Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЛЯ БАРАЦЬБЫ ЗЬ ВІРУСНЫМ ГЕПАТЫТАМ У БЕЛАРУСІ НЯМА АДМЫСЛОВАЙ ВАКЦЫНЫ


Казімер Яноўскі, Жыткавіцкі раён

Вірусным гепатытам у Тураве захварэлі ўжо 12 чалавек. Васьмёра зь іх — дзеці. Карантын уведзены ў дзьвюх сярэдніх школах і дзіцячым садку. Заняткі ня спыненыя, але школьныя сталоўкі зачыненыя. Праводзяцца розныя прафіляктычныя меры. Школьнікам, якія мелі кантакт з хворымі, уведзены імунаглябулін, які даставілі з Гомеля.

У мястэчку ў вадаводзе ўзмоцнена хляруецца пітная вада. Паводле інфармацыі адмыслоўцаў Жыткавіцкага раённага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі, разглядаюцца два варыянты распаўсюду жаўтухі.

Высьветлілася, што ня так даўно вірусным гепатытам хварэла сям’я мясцовага праваслаўнага сьвятара. Аднак па мэдычную дапамогу сьвятар не зьвяртаўся. Санслужба не выключае таксама і перадачу хваробы праз ваду. Пробы яе ў школе №2 не адпавядалі санітарным нормам паводле бактэрыялягічных паказчыкаў. Адмыслоўцы ўстанавілі цяпер пастку для вірусаў, каб дадаткова праверыць пітную ваду.

Дарэчы, захварэў на жаўтуху і школьнік зь вёскі Хільчыцы — суседняй з Туравам. А два гады таму моцная ўспышка гепатыту назіралася ў Хваенскай школе, Жыткавіцкай школе-інтэрнаце.

Начальнік эпідэміялягічнага аддзелу раённай санслужбы Аляксандар Ерас лічыць, што ўспышкі гепатыту зьвязаны таксама і з паслабленьнем імунітэту. З жаўтухай можна эфэктыўна змагацца, калі рабіць плянавыя прышчэпкі, якія аднак у краіне не прадугледжаны.

(Ерас: ) “Супраць віруснага гепатыту ў нас у Беларусі прышчэпкі ня робяцца. А вось у капіталістычных краінах такія прышчэпкі ёсьць. У нас, у школе-інтэрнаце для сірот былі ўспышкі гепатыту. Італьянцы, якія ўзялі шэфства над інтэрнатам, прыслалі вакцыну супраць гепатыту ў якасьці гумаітарнай дапамогі. Цяпер выхаванцам інтэрнату робяць прышчэпкі. Канечне, калі б была вакцына, і зрабіць такія прышчэпкі тураўскім школьніка і наведнікам дзіцячага садку, хвароба ўмомант спынілася б”.

Беларусь вакцыны ад гепатыту, як і ўсіх іншых інфэкцыйных хваробаў, не вырабляе. Таму многія бацькі тураўскіх школьнікаў, не чакаючы казённага імунаглябуліну, самі купляюць яго ў аптэках, робяць ін’екцыі і такім чынам імкнуцца падвысіць у сваіх дзяцей абарончыя функцыі арганізму. Аднак адмыслоўцы сьцьвярджаюць, што імунаглябулін усё роўна цалкам не засьцерагае ад захворваньня на жаўтуху.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG