6 красавіка, за тры дні да завяршэньня вайны Ахмэд Чалабі прыехаў у Насырыю зь некалькімі сотнямі сваіх прыхільнікаў. Ён вярнуўся на бацькаўшчыну пасьля 45 гадоў выгнаньня. Чалабі пакінуў краіну ў 1948 годзе пасьля зьвяржэньня манархіі, якую падтрымлівала Велікабрытанія.
Зараз ён разглядаецца як адзін з самых пэрспэктыўных кандыдатаў на лідэрства ў пасьлясадамаўскім Іраку. Сп. Чалабі належыць да шыіцкай абшчыны, самай буйной у Іраку, якая дыскрымінавалася пры Хусэйне. Нягледзячы на празаходніцкую арыентацыю, ён мае добрыя стасункі з кіраўніцтвам шыіцкага Ірану. Ня маюць нічога супраць ягонай кандыдатуры і ірацкія курды, напачатку 1990-х гадоў Чалабі падтрымліваў шчыльныя сувязі з курдскімі апазыцыянэрамі.
Біяграфію Ахмэда Чалабі назіральнікі называюць стракатаю. Пасьля эміграцыі з Іраку ён скончыў Масачусэцкі тэхналягічны інстытут у ЗША, выкладаў матэматыку ў бэйруцкім амэрыканскім унівэрсытэце, пакуль грамадзянская вайна ня вымусіла яго зьехаць і адтуль. Пры канцы 1980-х гадоў ён заснаваў банк у Ярданіі, які у хуткім часе стаў трэцім паводле велічыні ў гэтай краіне. Аднак потым банк збанкрутаваў, пацярпелі тысячы кліентаў. Зь Ярданіі Ахмэд Чалабі пераехаў у Лёндан, дзе атрымаў брытанскае грамадзянства. Там часам ярданскі суд завочна прыгаварыў яго да 22 гадоў зьняволеньня за махлярства. Чалабі заўсёды адмаўляў сваю віну, кажучы, што прысуд быў вынесены пад моцным ціскам ірацкага рэжыму, які намагаўся спляжыць уплывовага апазыцыянэра.
Назіральнікі адзначаюць, што Ахмэд Чалабі мае вельмі добрыя стасункі з кансэрватыўным крылом цяперашняга амэрыканскага ўраду, прынамсі, зь віцэ-прэзыдэнтам Дыкам Чэйні, міністрам абароны Дональдам Рамсфэльдам і намесьнікам міністра Полам Волфавіцам. Сувязі Чалабі з гэтымі палітыкамі ўзьніклі яшчэ падчас першай вайны ў Затоцы, калі яны служылі ў адміністрацыі Буша-старэйшага. Ахмэд Чалабі мае прыхільнікаў і ў акадэмічных колах Амэрыкі. Гаворыць Бэрнард Люіс, прафэсар цэнтру блізкаўсходніх дасьледаваньняў Прынстанскага ўнівэрсытэту:
(Люіс: ) “Я мяркую, што Чалабі – чалавек гонару, шчыры і сьмелы. Я ведаю яго на працягу 12 гадоў, і чым больш ведаю, тым больш паважаю. Ён мог выбраць лёгкае і багатае жыцьцё. Аднак ягоныя патрыятычныя пачуцьці прымусілі яго абраць шлях барацьбы, і ён зрабіў гэта, нягледзячы на рызыку і цяжкасьці”.
У 1998 годзе Ахмэд Чалабі прыклаў вялікія намаганьні, каб Кангрэс ЗША прыняў акт аб свабодзе для Іраку. Гэты закон ставіў на мэце зьвяржэньне рэжыму Хусэйна і прадугледжваў вялікую фінансавую дапамогу апазыцыі. Аднак, на думку некаторых аналітыкаў, гэтыя сродкі былі змарнаваныя і не зрабілі аніякага ўплыву на сытуацыю ў Іраку.
Хаця кансэрватары ў цяперашняй адміністрацыі падтрымліваюць Чалабі, ягоная асоба не выклікала і не выклікае энтузыязму ў Дзярждэпартамэнце і Цэнтральным разьведным упраўленьні. Гэтыя ведамствы лічаць больш сур’ёзнай і эфэктыўнай іншую апазыцыйную арганізацыю – Ірацкую нацыянальную згоду. У яе складзе шмат былых высокапастаўленых асобаў рэжыму Хусэйна, якія пакінулі Ірак і перайшлі ў апазыцыю рэжыму. Крытыкі Чалабі адзначаюць, што ён правеў у эміграцыі амаль поўстагодьдзя, і таму наўрад ці знойдзе сур’ёзную падтрымку ў Іраку. Злыя языкі гавораць нават, што адзінае, на што Чалабі можа абаперціся ў Іраку – гэта амэрыканскія войскі. Прафэсар Бэрнард Люіс перэчыць гэтаму меркаваньню:
(Люіс: ) “Гэта паўтараецца шмат разоў, але адкуль мы ведаем, што гэта менавіта так і ёсьць? Гэта проста заклінаньне, якое недабразычліўцы Чалабі паўтараюць раз за разам. Я мяркую, што на працягу пэўнага часу ў самім Іраку ня ўзьнікне аніякага ўплывовага лідэра, бо Садам Хусэйн зрабіў вельмі вялікую працу па выкараненьні такой магчымасьці. Ён вынішчаў любое іншадумства, нават самае сьціплае. Таму я мяркую, што любая асоба з самога Іраку мае мінімальныя шанцы”.
Мяркуецца, што ў пераходны пэрыяд Іракам будзе кіраваць амэрыканская ваенная адміністрацыя. У яе складзе будзе 23 міністэрствы, абавязкі міністраў будуць выконваць амэрыканцы, кожны зь якіх будзе мець 4 ірацкіх дарадцы.
Паведамляецца, што Ахмэду Чалабі ўжо прапанаваная пасада дарадца міністра фінансаў. Аднак кіраваны ім Ірацкі нацыянальны кангрэс паведаміў, што Чалабі наўрад ці пагадзіцца прыняць прапанову.
Па-першае, ягоныя амбіцыі сягаюць значна далей ролі дарадцы, ён хацеў бы стаць кіраўніком ураду. А па-другое, Ахмэд Чалабі ня хоча, каб яго лічылі амэрыканскай марыянэткаю, бо прэтэндуе на падтрымку ў ірацкім грамадзтве.