Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ КАМЭНТУЮЦЬ СКАСАВАНЬНЕ ЭЎРАЗЬВЯЗАМ І ЗША ВІЗАВЫХ САНКЦЫЯЎ СУПРАЦЬ НАЙВЫШЭЙШЫХ БЕЛАРУСКІХ ЧЫНОЎНІКАЎ


Юры Сьвірко, Менск

Падчас сёньняшняга брыфінгу прэзыдэнцкай прэсавай сакратаркі Натальлі Пяткевіч я папрасіў яе пракамэнтаваць скасаваньне забаронаў на выдачу візаў Аляксандру Лукашэнку ды яшчэ сямі беларускім чыноўнікам для паездак у ЗША і краіны Эўрапейскага Зьвязу.

(Пяткевіч: ) “Рэспубліка Беларусь неаднаразова і канкрэтнымі крокамі пацьвердзіла свой намер і жаданьне канструктыўна супрацоўнічаць з усімі краінамі сьвету. Беларусь гатовая супрацоўнічаць плённа, эфэктыўна і шляхам пошуку кампрамісаў. З нашага боку ўсе неабходныя крокі зробленыя”, — заявіла Натальля Пяткевіч, нагадаўшы Лукашэнкавы словы пра ЗША як найбуйнейшую дзяржаву з сур’ёзнай роляй ва ўсясьветным парадку ды пра прызначэньне амбасадарам у Вашынгтон “найбуйнейшага дыплямата” Міхаіла Хвастова.

На маё пытаньне, ці вітае яна скасаваньне санкцыяў, спадарыня Пяткевіч адказала гэтак: “Я думаю, што гэты факт трэба прыняць, што ён меў месца”. Пазьней, на просьбу распавесьці, ці заплянаваныя нейкія паездкі Аляксандра Лукашэнкі на Захад, яна дала такі адказ: “Проста так катацца ў Беларусі не прынята”. Паводле Натальлі Пяткевіч, ніякага візыту спадара Лукашэнкі ў ЗША ці Эўразьвяз у блізкай будучыні не чакаецца.

Прэсавы сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных быў вельмі ляканічным:

(Савіных: ) “Мы разглядаем рашэньне ЗША як натуральнае й лягічнае”.

Спадар Савіных адмовіўся камэнтаваць заяву свайго амэрыканскага калегі Філіпа Рыкера пра тое, што “ЗША ды Эўразьвяз застаюцца сур’ёзна занепакоенымі пагаршэньнем сытуацыі з дэмакратыяй у Беларусі, якое працягваецца”. Прэсавы сакратар МЗС Беларусі сказаў, што не знаёмы з гэтай заявай прадстаўніка Дзярждэпартамэнту ЗША.

Сам міністар замежных справаў Сяргей Мартынаў пакуль пракамэнтаваў толькі рашэньне Эўразьвязу адмовіцца ад візавых санкцыяў супраць беларускіх чыноўнікаў. Паводле спадара Мартынава, прынцыповая пазыцыя Менску ў тым, што “ня мэтады санкцыяў і абмежаваньняў дазваляюць вырашаць якія б там ні было праблемы”. “Узважаная й канструктыўная лінія, якую Беларусь заняла ў разьвязаньні праблемы, што існавала ў стасунках з АБСЭ, паказала, якім чынам трэба на справе вырашаць гэтыя пытаньні”, — заявіў міністар замежных справаў.

А былы намесьнік кіраўніка МЗС Андрэй Саньнікаў мяркуе, што скасаваньне санкцыяў ёсьць вынікам таго, што ў Эўропе склаўся альянс Расеі, Нямеччыны й Францыі, якія супрацьпаставілі сябе Злучаным Штатам. Спадар Саньнікаў заявіў:

(Саньнікаў: ) “Я адмоўна стаўлюся, таму што лічу, што нельга цяпер зьмякчаць адносіны да Лукашэнкі, бо нічога тут станоўчага не адбываецца, і наадварот — прымаюцца вельмі жорсткія законы — і рэлігійныя, і наконт прадпрымальнікаў, і наконт мітынгаў і дэманстрацыяў, працягваюцца арышты, і гэтак далей. Але ж я лічу, што гэтае пытаньне маглі разглядаць як тэхнічнае, таму што дагэтуль захоўваецца забарона на кантакты на вышэйшым узроўні. Таму я лічу, што скасаваньне гэтых візавых санкцыяў не павінна паўплываць на палітыку забароны такіх кантактаў”.

Гэтае адмоўнае стаўленьне спадара Саньнікава да скасаваньня візавых санкцыяў не падзяляе экс-міністар замежных справаў і былы амбасадар у Японіі Пятро Краўчанка:

(Краўчанка: ) “Я станоўча стаўлюся да рашэньня Эўрапейскага Зьвязу й ЗША. Гэта, можа, дастаткова нечакана для іншых. Але я заўсёды выступаў за тое, каб адносна Беларусі дзейнічалі дастаткова цывілізаванымі сродкамі. Я ніколі не выступаў за тое, каб наша Беларусь атрымлівала крэдыты. Я лічу, што на вышэйшым узроўні ў кіраўніцтва краіны ўсё ж павінны быць магчымасьці даводзіць свой пункт гледжаньня на розныя падзеі, і я супраць вось такіх штучных абмежаваньняў і штучных перашкодаў для кантактаў з найвышэйшым кіраўніцтвам”.

(Карэспандэнт: ) “Пятро Кузьміч, вы ў інтэрвію Радыё Свабода назвалі Аляксандра Лукашэнку “палітычным бамжом Эўропы” і сказалі, што яго не запросяць зь візытам у ніводную з прыстойных краін — Японію ці іншую. Вы застаяцеся з гэтым меркаваньнем?”

(Краўчанка: ) “Што датычыцца двухбаковых адносінаў, гэта справа ўраду той ці іншай краіны — запрашаць ці не запрашаць Лукашэнку. А вось тое, што Лукашэнка ці кіраўнік ураду можа прымаць удзел у шматбаковых міжнародных канфэрэнцыях — Эўрапейскае супольнасьці ці Цэнтральна-Эўрапейскай ініцыятывы, — я думаю, гэта якраз станоўчы крок.

Але думаю, што прынцыпова сытуацыя не мяняецца — пакуль ня будзе палепшаная сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі й пакуль прэзыдэнт будзе даваць каманду сваім спэцслужбам на выкраданьне пасла Беларусі ў Японіі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG