Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЬПІНІСТКА ІРЫНА ВЯЛЯНКОВА МАРЫЦЬ ПРА ЭВЭРЭСТ


Ігар Карней, Менск

Майстар спорту міжнароднай клясы Ірына Вялянкова — самая знакамітая беларуская альпіністка. На яе рахунку — найвышэйшыя пункты Эўропы, Азіі, Паўночнай Амэрыкі. Але найвялікшая мара (як і ў любога прафэсійнага ўзыходніка) — Эвэрэст, пакуль не рэалізаваная. Аднойчы Вялянкова да сваёй мэты наблізілася. Менавіта ў Гімалаях яна скарыла свой першы васьмітысячнік — пік Канчынджанга.

Але асабісты рэкорд каштаваў дорага: вяртаючыся ўніз, трапіла ў сьнежны палон і 13 гадзінаў правяла на абледзянелай мэтровай пляцоўцы. У выніку — абмаражэньне твару, ампутацыя пальцаў ног, пятачных касьцей і вымушаны адыход ад справы. Але нядаўна, ужо ў рангу інваліда, Вялянкова зноў пайшла ў горы: першай сярод беларусаў паднялася на гару МакКінлі — найвышэйшую ў Паўночнай Амэрыцы. Удзел у сьвяточных мерапрыемствах, што пры канцы траўня пройдуць у Катманду, лічыць справай гонару.

(Вялянкова: ) “Я атрымала афіцыйнае запрашэньне з Нэпалу, хоць ніколі не стаяла на Эвэрэсьце. Чаму запрасілі? Напэўна, у зьвязку з тым, хто я і што я раблю, і для іх гэта ўнікальная зьява ў міжнароднай практыцы выжываньня на такіх вышынях. Для мяне паездка вельмі важная — найперш магчымасьцю акунуцца ў сьвята і пабыць зь людзьмі, аднолькавымі па духу. Па-другое, змагу рэальна заручыцца падтрымкай сябра міжнароднай асацыяцыі гораўзыходнікаў Анг Цырынга Шэрпы — чалавека, які ўзначальвае арганізацыю “Asia Tracking”, празь якую пляную ажыцьцяўляць усе свае ўзыходжаньні ў Гімалаях”.

Ірына Вялянкова марыла ажыцьцявіць узыходжаньне на Эвэрэст цягам 2003 году, але так і не сабрала неабходных 12 тысяч даляраў. А днямі яна атрымала афіцыйны ліст ад Міністэрства спорту і турызму з адмовай у дапамозе.

(Вялянкова: ) “У адказе напісана, што яны схіляюцца перад маімі заслугамі, перад тым, што я раблю дзеля разьвіцьця нацыянальнага спорту ў міжнародным маштабе, але Міністэрства ня мае сродкаў для дапамогі мне… Я ўпершыню зьвярнулася ў дзяржаўныя структуры, але адчула сябе не патрэбнай дзяржаве. Зь цяжкасьцю стрымліваюся, каб ня скласьці крылы... У Беларусі, як заўсёды, усё добра на словах, а не на справе”.

Каб узяць удзел у юбілейных мерапрыемствах у сталіцы Нэпалу, Ірыне Вялянковай неабходная сума значна меншая, чым патрабуе ўзыходжаньне — усяго каля 900 даляраў (гэта кошт квіткоў ад Масквы да Катманду і назад зь перасадкай у Дэлі). У Міністэрстве спорту кажуць, што нават такіх вольных сродкаў ня маюць. Вялянкова пакуль займаецца тым, што спрабуе пераканаць у важнасьці сваёй місіі бізнэсоўцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG