Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЕСЬ КАСКО: “БЕЛАРУСЬСЮ ГУЛЯЮЦЬ, ЯК КАРТАЙ”


Міхась Скобла, Менск

Своесаблівым сымбалем незалежнага друку ў Беларусі стаў мяккі знак, які цьвёрда бароніць свае пазыцыі. А сымбалем сучаснай літаратуры патроху стае шматкроп’е — як знак недапісанага, не прамоўленага да канца. Шматкроп’яў на старонках кніг і пэрыёдыкаў большае. У майго суразмоўцы, паэта і журналіста з Жабінкі Алеся Каска, нават выйшла кніга пад назовам “Трохроп’е”. Родам Алесь з колісь слаўнага на ўвесь палескі край Чудзіна, са згадкі пра які й пачалася нашая гутарка.

(Міхась Скобла: ) “Алесь, 150 гадоў таму ў тваім Чудзіне, што пад Ганцавічамі, запісваў казкі й прымхі беларусаў-палешукоў вядомы фальклярыст Сержпутоўскі. А чым вёска жыве сёньня?”

(Алесь Каско: ) “Ты сказаў — мой Чудзін... Мае таполі сьпілаваныя, мая вуліца заасфальтаваная, мая Лань выпрастаная, мае лясы выпаленыя й высечаныя, найперш вайскоўцамі. Але “як бы мой край ні выполвалі, адрастаюць памяць і любоў” — гэтак я вершаваў у маладосьці. Ты не паверыш, але аўтэнтычны фальклёр, цудоўныя казкі, у Чудзіне я запісваў яшчэ дзесяць гадоў таму — ад Матруны Савені. Можа быць, яна была апошняй казачніцай. Нядаўна тыя казкі выйшлі ў кнізе “Чыстага ўсё нячыстае баіцца”.

(Скобла: ) “Жыць. Выжыць. Перажыць. Які з гэтых дзеясловаў табе найбліжэй, больш адпаведны твайму сьветапогляду?”

(Каско: ) “Хутчэй за ўсё — перажыць. Перажыць найперш сябе сёньняшняга, у якога настрой не адпавядае таму, каб жыць па-сапраўднаму. Перажыць тыя цяжкасьці, якія перажывае наша краіна, цяжкасьці найперш псыхалягічныя. Эканамічныя ня так страшныя — і жабракі жывуць. Але калі ў чалавека псыхалягічная траўма ад таго, што пачынаюць гандляваць тваёй краінай, гуляць ёю, як картай, дык вядома ж, адчуваеш сябе няўтульна на гэтай зямлі. Людзі ня бачаць пэрспэктывы, ня маюць працы. А беспрацоўныя — гэта патэнцыйныя самагубцы…”

(Скобла: ) “Я акурат і хацеў працягнуць гутарку ў гэтым сумным рэчышчы. Яшчэ нядаўна ў Жабінцы было два паэты — так, прынамсі, бачылася зь Менску — Каско і Васіль Сахарчук. Сахарчук, паэт і выдатны перакладчык з баўгарскай, самахоць пайшоў з жыцьця. Выпадак, на жаль, не такі ўжо й рэдкі сярод творцаў. Хто ці што можа даць мастаку права на самагубства?”

(Каско: ) “Вельмі складанае пытаньне. На яго мог бы адказаць толькі той, хто спрабаваў сам пайсьці на той сьвет. Мы з Васілём былі блізкімі сябрамі, але нават мне ён гэтага не адкрываў. Хоць я ўсё разумею... На фоне сёньняшняга жыцьця, сацыяльнай неўладкаванасьці чалавек ня бачыць патрэбы ў сваім жыцьці. Ён увесь час чакае пераменаў, навізны, а іх няма. Пачынаецца дэпрэсія, а калі яшчэ і асабістыя праблемы накладваюцца... Паэт — натура багатая, і калі ягоны ўнутраны сусвет ня можа знайсьці гармонію суіснаваньня з унутраным мікракосмам, адбываецца трагедыя”.

(Скобла: ) “У сваёй кнізе “Трохкроп’е” ты ўсім паэтам выпісваеш дзіўную мікстуру — раіш абавязкова чытаць Ніцшэ. А ці не пагражае чытаньне Ніцшэ вынікам, які напаткаў Васіля Сахарчука?”

(Каско: ) “Я меў на ўвазе беларускіх паэтаў, якія ў бальшыні сваёй бязвольныя, далікатныя і бездапаможныя. Ніцшэ, аднак, нельга чытаць людзям зь няўстойлівай псыхікай. Ніцшэ піша, што ты павінен спакойна ўспрымаць думку пра непазьбежнасьць сьмерці. А спакойна ўспрымеш тады, калі да канца пражывеш, што табе наканавана. Трагедыя можа прывесьці да думкі аптымістычнай, волю чалавека абудзіць. Глядзіце, фільм “Тытанік” — выдатны, геніяльны фільм. Здавалася б, бездань, чарната, сьмерць, але над усёй безданьню — дух каханьня!”

(Скобла: ) “Ніцшэ адмаўляе хрысьціянства, лічыць яго рэлігіяй слабых і бязвольных. Але калі звышчалавека не атрымалася, узьнікаюць перадумовы для суіцыду…”

(Каско: ) “Я меў на ўвазе не філязофію Ніцшэ, а толькі абуджэньне духу. “Што добра? — кажа Ніцшэ. — Усё, ад чаго ў чалавеку ўзрастае пачуцьцё сілы”. Я гэта прымаю і рэкамэндую Ніцшэ нашым бездапаможным творцам найперш у псыхалягічным аспэкце. Але многія пастуляты Ніцшэ я не магу прыняць. “Хай гінуць слабыя”. Гэта непрымальна”.

(Каско: ) “Давай крыху закранем грамадзка-палітычныя тэмы, якімі жыве краіна. Сёньня нямала гаворыцца пра магчымы рэфэрэндум, на які можа быць вынесенае пытаньне пра трэці тэрмін паўнамоцтваў прэзыдэнта. Як гэта можа быць успрынята на Берасьцейшчыне?”

(Каско: ) “Рэфэрэндумы павінны праводзіцца толькі тады, калі насьпяваюць нейкія архіважныя пытаньні, датычныя ўсяго народу. А не для таго, які сьцяг павінен быць у дзяржаве, якая мова, ці які тэрмін прэзыдэнцкі. Такія пытаньні не вырашаюцца праз рэфэрэндумы, яны не прадугледжаныя Канстытуцыяй. Падобным плебісцытам загадзя не давяраеш, бо яго вынікі відавочныя — вырашыцца так, як трэба ўладам. Перад рэфэрэндумам 1995 году я напісаў верш, які пры надрукаваньні быў моцна зьменены, хоць нібыта й цэнзуры тады яшчэ не было.

Вось гвалтоўны гісторыі ход:
пагарджаны вякамі народ,
што душою аглух і асьлеп,
плюне ў мову, і ў сьцяг свой, і ў герб.

І тады, як адвернецца сьвет,
не апомніцеся, прэзыдэнт?
— Нет.

Набрыняе крывёй каляндар,
кіне Бога сумленны сьвятар.
Роспач вусны прароку замкне,
вучні ўтопяць жалобу ў віне.

І тады, як сьмерць прыме паэт,
не пакаецеся, прэзыдэнт?
— Нет.

Шчэ ёсьць вера ў інакшы зыход:
да глумленьня ня дойдзе народ
са сьвятыняў сваіх напаказ...

І тады, калі грымне адказ,
што ня гнюс ён і не самаед, —
не застрэліцеся, прэзыдэнт?
— Нет”.

(Скобла: ) “Да ведама нашых слухачоў — твая кніга “Трохкроп’е” выйшла ў незалежным берасьцейскім выдавецтве “Выдавецкі дом Лаўрова”. Зважаючы на тое, што наклад зборніка ўсяго 300 асобнікаў, прачытай твор, які, на тваю думку, павінен пачуць кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь”.

(Каско: ) “Ты згадаў Берасьце, а верш называецца — “У Менску”:

Можна ў дождж абмакнуць пяро,
зь ім па горадзе прагуляцца,
спрэс мэтафарным: як таўро —
герб-вянок, што павіс над пляцам.
Пазірае стуль дом-цыклёп
аднавока, з-пад сьцяга-вейкі...
Гідка мне: герб — уласны горб,
а ня нейчы ці вечны нейкі.
Ці ж і мною ня віўся верш
пра паненак, лілеі ў лодцы?..
Пад рабром меч Пагоні — лепш,
чым вянок, як пятля, на глотцы.
Гідкі горад, ягоны сьвет,
заільнёны, заканюшынены.
Гідка думаць, што я паэт:
у айчыне — ды без айчыны”.

(Скобла: ) “Трохкроп’е звычайна ставіцца на месцы недапісанага, недагаворанага. Мне не хацелася б нашую гутарку закончыць гэткім знакам пунктуацыі. Але час наш амаль скончыўся. Літаральна маем некалькі сэкундаў для твайго апошняга слова”.

(Каско: ) “Нікога не хачу суцяшаць. Але жыць варта. Няхай жыцьцё наша сёньня падводнае, бруіцца недзе ў глыбіні, але прыйдзе час, і яно, жывое й здаровае, вырвецца на паверхню”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG