Мінуў тыдзень пасьля таго, як войскі кааліцыі занялі Багдад, здаўся апошні ірацкі горад Тыкрыт — радзіма Садама Хусэйна. Аднак прэсавы сакратар Аляксандра Лукашэнкі Натальля Пяткевіч так і не змагла патлумачыць, ці выказваўся той неяк на тэму паразы рэжыму Садама Хусэйна. Сама ж яна такім чынам адказала на пытаньне, як Беларусь мяркуе далей разьвіваць дачыненьні з новым Іракам:
(Пяткевіч: ) “Спачатку хай будзе новы Ірак, з новым урадам, а потым ужо можна будзе весьці гаворку пра супрацоўніцтва. Цяпер нават міжнародныя інфармацыйныя мэдыі й тыя ж прадстаўнікі ЗША не гавораць пра заканчэньне вайны. Наадварот, цяпер падкрэсьліваецца, што вайна ня скончаная, вайна ідзе. Пазыцыя прэзыдэнта адносна вайны заўсёды была дакладная і пасьлядоўная: краіна, якая пацярпела ў Вялікую Айчынную вайну, якая мела столькі болю, сьлёз і ахвяраў, ня можа пазытыўна ўспрымаць любы сілавы ціск”.
Разам з тым, да гэтага часу застаецца ня выкананым распараджэньне А.Лукашэнкі ў першыя дні вайны накіраваць гуманітарную дапамогу ірацкаму народу. Цяпер Натальля Пяткевіч кажа, што гэтае пытаньне знаходзіцца ў кампэтэнцыі Мінстэрства надзвычайных сытуацыяў і ўраду. Раней жа кіраўнікі МНС заяўлялі, што ўжо падрыхтавалі дапамогу і гатовыя даставіць яе за некалькі гадзінаў, ды чакаюць толькі распараджэньня ад кіраўніцтва краіны. Такога распараджэньня, як бачна, няма.
Таксама нявызначаная і сытуацыя з накіраваньнем у Ірак беларускіх мэдыкаў. Намесьнік старшыні Беларускага рэспубліканскага камітэту Чырвонага крыжа Ўладзімер Ярмолік гаворыць, што частка мэдыкаў зь Беларусі магла бы накіравацца з гуманітарным канвоем МНС за кошт беларускага ўраду. Але рэйс адкладаецца. Гаворыць Уладзімер Ярмолік:
(Ярмолік: ) “Па лініі Міжнароднага камітэту Чырвонага крыжа накіраваньне беларускіх мэдыкаў таксама магчымае, але пакуль там афіцыйна мір не заключаны. Калі ж будзе такі мір заключаны, то там зьявяцца шпіталі, лягеры ўцекачоў, і тады будзе такі зварот. Але ў гэты момант мы нікога туды не накіроўвалі”.
Спадар Ярмолік мяркуе, што перамір’е ў Іраку павінна быць абвешчана неўзабаве. Тады за кошт Чырвонага крыжа беларускія мэдыкі маглі бы паехаць у Ірак. Начальнік міжнароднага аддзелу Беларускага камітэту Чырвонага крыжа працуе ў суседняй Сырыі яшчэ зь лютага. Спадар Ярмолік зазначае, што беларускія лекары змогуць паехаць у Ірак толькі пасьля афіцыйнага звароту са штаб-кватэры Чырвонага крыжа ў Жэнэве. І паедуць у Ірак зусім ня тыя, хто цяпер выказвае жаданьне: будзе строгі адбор Чырвонага крыжа і Мінстэрства аховы здароўя Беларусі.