Старшыня Менскага абласнога суду Георгі Хоміч прыпыніў выкананьне прысуду калгасьнікам з Клецкага раёну Ўладзімеру Бондараву і Пятру Пільневічу, якіх Мар’інагорскі суд пастанавіў адправіць у калёнію — аднаго на два, другога на тры гады. Гэта азначае, што наперадзе новае разьбіральніцтва скандальнай справы так званых “рэкардзмэнаў” леташняга жніва, якія здабылі сваю перамогу праз махлярства са справаздачамі.
Нагадаю, летась у Полацку на рэспубліканскім сьвяце “Дажынкі” Аляксандар Лукашэнка асабіста ўзнагародзіў камбайнёраў Бондарава і Пільневіча аўтамабілем “Жыгулі” і матацыклам Менскага мотавелазаводу. Прызы былі ўручаныя за перамогу ў рэспубліканскім спаборніцтве камбайнёраў. Нібыта экіпаж з клецкага калгасу “Кастрычнік” намалаціў за жніво больш за іншых — ледзь не 200 тон зерня.
Аднак падараваным з рук Лукашэнкі асабістым транспартам рэкардзмэны гэтак і не скарысталіся. Неўзабаве высьветлілася, што іхны рэкорд несапраўдны. Выявілася, што палову з гэтага намалоту прыпісала бухгальтэрыя пухавіцкага саўгасу “Рудзенскі”, якому клецкія камбайнёры дапамагалі зьбіраць збожжа. Цікава, што спачатку крымінальная справа была заведзеная супраць старшыні саўгасу “Рудзенскі”, які нібыта падпісаў непраўдзівую справаздачу, але потым паказаньні старшыні зьмяніліся, і гэта задаволіла сьледчых.
Ня сталі яны разьбірацца і з чыноўнікамі Клецкага раёну, якія рапартавалі пра рэкорд у вобласьць. Гэтак сама і з чыноўнікамі абласной управы сельскай гаспадаркі , якія павінны былі праверыць дадзеныя справаздачы. Адзіных вінаватых у падмане Лукашэнкі знайшлі ў асобе простых мэханізатараў — Бондарава і Пільневіча. У выніку спачатку адабралі ў іх каштоўныя прызы ды абвесьцілі падманшчыкамі, а потым нават асудзілі да зьняволеньня. Вось толькі ў турму адправіць не пасьпелі — Пётар Пільневіч зьвярнуўся ў Цэнтар правоў чалавека, там дамапаглі скласьці скаргу да старшыні менскага абласнога суду. І вось старшыня суду прыпыніў выкананьне прысуду да дадаьковага разьбіральніцтва.
Адвакат Вера Страмкоўская, якая абараняе мэханізатараў, кажа, што падчас гэтай справы быццам вярнулася ў Савецкі Саюз 1980-х гадоў. Старшыні гаспадарак спаборнічаюць за тое, каб адзначыцца перад раённымі начальнікамі, тыя глядзяць на абласных, тыя яшчэ вышэй, а вінаватымі зноў засталіся простыя калгасьнікі. “Бондараў і Пільневіч ня кралі аўтамабіляў, і самі сабе справаздачы не выпісвалі, аднак аказаліся ва ўсім вінаватымі менавіта яны”, — абураецца адвакат Страмкоўская. Паводле яе, ведае пра гэтую гісторыю і Аляксандар Лукашэнка.
(Страмкоўская: ) “Калі падман высьветліўся, Лукашэнку перадалі запіску, на якой ён наклаў рэзалюцыю, каб у дысцыплінарным парадку разабраліся і пакаралі службовых собаў. Паводле гэтага загаду павінны былі дысцыплінарна пакараць бухгальтараў, старшыняў гаспадарак, тых, хто адказны за прыпіскі. А вінаватымі аказаліся мэханізатары. Гэта як у прымаўцы — паны б’юцца, а ў халопаў чубы трашчаць”.
Цікава, што дзяржаўны адвакат, якога прызначылі для абароны мэханізатараў, нават не зьявіўся ў суд на разгляд справы. Ён заявіў Бондараву і Пільневічу, што іхная справа — палітычная, і змагацца за адмену прысуду ня мае сэнсу. “Гэта яшчэ раз даказвае, што адвакацкая сыстэма ў Беларусі мала прыстасаваная для абароны людзей”, — сьцьвярджае Вера Страмкоўская.