Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНСКІЯ ЎЛАДЫ МОГУЦЬ ПРЫПЫНІЦЬ КАМПАНІЮ ЛІКВІДАЦЫІ КАМЭРЦЫЙНЫХ ШАПІКАЎ


Натальля Раковіч, Менск

Начальнік упраўленьня прадпрымальніцтва Менгарвыканкаму Аляксандар Каліноўскі ў інтэрвію “Свабодзе” паведаміў, што ў сталічнай мэрыі створаная адмысловая працоўная група, якая займаецца вырашэньнем праблемы шапікаў. Зь неафіцыйных крыніцаў вядома, што ідэю адцягнуць тэрміны ліквідацыі кіёскаў падтрымліваюць падатковыя органы. Згодна зь некаторымі падлікамі, пасьля зьнікненьня дробнарозьнічнага гандлю Менск будзе губляць да 900 тысяч эўра штомесяц.

Кажа Аляксандар Каліноўскі:

(Каліноўскі: ) “Сёньня я не хацеў бы гаварыць пра прыватнасьці, хто што сказаў. Але шляхі вырашэньня гэтай праблемы канечне ж вымалёўваюцца, і ёсьць, прынамсі, прапановы, якія абнадзейваюць”.

Канчатковае рашэньне пра лёс шапікаў будзе прынятае праз тыдзень, абяцае спадар Каліноўскі. Між тым, надзеі на захаваньне свайго бізнэсу і працоўных месцаў маюць і самі кіяскёры. Паводле словаў маіх суразмоўніц — гандлярак з камэрцыйных шапікаў, ім паабяцалі, што працаваць можна будзе яшчэ колькі месяцаў.

(Спадарыня: ) “Абяцалі нам, што будзем тут стаяць да 1 ліпеня, але цяпер кажуць, што да 1 сьнежня”.

(Дзяўчына: ) “Я думаю, што так. Бо іначай будуць вялікія чэргі ў крамах”.

(Спадарыня: ) “Нешта казалі, што працягваць тэрмін будуць, але наколькі гэта праўда? Няправільна, канечне ж, робяць. Колькі людзей бяз працы застанецца!”

(Спадарыня: ) “Спадзяемся, што яшчэ на год працягнуць. Чуткі такія ідуць. Дзяржаве выгадна, бо гаспадары добрыя падаткі плацяць. Я ня ведаю, чаму прыбіраюць. Паўсюль шапікі ставяць, а ў Менску прыбіраюць. Жуйку й тую хутка ня будзе дзе дзіцёнку набыць”.

На сёньняшні дзень у Менску працуе каля 2 тысяч камэрцыйных шапікаў ды ятак. Год таму гэтых аб’ектаў дробнарозьнічнага гандлю было каля 3,5 тысяч, але згодна з рашэньнем Менгарвыканкаму амаль палова зь іх была зьліквідаваная, бо, на думку гарадзкіх уладаў, не спрыяла стварэньню эўрапейскага іміджу сталіцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG