Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“FRANKFURTER RUNDSCHAU”: ПАД ПРЫЦЭЛАМ ЗША ХУТКА АПЫНЕЦЦА ЯШЧЭ АДЗІН ДЫКТАТАР

Ул. інф.

Лукашэнка ніколі не рабіў таямніцы са сваёй пазыцыі ў дачыненьні да ірацкага канфлікту. Яшчэ ў лютым ён вітаў новага ірацкага амбасадара наступнымі словамі: “Ірак заўсёды можа разьлічваць на Беларусь”. Калі ж вайна ў Іраку пачалася, менскі кіраўнік назваў яе цяжкім грахом ЗША. Праўдападобна, што для Вашынгтону гэта стала апошняй кропляй.

Як піша “Frankfurter Rundschau”, цалкам магчыма, што пасьля завяршэньня ірацкага канфлікту Штаты возьмуць пад прыцэл Лукашэнку. Тыя заявы адносна Беларусі, якія апошнім часам робяць Кангрэс ЗША і некаторыя амэрыканскія сэнатары, маюць пасьлядоўны характар. Так, на пачатку красавіка ў Капітоліі агучылі зьвесткі адносна сакрэтнага фонду беларускага прэзыдэнта.

Паводле амэрыканскіх экспэртаў, асноўныя сродкі на рахунак фонду, які перавышае гадавы бюджэт дзяржавы, трапляюць у выніку продажу зброі краінам, што падазраюцца ў тэрарызьме. Сам Лукашэнка выступае супраць падобных абвінавачаньняў, аднак пры гэтым падкрэсьлівае, што адмысловы фонд мусіць быць падкантрольны прэзыдэнту, а не дзяржаве.

Як піша “Frankfurter Rundschau”, Вашынгтон хвалюе ня толькі таемнае ўзбагачэньне беларускага лідэра, якое адбываецца, між іншым, на тле масавага зьбядненьня насельніцтва. Сярод прычынаў, у выніку якіх Вашынгтон зьбіраецца зрабіць больш складаным жыцьцё дыктатара, аглядальнікі называюць наступныя: адсутнасьць прагрэсу ў справе зьніклых палітыкаў, шматлікія маніпуляцыі ўладаў на выбарах, пастаянны перасьлед апазыцыі.

Як піша “Frankfurter Rundschau”, самі беларускія апазыцыянэры неаднаразова скардзіліся з нагоды таго, што пасьля 11 верасьня 2001 году міжнародная грамадзкасьць (галоўным чынам эўрапейскія структуры) стала выяўляць ўсё меншы інтарэс да сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Апошнія арышты і затрыманьні ў Менску яшчэ больш пераканалі амэрыканскае кіраўніцтва ў неабходнасьці паскарэньня трансфармацыі ў Беларусі. У мэтах падтрымкі дэмакратычных працэсаў у краіне ЗША мяркуюць выдаткаваць апазыцыі 40 мільёнаў даляраў ЗША.

Аналізуючы разьвіцьцё беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў, аглядальнікі “Frankfurter Rundschau” і шэрагу іншых нямецкамоўных СМІ, узгадваюць наступныя моманты. Афіцыйны Менск назваў амэрыканскі Акт адносна дэмакратызацыі Беларусі дэструктыўным і падкрэсьліў, што падобныя захады нэгатыўна адаб’юцца на разьвіцьці двухбаковых дачыненьняў. Што тычыць прапановаў ЗША адносна скарачэньня міжнароднай фінансавай падтрымкі краіны, то на гэта беларускае кіраўніцтва пакуль не прарэагавала.

Трэба ўзгадаць, што крыху раней Лукашэнка накіраваў на працу ў ЗША аднаго з найлепшых сваіх дыпляматаў Міхаіла Хвастова. Тады менскі кіраўнік нечакана зьмяніў тон і характар сваёй рыторыкі: маўляў, Беларусь мусіць шукаць агульную мову з ЗША дзеля будаўніцтва новых двухбаковых дачыненьняў. Паводле амэрыканскіх назіральнікаў, хутчэй за ўсё афіцыйны Менск чакае, як будзе далей разьвівацца амэрыканская лінія Крамля.
XS
SM
MD
LG