Прафэсійныя вайскоўцы зь Беларусі, да якіх я зьвярнуўся па камэнтар з нагоды хуткага захопу Багдаду сіламі антыірацкай кааліцыі, аднадушна адзначалі развал сыстэмы арганізацыі ірацкай арміі. Паводле назіраньняў палкоўніка ў адстаўцы Алег Хандзюшкі, былога вайсковага дарадцы ў Эгіпце, генэралы падманвалі Садама Хусэйна, калі рапартавалі яму, што ператварылі Багдад у сапраўдную крэпасьць.
(Хандзюшка: ) “Яны дакладалі яму, але гэта быў самы сапраўдны блеф. Мы цяпер бачым па відэакадрах з Багдаду, што на вуліцах няма ані спаленай баявой тэхнікі, ані ўмацаваных дамоў. Узяць Брэсцкую крэпасьць, ці Сталінград, ці хаця б наш Магілёў — там трымаліся да апошняга, і гэта было бачна па ўсім, у тым ліку па разбурэньнях і па разьбітай тэхніцы. А тут было ўсяго шмат, а нічога не засталося”.
Палкоўнік Алег Хандзюшка таксама адзначыў, што жыхары Багдаду былі нэўтральныя і не аказвалі сваёй арміі бачнай дапамогі. Гэта ён тлумачыць тым, што насамрэч большасьць іракцаў не падтрымлівала ўладу Садама Хусэйна.
Генэрал-маёр Сяргей Булыгін, які ў сярэдзіне 1990-х гадоў камандаваў ваенна-паветранымі сіламі Беларусі, а цяпер працуе памочнікам міністра абароны, яшчэ ня мае канчатковых адказаў на некаторыя істотныя пытаньні адносна прычынаў хуткай паразы іракцаў. Але пэўныя высновы ён ужо зрабіў:
(Булыгін: ) “Я ведаю, што авіяцыя ў іх была, але куды яна падзелася, чаму ніяк ня вызначылася? Тое самае і адносна сыстэмаў супрацьпаветранай абароны, якія ў іх былі, але іх ня бачна”.
Вайсковую тэхніку, што была ў іракцаў, генэрал-маёр Сяргей Булыгін называе “каменным векам” у параўнаньні з тым, што было ў войскаў кааліцыі. Але гэта, паводле генэрала, не галоўная прычына паразы ірацкіх вайскоўцаў.
(Булыгін: ) “Іракцы — ня тыя ваякі, як, прыкладам, віетнамцы ці чачэнцы. І потым, відаць, не было асаблівай патрэбы гэтак ваяваць іракцам. Абараняць Радзіму і тырана — гэта вялікая розьніца”, — мяркуе адносна паразы ірацкага войска ў Багдадзе памочнік міністра абароны Беларусі генэрал-маёр Сяргей Булыгін.
Былы камандзір брыгады вайсковага спэцназу палкоўнік у адстаўцы Ўладзімер Барадач адзначыў непадрыхтаванасьць да сапраўднай вайны асабістай гвардыі Садама Хусэйна, на якую той ускладаў вялікія спадзяваньні. Прычыны Ўладзімер Барадач бачыць у спэцыфічным прызначэньні гэтых войскаў.
(Барадач: ) “Яна з задавальненьнем зьнішчала безабаронных грамадзянаў сваёй краіны, тых самых курдаў, але тут пачалася зусім іншая вайна. Іракцы маглі лепш умацаваць свае гарады, маглі наладзіць узаемадзеяньні частак, але гэтага не адбылося. Толькі Басра крыху сапраўды пратрымалася. А нацыянальная гвардыя часткова была зьнішчаная войскамі кааліцыі ў казармах, а часткова не пажадала ваяваць і разьбеглася. Галоўнае тут тое, што гэта карнікі, якія не маглі й ня могуць ваяваць супраць добра ўзброеных і падрыхтаваных войскаў”.
Палкоўнік у адстаўцы Ўладзімер Барадач аддаў належнае амэрыканскай выведцы і амэрыканскай дыпляматыі, якія дакладна вызначылі сапраўднае стаўленьне ірацкага грамадзтва — тое, што народнай падрымкі ў Садама Хусэйна насамрэч не было. “Чамусьці нашыя, гэтак сама як і расейскія адпаведныя службы, такой высновы не зрабілі й заблыталі свае ўрады”, — лічыць Уладзімер Барадач.