Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЙСКІ


Ягор Маёрчык, Майскі

Ранішні рэйс з Чэрыкава на Майскі адмянілі. На аўтастанцыі сказалі: паліва няма і наўрад ці будзе. Гэта значыць, што й людзі ня змогуць дабрацца, куды трэба, ня толькі сёньня, але й заўтра. Бо наступным днём аўтобуса ня будзе ўжо паводле раскладу.

(Спадарыня: ) “У панядзелак і чацьвер зусім ня ходзіць аўтобус сюды. Як трэба чалавеку дабрацца, тэлефануем, а яны нам адказваюць, што паліва няма. І што нам рабіць? Толькі можна выехаць таксоўкай — 10 тысяч. 10 тысяч! Я лепей хлеб за такія грошы на паўмесяца расьцягну. Я атрымліваю 57 тысяч”.

(Карэспандэнт: ) “Тут выбары былі мясцовыя. Абралі дэпутата”.

(Спадарыня: ) “І што гэтыя выбары! Што ён там абяцаў? Я ж зь ім не сядзела”.

(Карэспандэнт: ) “А не сустракаліся?”

(Спадарыня: ) “Не. Я ведаю, што нічога добрага ён ня зробіць”.

(Карэспандэнт: ) “Ужо б пазаводзілі коней і езьдзілі ў Чэрыкаў на конях”.

(Спадарыня: ) “О-го! 35 кілямэтраў ад Майскага. Туды паўдня й адтуль паўдня — вось вам і дзень прайшоў”.

У такой сытуацыі нічога іншага не застаецца, як наняць машыну да Майскага. Доўгая дарога на мапе выглядае як шматкротнымі літарамі “Z”. На мясцовасьці ўражаньне ўзмацняецца дарожнымі знакамі. На кожным віражы шыльды: “радыеактыўная небясьпека”, “праезд забаронены”.

Майскі — штучнае ўтварэньне дзесяцігадовай даўніны. Паміж вёскамі Баравое, Чудзяны, Каменка і Малінаўка, дзе забруджнасьць большая за 140 кюры, знайшлі чыстую латку зямлі. За два гады тут пабудавалі паселішча. Некаторыя ахвяры Чарнобыльскай катастрофы пераехалі ўсяго толькі на 2 кілямэтры. А ўся гаспадарка калгасу “Знамя” на чысты кавалак не памесьцілася. Фэрмы месьцяцца там, дзе й былі да 1986 году, на брудных тэрыторыях.

Майскі ўзводзіўся тэрмінова. Якасьць — адпаведная. А яшчэ ўлічыце тое, што стаіць Майскі на балоце. У склепах вада. Глеба прасела, і цяпер збудаваньні аздобленыя ўзорам шчылінаў, у якія бесьперашкодна пралазіць палец. Калі знаходзісься ўнутры, з усіх бакоў дзьме вецер, а на галаву льецца вада.

Надзея Дударава ратуецца ад вады пры дапамозе рондляў і вёдраў, якія расстаўленыя па ўсёй кватэры.

(Дударава: ) “Жылося нармалёва, пакуль хата ня стала цекчы. Дожджык ідзе, і ўсё кругом капае — ставім місы ды тазы”.

Мы знаходзімся ў адным зь вялікіх пакояў — гэта заля. Можна назіраць такую карціну: на столі вялікая пляма, вапна ад вільгаці асыпалася, бачны бэтон даху, калі паглядзець па кутах пакоя, можна заўважыць, што ўсе яны чорныя. Гэта ад чаго?

(Дударава: ) “Ад вільгаці”.

(Карэспандэнт: ) “Я гляджу, што дзе-нідзе шпалеры адляпіліся…”

(Дударава: ) “Так, адляпіліся шпалеры, але я ўжо вырашыла не пераклейваць, бо гэта каштуе грошай, няма магчымасьці штогоду пераклейваць. Дзеці хварэюць, гэта ўсё й на здароўе, і на нэрвы дзейнічае. Мы выклікалі санстанцыю. Яны сказалі, што ў нас вільгатна”.

(Карэспандэнт: ) “Сказалі й проста зьехалі, ці чымсьці дапамаглі?”

(Дударава: ) “Напісалі акт ва ўправу камунальнай гаспадаркі”.

(Карэспандэнт: ) “І што вам гэта дало?”

(Дударава: ) “Пакуль ніякіх вынікаў”.

Надзея Дударава пратэстуе супраць такіх камфортных умоваў жыцьця. Яна адмаўляецца плаціць за кватэру.

У Майскім ігнараваньнем рахункаў можа пахваліцца ледзь ня штопершы. Паколькі выкарыстоўваць вугаль ды мазут на забруджаных тэрыторыях экалягічна небясьпечна, усе перавагі цывілізацыі дае электракацельная. Энэргія дарагая, а таму квартплата тут вышэй на менскую і ў паўтара разу большая за сярэдні заробак. І людзі не плацілі за камунальная паслугі яшчэ зь мінулай восені. Райцэнтар пачаў браць карныя захады. Але плёну гэта вялікага не дало.

Становішча Мікалая Раманенкі можна назваць тыповым:

(Раманенка: ) “Абрэзалі мне ацяпленьне і ваду халодную адключылі”.

(Карэспандэнт: ) “А за што?”

(Раманенка: ) “Ня плацім”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму вы не заплацілі?”

(Раманенка: ) “Грошай няма. Ужо трэці месяц нам заробак не даюць”.

(Карэспандэнт: ) “Вы тлумачылі нейкім чынам, што ў вас няма грошай?”

(Раманенка: ) “Вядома, але загадалі адключыць і ўсё”.

(Карэспандэнт: ) “А шмат такіх людзей, у якіх паадключалі?”

(Раманенка: ) “Шмат”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі вам трэба заплаціць?”

(Раманенка: ) “Тысяч 250”.

(Карэспандэнт: ) “А заробак у вас, калі не сакрэт, колькі?”

(Раманенка: ) “40–50 тысяч”.

(Карэспандэнт: ) “Калі вы зможаце аплаціць?”

(Раманенка: ) “Я сам ня ведаю. Летам трэба штосьці прыдумаць, каб на наступную зіму ўключылі”.

У сытуацыі, калі заробак не выплачваюць некалькі месяцаў, звычайна выжываюць з прысядзібнай гаспадаркі. Але й тут Майскаму не пашанцавала. Навакольныя палі ды лясы атручаныя радыенуклідамі. На тысячу насельніцтва тут прыпадае ўсяго пяць кароваў. Іх, як козаў, прывязваюць за слупоў. Яны пасьвяцца толькі там, дзе дазваляе даўжыня вяроўкі.

У справе выжываньня бадай што ўсе месьцічы кіруюцца прынцыпам: лепей памерці ад радыяцыі, чым ад голаду. Шматлікія засьцерагальныя шыльды не спыняюць іх.

Лідзія Шаўцова са спакойным сэрцам парушае правілы бясьпекі.

(Шаўцова: ) “У лес нельга хадзіць. Пойдзеш, і цябе аштрафуюць за тое, што прыйшоў па грыбы ці ягады. Тым ня менш ходзяць людзі: зьбіраюць і грыбы, і ягады. Яны сьвецяцца, але іх вараць, смажаць і ядуць”.

(Карэспандэнт: ) “А людзей не спыняе тое, што гэты лес забруджаны?”

(Шаўцова: ) “А куды падзецца? А дзе нам узяць чыстага лесу? Хочацца грыба? Хочацца!”

Якая радыяцыя ў самім Майскім, жыхары ня ведаюць. Шматлікія дэлегацыі, якія наведвалі мястэчка апошнімі гадамі, на адзін голас цьвердзілі, што тут чыстая тэрыторыя. Пры гэтым, як толькі справа даходзіла за стала, афіцыйныя асобы ад пачастункаў адмаўляліся. І ўжывалі выключна тое, што прывозілі з сабою.

Майцы на ўсё гэта пазіралі спачатку са зьдзіўленьнем, а пасьля — толькі з усьмешкай. Калі летась скасавалі чарнобыльскія льготы, зьнікла і яна. Падаю фрагмэнт размовы з Галінай Куратавай:

(Карэспандэнт: ) “Вы жывяце на забруджанай тэрыторыі — ці маеце нейкія льготы?”

(Куратава: ) “Дзіця бясплатна харчуецца”.

(Карэспандэнт: ) “А раней была яшчэ нейкая дапамога?”

(Куратава: ) “Гэта была кампэнсацыя за пражываньне на кожнага чалавека. Да тысячы рублёў. Хаця, што на тую тысячу можна было набыць за месяц? Булка хлеба. Мы не атрымліваем заробак па тры месяцы, і нам гэта была добрая дапамога: на 2–3 дні маглі набыць хлеба. Усюль мы лічымся “чарнобыльскімі вожыкамі”. Усе людзі з чыстай шарахаюцца нас. Маўляў, вы сьвеціцеся, да вас страшна падыходзіць. Гэта паўсюль такое!”

(Карэспандэнт: ) “Бачыце, я сяджу побач з вамі, і мне нястрашна”.

(Куратава: ) “Ну, можа вы там штосьці ўжываеце, што ў вас радыяцыя не ішла. А нас усе лічаць “вожыкамі”!”

Першы час пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС насельнікі забруджаных тэрыторыяў атрымлівалі немалую дабрачынную дапамогу з-за мяжы. Пасьля Аляксандар Лукашэнка вырашыў кантраляваць гэты працэс і стварыў адмысловы Дэпартамэнт, які займаецца разьмеркаваньнем таго, што прыходзіць у Беларусь. Наступным этапам — рэгістрацыя грузу ў органах мясцовай улады. І толькі пасьля гэтага дапамога трапляе да канкрэтнага адрасата.

Мікалай Каржоў перакананы, што ў Майскі даходзіць не “гуманітарка”, а толькі ейныя рэшткі.

(Каржоў: ) “Спачатку ўсё сюды прыходзіла. А цяпер завозяць спачатку ў раён, і там месяцы два-тры растаможваюць. Да таго растаможаць, што там застануцца гальштукі ды бюстгальтэры, а астатняе дзесьці асядае. Прадаюць, мабыць, дзесьці на рынку. Хоць абноска, і тое! А так бы мы хадзілі голыя, як папуасы ў даўні час. Няма на што спадзявацца. Калі ўлада трохі павернецца тварам да калгасьнікаў, будзем дзякаваць ім за гэта. А так мы самі ня выжывем. Чыноўнікі прыяжджаюць і кажуць: вы дрэнна працуеце, вы — гультаі і п’яніцы. Кажуць, што дададуць пэнсійны ўзрост. Тры гады мне засаталося, дык я адчуваю, што не дажыву да той пэнсіі. А калі дададуць, дык увогуле…”

Хоць Майскаму ўсяго 10 гадоў, тут ужо ёсьць сваё паданьне.

Некалі сюды прыяжджаў Аляксандар Лукашэнка. Адзін зь месьцічаў прыйшоў на сустрэчу са слоікам пітной вады. Вада ў ім была такога колеру, што госьць прыняў яе за гарбату. Пасьля ён са зьдзіўленьнем даведаўся, што на гэтым гатуецца ежа. Кіраўнік дзяржавы загадаў прасьвідраваць у зямлі новую дзірку. І вада цяпер тут празрыстая. Пра тое, наколькі яна чыстая ў сэнсе радыяцыі, жыхары Майскага лічаць за лепшае ня думаць.

А вось са школай атрымалася ня так прыгожа, як зь пітной вадой. Яе таксама пабудавалі, паводле загаду Аляксандра Лукашэнкі. І цяпер рэформа сыстэмы адукацыі і дзіравы дах — два галаўныя болі Марыі Івановай і ейных каляжанак.

(Іванова: ) “Калі перасяліліся з Малінаўкі, школы на Майскім не было. Памяшканьне выдзелілі — у трохпавярховым доме адзін пад’езд, прыстасаванае для навучаньня памяшканьне. Як вынік — амаль у кожнага вучня дрэнны зрок і скаліёз, і стамляльнасьць хуткая ў нашых дзяцей”.

(Карэспандэнт: ) “А доўга там былі?”

(Іванова: ) “Сем гадоў. Няякасна пабудавалі школу. Другі паверх знаходзіцца ў аварыйным стане. Калі адліга была, цякло, лужыны такія былі, што паскаўзьнесься і ўпасьці можна было”.

(Карэспандэнт: ) “Як настаўнікі ўспрымаюць школьную рэформу?”

(Іванова: ) “Я лічу, што ўсё добра не прадумалі. Усё адно дзеці нашыя загружаныя. Падручнікі нясвоечасова прыходзяць, не хапае наглядных дапаможнікаў”.

(Карэспандэнт: ) “Грошай за мэтадычную літаратуру вы не атрымліваеце, зь іншага боку — ідзе школьная рэформа... Як вы выходзіце з гэтага становішча? Як вы вырашаеце гэтыя праблемы?”

(Іванова: ) “Свамі сіламі. Свой досьвед, на што хапае фантазіі”.

(Карэспандэнт: ) “А як зь беларускай мовай у Майскім?”

(Іванова: ) “Дыялект тут: расейская і беларуская — трасянка. Гэта такія гістарычныя ўмовы. Я лічу, што тут няма віны саміх жыхароў. Доўгі час Магілёўшчына была калёніяй Расеі”.

Якая станоўчая рыса жыцьця ў Майскім? На гэтае пытаньне ў адзін голас адказваюць: “мастацкая самадзейнасьць”. Для месьцічаў — гэта выкананьне ананімнай расейскамоўнай песьні пра радыяцыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG