Як заявіў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Філіп Рыкер, прычынай для зьняцьця абмежаваньня сталася вяртаньне ў Беларусь офісу АБСЭ ды іншых праваахоўчых арганізацый. “Мы чакаем, што ўлады Беларусі будуць працягваць падобнае супрацоўніцтва, каб тым самым забясьпечыць неабходныя ўмовы для эфэктыўнай і бесьперашкоднай працы офісу”, – дадаў Філіп Рыкер.
Зьняцьцё забароны на ўезд у ЗША, аднак, не азначае, што ЗША трактуюць сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі як паляпшэньне. Наадварот, паводле Дзярждэпартамэнту, агульная сытуацыя з правамі і свабодамі ўнутры Беларусі нязьменна пагаршаецца. Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту таксама заявіў, што ЗША будуць працягваць дапамогу беларускім няўрадавым арганізацыям. Ад гэтага моманту далейшае наладжваньне адносін паміж Беларусьсю з аднога боку і ЗША ды Эўразьвязам зь іншага будуць наўпрост залежаць ад істотнага прагрэсу ў сфэры дэмакратычных рэформ і правоў чалавека.
Зьняцьцё забароны на выдачу віз перш выглядае як сьледаваньне за эўрапейскай палітыкай. З заявы Дзярждэпартамэнту вынікае, што гэта была загадзя скаардынаваная акцыя. Да таго ж, неўзабаве чакаецца зацьвярджэньне новых амбасадараў ЗША ў Беларусі і наадварот. Новапрызначаны амбасадар у ЗША – гэта былы міністар замежных спраў Хвастоў, на якога таксама распаўсюджваліся візавыя санкцыі.
Адначасова Амэрыка працягвае ўласную палітыку ў дачыненьні да Беларусі празь іншыя каналы. Так, напрыклад, тыдзень таму прадстаўніца ад ЗША ў ААН Джэйн Кіркпатрык прадставіла на абмеркаваньне 59-й сэсіі ААН рэзалюцыю ў справе парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі. Амбасада Беларусі вельмі нэрвова зрэагавала на гэты ход і зьвярталася ў Дзярждэп з пратэстам. Адначасова з гэтым Кангрэсам ЗША абмяркоўваецца “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”, у якім прадугледжваюцца санкцыі да рэжыму і падтрымка дэмакратычных сіл. Дарэчы, яшчэ адзін сэнатар стаў спонсарам гэтага законапраекту – сэнатар-рэспубліканец Чамбліс ад штату Джорджыя.