Міністэрства замежных справаў Расеі паведаміла, што рыхтуюцца зьмены міжурадавых пагадненьняў з краінамі СНД пра ўзаемныя бязьвізавыя паездкі грамадзянаў. Паводле расейскага МЗС, будуць перагледжаныя сьпісы дакумэнтаў, зь якімі можна ўяжджаць на тэрыторыю Расеі: “Зь іх мяркуецца выключыць ведамасныя дакумэнты, унутраныя пашпарты й пасьведчаньні асобы, а таксама пасьведчаньні аб нараджэньні”.
Мова йдзе ня толькі пра ўезд, але й знаходжаньне ў Расеі грамадзянаў краінаў СНД. Пра Беларусь у гэтым паведамленьні ніводнага слова няма, таму я патэлефанаваў кіраўніку аддзелу апэратыўнае інфармацыі МЗС Расеі Ўладзімеру Ашуркаву й спытаўся:
(Карэспандэнт: ) “Гэта Беларусі датычыць ці не?”
(Ашуркаў: ) “Там жа мова йдзе пра краіны СНД — значыць, датычыць. Тут пра Беларусь канкрэтна мова ня йдзе, але з улікам таго, што мы маем зь Беларусьсю дамову пра саюзную дзяржаву, можа быць, будуць нейкія нюансы, але я, на жаль, акрамя таго, што сказана ў нашым паведамленьні, нічога афіцыйна вам сказаць не магу”.
Паводле спадара Ашуркава, пакуль ніякіх выключэньняў для грамадзянаў Беларусі расейскае МЗС рабіць не плянуе. У Беларусі, як вядома, толькі адзін пашпарт — і ўнутраны, і замежны. Цяпер за яго выдачу трэба заплаціць менш за 4 тысячы рублёў. Аднак для замежных паездак патрэбны адмысловы штамп дазволу на выезд, які дзейнічае пяць гадоў і каштуе 66500 рублёў — вялікія для многіх беларусаў грошы. Хаця Канстытуцыйны суд Беларусі яшчэ летась рэкамэндаваў скасаваць абавязковасьць гэтага штампу, безь яго па-ранейшаму за мяжу ня пусьцяць, і з Расеі ў трэція краіны не выпусьцяць.
Нягледзячы на тое, што пашпартнага кантролю на беларуска-расейскай мяжы няма, грамадзяне Беларусі мусяць паказваць пашпарт падчас рэгістрацыі для часовага знаходжаньня на тэрыторыі Расеі. Мяркуецца, што без дазвольнага штампу беларускі пашпарт расейская міліцыя прызнаваць пасьля анансаваных зьменаў ня будзе.
Да таго ж паўстане праблема зь перавозкай дзяцей — калі ў Расеі дастаткова проста ўклеіць фота дзіцяці ў пашпарты бацькоў, дык у Беларусі нават для немаўляці трэба атрымліваць асобны пашпарт. Камэнтуючы сытуацыю, прэсавы сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных кажа, што Менск будзе “настойваць на асаблівым рэжыме для беларусаў”.