Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЧЫСТКА СЬВІСЛАЧЫ Ў МЕЖАХ МЕНСКУ ПРЫПЫНЕНАЯ З-ЗА НЕДАХОПУ ГРОШАЙ


Ганна Соусь, Менск

Да 20 красавіка рэчышча Сьвіслачы ў Менску зноў напоўніцца вадой: першы этап ачысткі завершаны. Каб працягнуць гэтую справу, няма грошай. Пра гэта паведаміў Радыё Свабода галоўны інжынэр упраўленьня эксплюатацыі Вялейска-Менскай воднай сыстэмы Андрэй Цеплякоў:

(Цеплякоў: ) “Усё залежыць ад фінансаваньня. Плянавалася распачаць другі этап сёлета ўвосень. Але з прычыны адсутнасьці сродкаў працы плянуецца аднавіць восеньню 2004 году. Гэта будзе другі ўчастак Сьвіслачы — ад парку імя Горкага далей уніз па рацэ, да вадасховішча ЦЭЦ-2 уключна”.

Паводле прадстаўніка “Менскводаканалу” Андрэя Цеплякова, праблема палягае яшчэ і ў тым, што ачыстка Сьвіслачы ад глею без рэканструкцыі калектараў ліўневай каналізацыі будзе марнай. У Менску ў раку ўпадае каля 150 ліўневых калектараў, 13 зь іх вялікія, і яны ёсьць асноўнымі забруджвальнікамі вады.

Як паведаміў Радыё Свабода галоўны інжынэр прадпрыемства “Гаррамліўнесток” Валер Шамрук, пакуль завершаныя працы толькі на адным з буйных калектараў — Камароўскім, на іншых трох дзейнічаюць больш прымітыўныя фільтры.

(Шамрук: ) “Праводзіцца праграма, каб у рысе гораду ні адзін калектар ліўневай каналізацыі ня меў выхаду наўпрост у Сьвіслач. Прапрацоўваецца праграма, каб усе цяперашнія выхады накіраваць у прамвузел Калядзічы ды ўсталяваць там шыкоўныя ачышчальныя прыстасаваньні”.

Але ўсё гэта адкладваецца на неакрэсьленую будучыню, калі зьявяцца грошы.

А вось як сытуацыю пракамэнтаваў намесьнік старшыні Беларускай экалягічнай партыі зялёных Яўген Церахаў, які амаль 15 гадоў сочыць за станам вады ў Сьвіслачы:

(Церахаў: ) “Нядаўна ішоў праз парк Горкага. Бачна, як трапляе празь ліўневую каналізацыю вада ў раку — усё, што зьверху сьцякае, ідзе па трубе ў Сьвіслач. Калі гэтых фільтраў ня будзе, уся праца будзе марнай. Рака зноў занясецца глеем. Што рабіць, каб праца стала выніковай? Фільтры трэба ставіць. Трэба, каб зь Менскага мора вада ішла чыстая. Трэба ад вытоку, ад крыніцы ісьці зьверху, а потым ужо крок за крокам вычышчаць усю трасу, якой вада ідзе, ставіць фільтры, а потым чысьціць саму раку. Пачалі чамусьці не з пачатку працы, а зь сярэдзіны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG