Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КУДЫ СЁЛЕТА ПАЕДУЦЬ АДПАЧЫВАЦЬ БЕЛАРУСЫ?

Ігар Карней, Менск

У працу турыстычных агенцтваў унесла карэктывы вайна ў Іраку. Фірмы вельмі спадзяюцца, што да пачатку масавых адпачынкаў вайсковыя дзеяньні ў Пэрсідзкай затоцы спыняцца. Пакуль жа тых, хто жадаў бы адпачыць у неспакойным рэгіёне, адзінкі. Менавіта з гэтай нагоды турапэратары і б’юць трывогу. Бо, як бы ні скончылася вайна ў Іраку, фірмы, якія дагэтуль спэцыялізаваліся на адпачынку ў Турэччыне, Эгіпце, Арабскіх Эміратах, мусульманскіх краінах Афрыкі, нясуць страты ўжо цяпер.

І гэта пры тым, што такіх нізкіх коштаў на адпачынак не было яшчэ ніколі. Мяркуйце самі: расейскія турапэратары, празь якіх працуе бальшыня беларускіх турфірмаў, прапануюць тыднёвы адпачынак ў чатырохзоркавых гатэлях за 150–180 даляраў. Крыху даражэй будзе каштаваць адпачынак у Турэччыне і Тунісе. Але нават пры такіх прывабных цэнах жадаючых ляцець у гэтыя краіны няшмат. Магчыма, пакуль няшмат, бо кіраўнікі фірмаў спадзяюцца, што пасьля завяршэньня вайны ў Іраку турысты ўсё ж скіруюцца ў той рэгіён.

Ці не паўплывае на турыстычны бізнэс яшчэ адна навала апошняга часу — нечаканая ўспышка нетыповай пнэўманіі з эпіцэнтрам ў Паўдзённа-Ўсходняй Азіі? Беларусы, як, дарэчы, і эўрапейцы, ужо некалькі сэзонаў абіраюць адносна недарагія, але камфортныя курорты экзатычнага Тайлянду. На Тайлянд, магчыма, усё ж адзінкі паляцяць, бо цэны, сапраўды, для пэўных людзей прымальныя.

А вось што да іншых экзатычных азіяцкіх краінаў, то, як распавялі мне кіраўнікі некаторых буйных турыстычных фірмаў, якія прапануюць менавіта такія экзатычныя туры, то і так невялікі попыт (а цэны на падобныя падарожжы рэдка апускаюцца ніжэй за паўтары тысячы даляраў) сышоў на нуль. Падобна, гэта якраз той выпадак, калі эпідэмія палохае людзей болей, чым вайна, бо Эгіпэт ці Турэччына ўсё ж запатрабаваныя.

Апроч Тайлянду, які знаходзіцца ў непасрэднай блізкасьці да санітарнай зоны, людзі адмаўляюцца таксама ад Шры-Ланкі, дзе днямі таксама зафіксаваны выпадак небясьпечнай хваробы. Прадстаўнікі турфірмаў непакояцца, што на няпэўны тэрмін можа зьнізіцца попыт на новы і ўжо нават папулярны кірунак — Віетнам.

Самі турапэратары мяркуюць, што сёлета зноў будзе папулярная Баўгарыя, і немалая колькасьць прадстаўнікоў гэтай краіны на выставе — ускоснае таму пацьверджаньне. Мяркуецца, што больш беларусаў наведае сёлета Харватыю. Аднак ня выключана, што і без таго высокія кошты на адпачынак ў Харватыі могуць яшчэ болей падвысіцца, і таму спадзяваньні могуць не супасьці з прагнозамі.

Але найперш турыстычны рынак будзе пераарыентаваны на краіны Балтыі. Апроч звыклых Палангі і Юрмалы, вельмі актыўна на выставе рэклямуецца Эстонія, найперш, санаторнае лекаваньне. Турапэратары кажуць, што апошнімі гадамі Эстонія зрабіла значны крок на рынку турыстычных паслугаў, пабудаваўшы з дапамогай фінаў і швэдаў санаторыі й гатэлі эўрапейскай клясы. Дый вада там у сярэдзіне лета не такая ўжо і халодная, бо пры берагах неглыбока. І — калі, натуральна, пашчасьціць з надвор’ем.
XS
SM
MD
LG