Сілы амэрыканска-брытанскай кааліцыі вельмі хутка занялі Багдад, фактычна не сустрэўшы сур’ёзнага супраціву ірацкай арміі. Многія жыхары Багдаду сустракалі іх вельмі прыязна, палячы партрэты Хусэйна і зьнішчаючы ягоныя статуі. Чаму так адбылося? Гэта першае пытаньне, якое я задаў мінакам на менскіх вуліцах. І вось якія атрымаў адказы:
(Хлопец: ) “Мне здаецца, Хусэйн ня выканаў таго, што абяцаў. Ня здолеў ён сабраць усе свае сілы, каб абараніць свой горад”.
(Дзяўчына: ) “Усе іх рашэньні былі скаардынаваныя. Амэрыканцы мелі магутную фінансавую падтрымку, і гэта паўплывала. Я ня ведаю, ці ёсьць у Іраку тая зброя, якую яму прыпісваюць. Можа, гэта нейкі тактычны ход, і яны яшчэ вырашаюць, што рабіць далей”.
(Спадар: ) “Мне здаецца, што ў іракцаў проста не было матывацыі. Каб хацелі, яны маглі бы некалькі месяцаў, а можа, і гадоў весьці вайну ў самім Багдадзе, як у Сталінградзе. Для мяне гэта нечакана. Ірак — дзяржава хаця й сьвецкая, але мусульманская. Я думаў, што яны так хутка не здадуцца”.
(Хлопец: ) “Моц саюзьніцкіх войскаў нашмат большая, чым ірацкіх, але я ня ведаю, чаму яны здалі Багдад бяз бою. Сталіца гэта ўсё ж такі сымбаль. Можа, стратэгічная задума такая, і ўсё яшчэ наперадзе?”
(Дзяўчына: ) “Яны хацелі гэта зрабіць і зрабілі. У саюзьнікаў шмат войскаў і салдатаў. Я думаю, яны любым чынам гэтага б дамагліся”.
(Спадар: ) “Да гэтага быў ужо народ падрыхтаваны. Багдадцы чакалі гэтага, толькі патрэбны быў час. Так склаліся абставіны”.
Аляксандар Лукашэнка ня раз актыўна падтрымліваў Садама Хусэйна. Ці трэба гэта было рабіць, і якімі будуць цяпер адносіны беларускіх уладаў з новай ірацкай адміністрацыяй? Вось што на гэты конт думаюць звычайныя людзі:
(Спадар: ) “Я думаю, што Аляксандар Рыгоравіч чымсьці падобны да Хусэйна. У яго такія ж думкі, і такі ж мэтад кіраваньня. Цяпер Лукашэнка пойдзе зь іншага боку”.
(Дзяўчына: ) “У такім цяжкім становішчы адкрыта і актыўна падтрымліваць Садама… Ня ведаю, гэта ня вельмі на карысьць Беларусі. А як будзе далей, нават і ня ведаю”.
(Пэнсіянэрка: ) “Я за тое, што Амэрыка зьнішчае дыктатарскі рэжым. Няхай там людзі жывуць свабодна. Яшчэ й нашага трэба было бы. Бо мы ж таксама церпім. А адносінаў з Іракам ужо ніякіх ня можа быць. Туды дарога нашым будзе закрытая”.
(Дзяўчына: ) “Я разумею, што наша краіна супраць вайны, але не лічу, што трэба падтрымліваць Хусэйна”.
(Карэспандэнт: ) “Як, на вашую думку будуць разьвівацца адносіны паміж Беларусьсю й пасьляваенным Іракам?”
(Дзяўчына: ) “Гэта будзе залежаць ад таго, якія адносіны складуцца ў Іраку з Расеяй. Бо зьвязаныя з Расеяй праз гэтую інтэграцыю. Гэта будзе аказваць вялікі ўплыў”.
(Хлопец: ) “Я ня думаю, што Беларусь не павінна надта дэманстраваць гэтыя адносіны. Беларусь павінна займаць сярэднюю пазыцыю паміж Амэрыкай і Іракам. Мы не павінны станавіцца ні на адзін, ні на другі бок”.
Сярод апытаных было нямала тых, хто проста ня ведае, якія будуць адносіны паміж Менскам і Багдадам у будучыні.