашучыя захады”.
Я пацікавіўся ў спадара Яфрэмава, што асабіста ён мяркуе наконт гэтак званых нігерыйскіх “турыстаў”? Як сьведчыць досьвед, ніколі яшчэ групы грамадзянаў гэтай краіны не наведвалі Беларусь як турысты — звычайна ўраджэнцаў дзяржаваў экватарыяльнай Афрыкі затрымліваюць у Беларусі толькі як нелегальных мігрантаў, якія спрабуюць прабрацца на Захад.
(Яфрэмаў: ) “Мы працуем у дзяржаўным прадпрыемстве, і нам была пастаўленая задача: выканаць рэйс, перавезьці групу грамадзянаў зь Нігерыі ў Менск. Але, як потым высьветлілася, у іх узьніклі праблемы з дакумэнтамі, няправільна былі аформленыя. Таму нам сказалі чакаць. Чакаем дагэтуль. Нашай віны тут я ня бачу, мы толькі выканаўцы замовы. Я мала што ведаю. Нам выгадна лётаць, працаваць, і ня выгадна сядзець на зямлі. Што тычыцца кантракту, то яго падпісала нашае кіраўніцтва, і таму цяжка сказаць, наколькі гэта выгадна ў цэлым для прадпрыемства”.
Тым часам, ужо выказваюцца меркаваньні, адносна магчымых прычынаў зьяўленьня нігерыйцаў у Менску: Беларусь яны маглі выбраць як транзытную краіну дзеля далейшага (магчыма, і нелегальнага) пранікненьня на Захад.