Цяперашняя дапамога разьмяркоўваецца праз розныя праграмы і мае на мэце падтрымку дэмакратычных працэсаў, структураў і выбараў. Сярод атрымальнікаў дапамогі: незалежныя мас-мэдыі, прыватны дробны і сярэдні сэктар эканомікі, грамадзкія арганізацыяі, мэдычныя ўстановы. “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” прадугледжвае ў нечым падобнае разьмеркаваньне дапамогі. Дэталі будуць распрацаваныя зноў такі Дзярждэпартамэнтам пасьля таго, як Акт будзе прыняты. Але гэтым разам найбольшая ўвага і сума пойдзе на падтрымку дэмакратызацыі выбарчага працэсу і падтрымку сродкаў масавай інфармацыі.
Калі Акт будзе прыняты, цяперашняя палітыка “абмежаваных кантактаў” будзе замененая палітыкай санкцыяў. Сутнасьць новага падыходу – гэта працяг былога, але зь некаторымі адрозьненьнямі: па-першае, “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” будзе заканадаўчай падставай для будучых дачыненьняў з сувэрэннай незалежнай Беларусьсю, і ў гэтым сэнсе гэты дакумэнт мае глыбокае сымбалічнае значэньне. Па-другое, фінансавая дапамога недзяржаўнаму палітычнаму сэктару павялічыцца ў 5 разоў ад заплянаванага цяпер. Па-трэцяе, калі цяперашняя палітыка рэжыму будзе працягвацца, да яго будуць уведзеныя эканамічныя, палітычныя і дыпляматычныя санкцыі, як, напрыклад, нявыдача віз і забарона на тэхналягічную мадэрнізацыю апарату і карных органаў і г.д.
Той факт, што Кангрэс ЗША ўзяўся за распрацоўку акту, які ў іншай сытуацыі быў бы справай штодзённай працы Дзярждэпартамэнту, мае вялікую значнасьць. Патлумачу, што распрацоўка міжнароднай палітыкі і разьмеркаваньне фінансаваньня – гэта выключная прэрагатыва Дзярждэпартамэнту ЗША, не Кангрэсу. Кангрэс тут як бы праявіў ініцыятыву і ўвайшоў у сфэру дзейнасьці выканаўчай улады. Аднак, разумеючы высокае сымбалічнае і палітычнае значэньне “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі”, Дзярждэпартамэнт не пярэчыць прыняцьцю Акту праз заканадаўчы орган. Калі Акт будзе прыняты, Дзярждэпартамэнту давядзецца пераразьмеркаваць грошы, адведзеныя на замежную дапамогу, такім чынам, каб забясьпечыць штогадовую саракамільённую дапамогу, як прадугледжана палажэньнямі Акту.
Нагадаю, на што павінны пайсьці сродкі паводле Акту:
1) назіраньне за выбарамі і спрыяньне свабодным выбарчым працэсам;
2) разьвіцьцё дэмакратычных палітычных партыяў;
3) радыё- і тэлевяшчаньне на Беларусь і ўнутры Беларусі;
4) разьвіцьцё няўрадавых арганізацыяў як у Беларусі, гэтак і за яе межамі, якія спрыяюць дэмакратыі і бароняць правы чалавека;
5) разьвіцьцё незалежных сродкаў масавай інфармацыі, якія дзейнічаюць у Беларусі і за яе межамі і абапіраюцца на недзяржаўныя друкарні;
6) міжнародны абмен і праграмы прафэсійнай падрыхтоўкі для кіраўнікоў і актывістаў дэмакратычных сілаў.
Сёньня стала вядома што яшчэ адзін кангрэсмэн, Раш Холт, далучыўся да спансараваньня Акту ў Кангрэсе.