(Зьміцер Падбярэскі: ) “Летась у Беларусі было выдадзена каля 30 альбомаў з музыкай розных жанраў ды стыляў, запісанай айчыннымі выканаўцамі. Зважаючы на цэлы шэраг нюансаў, гэта ў цэлым і ня так мала. Адначасова, калі прыгледзецца да нашага музычнага рынку, лёгка заўважыць, што выдавецкіх фірмаў у Беларусі — найбольш як пальцаў на адной руцэ. Пры гэтым многія калектывы і салісты тыражавалі альбомы самі. І з усіх гэтых фірмаў толькі адна сёньня выяўляе сапраўдную актыўнасьць, калі зважаць на тое, хто і як працуе менавіта зь беларускімі выканаўцамі. Гэта “БМАгруп”.
Як складаецца палітыка фірмы, чым выкліканае яе зьяўленьне на рынку, на якую аўдыторыю яна працуе, як выданьні “БМАгруп” даходзяць да аматараў музыкі? Вось на ўсе гэтыя пытаньні я і папрашу адказаць Віталя Супрановіча, выдаўца, прадусара і, трэба думаць, ідэоляга “БМАгруп”, якога я і запрасіў у студыю Радыё Свабода. Вітаю цябе, Віталь! Чым ты кіраваўся, калі вырашыў заснаваць “БМАгруп”?”
(Віталь Супрановіч: ) “Усё пачалося з маёй асабістай цікавасьці да беларускай музыкі. Я бачыў, што існуюць некаторыя фірмы, якія спрабуюць забясьпечыць попыт на беларускую музыку, і я бачыў, што большасьць гэтых фірмаў не працуе сыстэмна, і мы разам з маім сябром Сержуком Сахаравым вырашылі паспрабаваць самі дапамагаць беларускім музыкам і выдаваць тое, што ў першую чаргу цікавіць нас саміх”.
(Падбярэскі: ) “Ці можаш ты адкрыць камэрцыйную таямніцу і паведаміць, якія сярэднія наклады выданьняў “БМАгруп” і які з вашых альбомаў меў найбольшы камэрцыйны посьпех?”
(Супрановіч: ) “Цяпер мы выдаем дыскі накладам 1000 асобнікаў. Гэта найбольш прымальны варыянт для беларускага дыску, бо гэта мінімальны наклад, які можна зрабіць на заводзе. А мы выдаем дыскі толькі заводзкім чынам. Вельмі быў папулярны другі дыск з сэрыі “Вольныя танцы” — мы зрабілі паўтары тысячы, і быў вельмі вялікі попыт на яго”.
(Падбярэскі: ) “Мы загаварылі пра камэрцыю, і таму хачу спытацца: а ці можна, па-твойму, на беларускай музыцы зарабіць?”
(Супрановіч: ) “Мне здаецца, можна. Хаця калі “Беларуская музычная альтэрнатыва” пачынала сваю дзейнасьць, мы ня ставілі сабе гэта за мэту. Мы проста хацелі запоўніць тую нішу, якая была. На сёньняшні дзень ёсьць некалькі гуртоў, якія ня толькі самаакупныя, але якія могуць ужо самі зарабляць грошы і, супрацоўнічаючы зь якімі, можна таксама атрымліваць нейкі прыбытак”.
(Падбярэскі: ) “Цяпер, Віталь, традыцыйнае нетактоўнае пытаньне. Летась, калі я правёў невялікі маніторынг на рынку ў Ждановічах, амаль усе гандляры казалі, што ўпершыню чуюць такую назву як “БМАгруп”.
(Супрановіч: ) “Мы стараемся якраз-такі працаваць на больш шырокую аўдыторыю. Справа ў тым, што нашая дзейнасьць у найлепшым выпадку самаакупная, бо ня кожны наш праект выходзіць нават на нуль. У “Беларускай музычнай альтэрнатыве” ня вельмі шмат людзей, і тыя, хто з намі, супрацоўнічаюць на такіх валанцёрскіх умовах. Калі б у нас была такая шырокая камэрцыйная структура, асобны чалавек бы працаваў на распаўсюдзе, асобны працаваў бы на рэкляме. Цяпер, у прынцыпе, я вымушаны займацца і продажам, і стварэньнем дыскаў, і іх рэклямай”.
(Падбярэскі: ) “Проста рукі да ўсяго не даходзяць?..”
(Супрановіч: ) “Ну так… І таму, можа, так проста і атрымліваецца, што мы ня ўсюды можам пакрыць нейкія сфэры”.
(Падбярэскі: ) “Слова таму, хто мае непасрэднае дачыненьне да прадукцыі фірмы “БМАгруп”. Гаворыць намесьнік дырэктара менскай спэцыялізаванай музычнай крамы “Падземка” Валеры”.
(Валеры: ) “Гэта прадукты, якія ў большасьці сваёй цікавяць сучасную беларускую моладзь. І яна цікавіцца гэтым, і добра набывае. Апошняе іх выданьне — такая група “Партызон”, кампіляцыі добрыя беларускія, гардкор там, “Нэйра Дзюбэль” яны выпускалі, шмат чаго цікавага. Ня думаю, што гэта вельмі камэрцыйная справа, але ў прынцыпе дастаткова слухачоў — прынамсі ў Беларусі заўсёды адшукаюцца. Магчыма, нават і па-за межамі Беларусі. Прагрэс, безумоўна, ёсьць: людзі пачалі больш выдавацца дзякуючы такім вось фірмам, як “БМА”. Беларускі рынак з году ў год пашыраецца ўсё больш і больш”.
(Падбярэскі: ) “Я думаю, што ты ня будзеш пярэчыць адносна такога вядомага старога прынцыпу, што лягчэй вырабіць тавар, чым потым яго прадаць. Зноў жа, калі тое не таямніца: які працэнт вашага бюджэту скіраваны на рэкляму?”
(Супрановіч: ) “Калі бюджэт выданьня дыску складае недзе 1000–1200 даляраў, дык недзе на рэкляму мы аддаем даляраў 300. Працэнтаў 20–30 ад бюджэту нейкага альбому мы аддаем на рэкляму. Цяпер сытуацыя крыху мяняецца ў нашай дзейнасьці: мы пастаянна зьвяртаемся да гандляроў з прапановамі. Але іх таксама можна зразумець, бо для іх прасьцей, асабліва на рынках, дзе месца абмежаванае, паставіць нейкую прадукцыю, якая за дзень прадасца ў колькасьці 100 ці 200 штук, а адзін беларускі дыск можа прадавацца, скажам, за тыдзень. Таму натуральна, што яны ня ведаюць “Беларускай музычнай альтэрнатывы”.
(Падбярэскі: ) “Вы калі-небудзь спрабавалі вызначыць, хто яна — вашая аўдыторыя?”
(Супрановіч: ) “У прынцыпе, мы працуем для людзей, якія цікавяцца беларускай музыкай. І тут нельга сказаць, што гэта студэнты ці больш старэйшае пакаленьне. Мы стараемся забясьпечыць попыт людзей на розную музыку, бо мы выдаем і музыку для моладзі, і такую сэрыю “Беларускі музычны архіў” (дарэчы, некаторыя дыскі ў нас выходзілі пры падтрымцы Радыё Свабода), якія разьлічаныя на старэйшую аўдыторыю. Адным словам, мы працуем на вельмі шырокую аўдыторыю, якая цікавіцца беларускай музыкай, але больш працуем для моладзі, таму што мы самі маладыя людзі і, вядома, нам больш падабаецца моладзевая музыка”.
(Падбярэскі: ) “Яшчэ адно, калі можна, ня надта тактоўнае пытаньне. Часта вы прадстаўляеца выканаўцаў з уласнае, так бы мовіць, стайні ці не як зорак. Тым ня менш, узровень многіх, мякка кажучы, пакідае жадаць лепшага. Вам ніхто не казаў, што, здараецца, ваш тавар часам ня надта якасны?”
(Супрановіч: ) “У прынцыпе, бывае такое. Але калі мы, напрыклад, кажам, што нейкі гурт — зорка, то мы выказваем уласную думку, і я ўпэўнены, што ў нармальнай краіне пры падтрымцы гэтых гуртоў кожны зь іх мог бы стаць зоркай. Я думаю, што ўсе разумеюць, што на сёньняшні дзень якасьць запісаў беларускіх музыкаў саступае якасьці запісаў замежных гуртоў. Але некаторыя прадукты, запісаныя тут, могуць ужо цалкам канкураваць з замежнымі”.
(Падбярэскі: ) “Як ацэньваюць дзейнасьць “БМАгруп” менскія журналісты? Слова музычнаму аглядальніку “Белорусской газеты” Дзьмітрыю Бескаравайнаму”.
(Бескаравайны: ) “Калі б я апынуўся на пасадзе Супрановіча, я б рабіў тое ж самае, працаваў бы з сучаснай музыкай, а таксама з архіўнымі матэрыяламі. Мабыць, зьмяніліся б асобныя погляды, але наогул я лічу, што дзейнасьць “БМАгруп” — яна вельмі каштоўная для сучаснай беларускай музыкі. Не заўжды рэлізы “БМАгруп” адпавядаюць некаторым крытэрам якасьці, але гэта наогул праблема ўсёй беларускай музыкі, і вінаваціць у гэтым Віталя Супрановіча будзе несправядліва”.
(Падбярэскі: ) “Чым плянуе зьдзівіць “БМАгруп” аматараў музыкі сёлета?”
(Супрановіч: ) “Літаральна на днях у нас будзе прэзэнтацыя другой часткі зборніка беларускай музыкі “Гард лайф — гэві м’юзык 2”, мы працуем над зборнікам “Трыб’ют гурта “NRM”. Ужо гурт “Краски” зрабіў для нас песьню, што стала вялікай неспадзяванкай для ўсіх: першым гуртом, які згадзіўся зрабіць для нас песьню, і першы, хто зрабіў для нас песьню і запісаў яе, быў гэты гурт. Была вялікая нечаканасьць і для самога гурта “NRM”, і для нас. Акрамя таго, гэтая песьня “Тры чарапахі” ў выкананьні гурта “Краски” на беларускай мове ўвойдзе ў іх новы альбом. У Маскве гэты гурт ня лічыцца беларускім, таму там дзівіліся, што такі вось быццам бы расейскі гурт зрабіў песьню на беларускай мове.
Мы будзем працягваць працаваць над сэрыяй “Беларускі музычны архіў”, магчыма, выдадзім дыскі Данчыка, таму што і на гэта ёсьць попыт”.
(Падбярэскі: )”Добра, дзякуй! Пажадаю табе і “БМАгруп” плёну на ніве прапаганды беларускай музыкі і запаўненьня тых нішаў, якія сапраўды — трэба сказаць, тут я з табой на 100% згодны — часам практычна не запоўненыя, што да папулярнай музыкі. Спадзяюся, мы яшчэ сустрэнемся неаднойчы”.