Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖЫХАРЫ БАСРЫ ЗАКІДАЛІ КАМЯНЯМІ ДОМ НОВАГА КІРАЎНІКА ГОРАДУ


Сяргей Абламейка, Прага

У сераду 10 красавіка нарэшце стала вядомае імя “сакрэтнага шэйха”, якога брытанскае камандваньне выбрала на ролю кіраўніка Басры. Яго завуць Мазагім Мустафа Канан Таміімі. Ён былы брыгадны генэрал у арміі Садама Хусэйна і былы член партыі БААС. Брытанскае камандаваньне, аднак, палічыла яго сучасныя погляды дастаткова антыхусэйнаўскімі для таго, каб кіраваць аднаўленьнем Басры.

У сераду шэйх Таміімі абнародаваў імёны 30-ці мясцовых лідэраў, якіх ён уключыў у новую кіраўнічую Раду. Гэтая навіна выклікала супярэчлівую рэакцыю мясцовага насельніцтва. Варожае Таміімі племя амаль узбунтавалася, людзі закідалі камянямі дом шэйха ў прыгарадзе Басры. У суседнім бядняцкім квартале шыіцкае насельніцтва правяло марш пратэсту – гэтыя людзі спачуваюць Ірану. І гэта пры тым, што Таміімі сам шыіт.

У сераду ў доме мясцовага гандляра драўнінай, сутракаючыся зь мясцовымі лідэрамі, Таміімі прызначыў новых кіраўнікоў паліцыі гораду і раёнаў і заклікаў паліцыянтаў прыступіць да выкананьня абавязкаў ў пятніцу. Паліцыя будзе бяз зброі, бо брытанскія сілы пакуль не дазваляюць ёй узбройвацца.

А тым часам, – піша Washington Post, – у Басры працягваюцца грабяжы, прычым на вачах у брытанскіх сілаў, якія пакуль ня ўстане спыніць марадзёраў. І гэта, на думку газэты, паказвае наколькі цяжкім будзе працэс пасьляваеннага аднаўленьня Іраку.

Супярэчнасьці, якія вырваліся навонкі пасьля прызначэньня Таміімі ў Басры, адбіваюць гістарычную варажнечу паміж шыіцкай большасьцю Іраку і суніцкай меншасьцю, якая, аднак, заўсёды кіравала ў краіне і жорстка ўціскала шыітаў. Апрача таго, вельмі значныя і супярэчнасьці існуюць і паміж рознымі плямёнамі, што таксама можа вельмі ўскладніць працэс стварэньня ў Іраку новай улады і дасягеньня згоды, парадку і спакою.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG