Пасьля паўгадавога знаходжаньня на “хіміі” ў Асіповічах яму зьмякчылі пакараньне, і ён ужо больш за месяц жыве дома.
(Маркевіч: ) “Я вымушаны адзначацца ў міліцыі. Міліцыя пастаянна сочыць за тым, што я раблю. Прыходзяць дахаты, цікавяцца, як я сябе паводжу. Вельмі істотнае абмежаваньне — я не магу выехаць за межы Рэспублікі Беларусь, пакуль ня скончыцца тэрмін пакараньня. Ну і таксама ёсьць цэлы шэраг іншых значных момантаў, якія ўскладняюць жыцьцё”.
Мікола Маркевіч гаворыць, што не пакідае думкі зноў выпускаць беларускамоўную газэту. Павал Мажэйка пасьля знаходжаньня ў папраўчай установе “ўмоўна-датэрмінова” вызвалены. Але вымушаны некалькі тыдняў наведваць міліцэйскія кабінэты.
(Мажэйка: ) “Усё маё цяперашняе існаваньне заключаецца ў асноўным у хаджэньні па розных міліцэйскіх структурах. Дзеля таго, каб адаптавацца ў нармальным грамадзтве “чалавеку з крымінальным сёньняшнім”, як мне сказалі ў міліцыі. Фактычна я па-ранейшаму не магу нармальна пачувацца на волі. Таму што ўвесь час сутыкаюся зь міліцыянтамі”.
Павал гаворыць, што стараецца паболей чытаць. А галоўнай падзеяй у ягоным цяперашнім жыцьці стаў канцэрт гурту “NRM”, які прыяжджаў у Горадню.