Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЛІЦЫЯНТЫ ЗАБАРАНЯЮЦЬ ВУЛІЧНЫ ГАНДАЛЬ КВІТКАМІ НА СПЭКТАКЛІ І КАНЦЭРТЫ

Галіна Абакунчык, Менск

Некалькі гандлёвых пунктаў ужо скасаваныя на станцыях мэтро плошча Якуба Коласа, Усход, Кастрычніцкая, у некаторых пераходах на праспэкце Скарыны. Міліцыянты пагражаюць закрыцьцём і астатнім гандляркам. Для кожнай гэта азначае стаць у шэрагі беспрацоўных. Кажа адна з трох дзясяткаў прадавачак Надзея Букіна:

(Букіна: ) “Падыходзіў тут начальнік, калі правяралі дакумэнты, і сказаў — вы тут працаваць ня будзеце”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці патлумачыў прычыну?”

(Букіна: ) “Не. Я ўвогуле не разумею, каму гэта патрэбна”.

(Карэспандэнтка: ) “Калі зачыняць гэтую кропку, куды вы пойдзеце працаваць?”

(Букіна: ) “Пакуль ня ведаю”.

Не задаволеныя і наведнікі тэатраў і канцэртных залаў. Гаворыць адна з пакупніц квіткоў:

(Глядачка: ) “Напэўна пасьля гэтага людзі пачнуць менш хадзіць у тэатар, бо матацца паўсюдна — гэта вельмі нязручна, гэта час. Час — гэта самае галоўнае”.

Паводле чыноўнікаў Менгарвыканкаму, ніякага адмысловага распараджэньня адносна скасаваньня вулічнага гандлю квіткамі кіраўніцтва мэрыі не прымала. Аднак пракамэнтаваць, на якой падставе сталічныя міліцыянты праганяюць прадавачак зь месцаў гандлю, яны катэгарычна адмаўляюцца. Гаворыць кіраўнік ўпраўленьня гандлю Аляксандар Лукашэвіч:

(Лукашэвіч: ) “Ёсьць розныя даручэньні: дае мэр, даюць. Усё. Больш нічога такога камэнтаваць ня буду на гэты момант”.

Застаецца толькі здагадвацца, што вулічны гандаль квіткамі скасоўваецца ў рэчышчы кампаніі зносу шапікаў, дзеля таго, каб зрабіць больш прывабным выгляд сталічных вуліцаў. За цывілізаваны гандаль квіткамі выказваюцца таксама й у кіраўніцтве тэатраў. Аднак гарадзкія ўлады дзейнічаюць выключна забароннымі мэтадамі, не прыслухоўваючыся да альтэрнатыўных прапановаў, — кажа намесьніца дырэктара тэатру балету Зоя Юрчанка:

(Юрчанка: ) “Пайшоў поўны абвал: вельмі адчуваецца, што іх ганяюць, бяруць за каўнер і выкідаюць. Яны прыходзяць і пачкамі квіткі здаюць. Прэзыдэнт кажа пра ідэалёгію. Якая ідэалёгія, калі мы квіткі прадаць ня можам? Мне сорамна, калі яна сядзіць на скрыні й прадае квіткі ў дзяржаўны тэатар. Чаму ў Маскве, Піцеры, Кіеве на кожным прыпынку ёсьць кіёскі, і чаму мы ў Менску ня можам гэтага зрабіць? Я куды ўжо толькі ні хадзіла – усе памочнікі й ніжэйшыя чыноўнікі спасылаюцца толькі на спадара Паўлава й усе адфутбольваюць”.
XS
SM
MD
LG