Паводле афiцыйных зьвестак, якiя распаўсюдзiў сёньня абласны камiтэт сельскай гаспадаркi й харчаваньня, на Берасьцейшчыне збожжа засеяна толькi на 15% плошчаў. Год таму да паловы красавiка сяўба была завершана на 70%. Весьцi сяўбу ў заплянаваны тэрмiн сёлета перашкаджаюць ня толькi ўмовы надвор’я, але i дэфiцыт палiва. Нават з афiцыйных паведамленьняў вынiкае, што ў трох дзясятках гаспадарак палiва няма ўвогуле, у астатнiх яго хопiць на тры-чатыры днi.
Каб выратаваць становiшча, мясцовая вэртыкаль загадала ўсiм прамысловым прадпрыемствам i камэрцыйным фiрмам тэрмiнова пералiчыць грошы на закупку палiва для вяскоўцаў. Прычым райвыканкамы самастойна вырашаюць, колькi грошай на салярку павiнна выдаткаваць тая цi iншая фiрма. Зробленыя чыноўнiкамi разьлiкi па-сапраўднаму ўражваюць.
Так, паводле загаду адмiнiстрацыi Ленiнскага раёну Берасьця адна з прыватных фiрмаў, дзе працуе 19 чалавек, мусiць за ўласныя сродкi набыць для падшэфнага калгасу 16 тонаў дызэльнага палiва. З гэтага вынiкае, што фiрма павiнна пералiчыць больш за 7 тысяч амэрыканскiх даляраў. Рашэньне райвыканкаму трэба выканаць да 1 траўня, а ўсе кiраўнiкi прадпрыемстваў, незалежна ад формы ўласнасьцi, папярэджаныя аб пэрсанальнай адказнасьцi.
Досьвед апошнiх гадоў паказвае, што неўзабаве з прамыслоўцаў i камэрцыйных фiрмаў могуць таксама запатрабаваць грошы на нарыхтоўку кармоў, а пасьля — на ўборку ўраджаю.