Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЫНУ ЎЛАДЗІМЕРА КІШКУРНЫ АНТОНУ ЗРАБІЛІ АПЭРАЦЫЮ


Любоў Лунёва, Менск

У Антона Кішкурны ў выніку зьбіцьця зламаная рука. Пералом настолькі сур’ёзны, што сёньня яму зрабілі апэрацыю. Антон атрымаў позву ў суд на 14 красавіка. Яго абвінавачваюць у непадпарадкаваньні міліцыянтам.

Нагадаем, 26 сакавіка Антон сядзеў у машыне свайго бацькі. Намесьніку начальніка міліцыі Савецкага раёну Яўгену Гуранкову не спадабалася бел-чырвона-белая налепка на аўтамабілі. Ён падбег да машыны і крыкнуў: “Вон адсюль!” Паколькі спадар Гуранкоў быў у цывільным і не назваў сябе, Антон пацікавіўся, на якой падставе зь ім так размаўляюць. Гуранкоў адчыніў дзьверы аўтамабіля і пачаў выцягваць адтуль хлопца.

Потым ён паклікаў на дапамогу яшчэ двух міліцыянтаў. Яны ўтрох круцілі Антону рукі, а потым павалілі на зямлю і пачалі зьбіваць. Відавочцы, якія былі сьведкамі гэтага, забеглі ў будынак і паклікалі людзей на дапамогу хлопцу. Тады міліцыянты схапілі Антона і кінулі ў “варанок”. У дзяжурнай частцы міліцыянты ўбачылі, што ў Антона апухла рука.

Апроч таго, ён напісаў заяву, каб яму далі накіраваньне на судмэдэкспэртызу. Міліцыянты спалохаліся, што іх прыцягнуць да адказнасьці, і склалі пратакол паводле 166 артыкула (непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі). На ўсялякі выпадак, яны яшчэ выклікалі супрацоўнікаў дзяржаўтаінспэкцыі й склалі пратакол, што Антон нібыта паркаваў раніцай машыну ў забароненым месцы.

Толькі праз шэсьць гадзінаў, замест трох, прадугледжаных законам, Антона адпусьцілі з адвакатам у шпіталь. Антон Кішкурна падаў заяву ў пракуратуру, каб міліцыянтаў прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці. Менавіта пасьля таго, як яны даведаліся пра гэта, на хатні адрас Антона прыйшла позва ў суд, але хлопца ўжо паклалі ў шпіталь з прычыны пагаршэньня здароўя.

Старшыня БНФ Вінцук Вячорка ў дзень нападу міліцыянтаў на Антона Кішкурну быў у другім міліцэйскім “варанку”, бо яго арыштавалі на 10 сутак. Ён лічыць, што сытуацыя з Антонам не была выпадковай.

(Вячорка: ) “Я падчас афармленьня на мяне пратаколаў пераканаўся ў тым, што тыя шараговыя, якіх абавязваюць нас затрымліваць, абавязваюць складаць на нас дапазна пратаколы, яны даволі часта прыхільна ставяцца да нас. Яны пераконваюць нас у тым, што ня толькі нічога супраць нас ня маюць, але падзяляюць некаторыя нашыя каштоўнасьці.

Мне здаецца, у гэтай сытуацыі, для рэжыму вельмі важна культываваць нянавісцьць іншадумцаў, падтрымліваць асабліва жорсткіх, злобных людзей у міліцыі. Тое, што накінуліся на сына кіраўніка нашай гарадзкой арганізацыі Ўладзімера Кішкурны Антона, гэта сьведчыць на аднаўленьне лініі на стварэньне злобных сілавых структураў”.

Мэдыкі пасьля апэрацыі пакінулі Антона Кішкурну ў шпіталі. Яны паведамілі, што рука мусіць быць у гіпсе яшчэ каля месяца. Паводле заканадаўства, гэта павялічвае ступень адказнасьці з боку злачынцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG