Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АФІЦЫЙНЫ МЕНСК ЗАКЛІКАЕ ДА ПАВАЕННАГА АДНАЎЛЕНЬНЯ ІРАКУ ПАД ЭГІДАЙ ААН

Валер Каліноўскі, Менск

Ніводзін зь беларускіх дзяржаўных тэлеканалаў не паказаў гістарычных кадраў: як натоўп багдадцаў пры дапамозе амэрыканскай вайсковай тэхнікі скідваў вялізны помнік Садама Хусэйна з пастамэнта. Аляксандар Лукашэнка ў гэты дзень на публіцы зьявіўся апранутым ва ўсё чорнае (чорнымі былі нават кашуля і гальштук).

Спадар Лукашэнка яшчэ не рабіў ніякіх заяваў у сувязі з падзеньнем Багдаду і рэжыму Садама Хусэйна, — паведаміла ягоная прэсавы сакратар Натальля Пяткевіч:

(Пяткевіч: ) “Пакуль яшчэ рана казаць аб тым, што адбываецца, паглядзіце тэлеканалы, іх настрой рэзка адрозьніваецца сёньня ад таго, што мела месца ўчора. Гэта вельмі нагадвае арганізаванае тэатралізаванае шоў”.

Спадарыня Пяткевіч зазначыла, што застаецца ў сіле ранейшая пазыцыя А.Лукашэнкі: “Беларусь супраць любых сілавых дзеяньняў і вайны, за мірнае ўрэгуляваньне канфліктаў выключна пад эгідай ААН”.

Прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Савіных заявіў, што Беларусь падтрымлівае рашэньне генэральнага сакратара ААН аб прызначэньні свайго адмысловага дарадцы па Іраку:

(Савіных: ) “Відавочна, што цяпер у Іраку сытуацыя складваецца такім чынам, што актыўная фаза вайсковых дзеяньняў падыходзіць да канца. Цяпер асноўны клопат міжнароднай супольнасьці — пытаньне пра пасьляваеннае аднаўленьне гэтай краіны. Пазыцыя Беларусі зводзіцца да таго, што мы выступаем за тое, каб менавіта ААН была надзеленая правам ажыцьцяўляць комплексную працу пасьляваеннага аднаўленьня гэтай краіны”.

Пытаньне пра накіраваньне зь Беларусі ў Ірак гуманітарнай дапамогі гэтак і ня вырашылася. Які лёс амбасадара Іраку ў Менску Салмана Зэйдана, таксама незразумела. А.Савіных кажа, што цяпер ён прадстаўляе ў Менску “дзяржаву Ірак”. Тым ня менш, нейкіх прыкметаў дзейнасьці ірацкая амбасада не выяўляе, ужо другі дзень там ніхто не адказвае на тэлефанаваньні, руху ля самога будынку таксама ня бачна. Але сьцяг Іраку і партрэты Садама Хусэйна і Аляксандра Лукашэнкі ля фасаду застаюцца на ранейшым месцы.

“Аляксандар Лукашэнка праводзіў вельмі няўдалую палітыку адносна Іраку, і таму застаўся ў самаізаляцыі”, — упэўнены вядомы апазыцыйны дзеяч А.Дабравольскі.

(Дабравольскі: ) “Паколькі цяпер рэжым Садама Хусэйна фактычна зьвергнуты, і мы бачым, што шмат хто з іракцаў — я не кажу, што ўсе, але шмат вельмі гэтым задаволеныя — то становіцца зразумелай уся тая аднабокасьць, непаслядоўнасьць, неаналітычнасьць беларускіх публікацыяў, якія адлюстроўвалі афіцыйны пункт гледжаньня. Былі толькі праклёны, нейкія прапагандысцкія заявы, а сур’ёзнага аналізу не было”.

Сам спадар Дабравольскі мяркуе, што зьнікненьне рэжыму яшчэ аднаго дыктатара стварае добры фон для пераўтварэньняў і ў Беларусі:

(Дабравольскі: ) “Гэта ніяк ня можа паўплываць на карысьць Лукашэнкі, калі людзі ўбачылі, што пасьля зьвяржэньня рэжыму Садама Хусэйна, пра які думалі, што ён вельмі моцны, кансалідаваны, што ўвесь народ яго падтрымлівае, аб чым увесь час казала афіцыйная ірацкая і беларуская прэса. Пасьля аказалася, што натоўпы людзей выходзяць на вуліцы і радуюцца таму, што гэтага рэжыму ўжо няма.

Вось я думаю, што Лукашэнка цяпер спалохаўся. Ягоныя некаторыя заявы апошнія, што на нашую краіну ніхто ня будзе нападаць, вы ня бойцеся, яны адлюстроўваюць ня тое, што ён нібыта хоча супакоіць беларускі народ, народ гэта і сам ведае, што ніхто ня будзе нападаць. Гэта адлюстроўвае, што ён сам баіцца. Тое, што Лукашэнка напалоханы, становіцца ўсім відавочна”.

Аляксандар Дабравольскі ў сувязі з багдадзкімі падзеямі нагадвае, што ў Беларусі засталася апошняя дыктатура ў Эўропе, і гэтую праблему, на яго думку, беларусы павінны вырашыць самі.
XS
SM
MD
LG