Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСІ БРАКУЕ АТРЫБУТАЎ ЗЬ ВЕЛІКОДНАЙ СЫМБОЛІКАЙ


Ігар Карней, Менск

Падставай да тэмы сталася патрэба павіншаваць сяброў-каталікоў у Польшчы. Дагэтуль гэта рабіў без праблемаў. Але напярэдадні, скіраваўшыся купіць паштоўкі ў Цэнтральную кнігарню сталіцы, сутыкнуўся з пэўнымі цяжкасьцямі. У краме стаяла чарга ахвочых набыць паштоўкі, але на прылаўках ляжалі толькі адны ўзоры: з надпісам па-расейску “Христос Воскресе” і з выявамі “цыбулькаў” праваслаўных храмаў. На зьнешне простае пытаньне: ці ёсьць іншыя паштоўкі, зь іншымі надпісамі, па-беларуску, гандлярка даволі бесцырымонна адрэзала: “А вам какая разница?”

Пасьля гэтага ў чарзе распачалося гучнае высьвятленьне: якая вера лепшая? Адна спадарыня заявіла, што ўсе ў Беларусі праваслаўныя, а некалькі “палякаў”, як яна выказалаася, хай пішуць на рускіх паштоўках — Бог жа, маўляў, адзін. Тут жа пад ухвалу натоўпу было заяўлена: дзяржаўная рэлігія ў Беларусі — праваслаўе, а меншасьць павінна падпарадкоўвацца большасьці. Тое ж самае адбылося і на Менскім паштамце. У шапіку ля Чырвонага касьцёла прапанавалі зашмальцаваныя зь леташняга завозу беларускамоўныя паштоўкі. Гандлярка толькі ўздыхнула: сёлета беларускія выдавецтвы не надрукавалі новых паштовак, а каб завезьці з-за мяжы — з Польшчы ці Літвы — касьцёл ня мае сродкаў.

Чаму склалася такая сытуацыя? Каталіцкія сьвятары канстатуюць, што колькі гадоў таму такога дэфіцыту, як звычайныя віншавальныя паштоўкі, не было. Наадварот, якраз паштовак, зробленых адмыслова для праваслаўных сьвятаў, і бракавала.

Але неўзабаве пасьля таго, як Лукашэнка некалькі разоў наўпрост публічна выказваўся, што Беларусь — праваслаўная краіна, а ён сам праваслаўны атэіст, стаўленьне нават да такой дробязі (як шмат хто лічыць) істотна зьмянілася. Дарэчы, уся друкаваная прадукцыя, якая ёсьць і ў шапіках, і ў кнігарнях, паступае ў Беларусь з Расеі. Шмат на якіх наўпрост стаіць адрас друкарні: “Маскоўскі патрыярхат”.

Зь іншага боку, каталікі скардзяцца, што няма ўжо таго фінансаваньня, якое было на пачатку 1990-х гадоў. Храмы ў бальшыні сваёй адноўленыя, і цяжар, так бы мовіць, дзяржразьліку цалкам кладзецца на япархію. Але, адрозна ад праваслаўнай царквы, дзе існуюць цьвёрдыя тарыфы на большасьць рэлігійных абрадаў, каталікі спадзяюцца на ахвяраваньні вернікаў. А якія даходы ў бальшыні тых, хто ходзіць у храмы — можна толькі здагадвацца. Таму і зьнікненьне атрыбутаў, што спадарожнічаюць сьвяту, часьцяком не хапае. З улікам таго, што праваслаўная царква як ніколі наблізілася да дзяржавы, існаваць ёй у зададзеных рэаліях куды прасьцей.

А што да мяне, то з сытуацыі выйшаў дастаткова ўмоўна. Проста выбраў паштоўку нэўтральнага зьместу, без усялякіх надпісаў, але зь вясновымі кветкамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG