Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ АДМЯНІЛІ ВЫСТАВУ СЯРГЕЯ ПЯСЕЦКАГА?

Валянціна Аксак, Менск

Ініцыятыва гэтае выставы належыць былой дырэктарцы Нацыянальнае бібліятэкі Галіне Алейнік. З прапановай наладзіць яе спадарыня Алейнік зьвярнулася ў Польскі Інстытут у Менску яшчэ ўвосень мінулага году і атрымала падтрымку. Супрацоўнікі Інстытуту падрыхтавалі 12 вялікіх фотапляншэтаў, на якіх адлюстраваныя краявіды мясьцінаў, што зьвязаныя з жыцьцём Сяргея Пясецкага, ілюстрацыі вокладак ягоных першых кнігаў, партрэты пісьменьніка розных гадоў.

Аднак за чатыры дні да заплянаванага адкрыцьця інстытут атрымаў зь бібліятэкі ліст, у якім новы дырэктар Раман Матульскі паведамляе пра адмену выставы. Гаворыць каардынатарка выставы Ірына Каломенская:

(Каломенская: ) “Нацыянальная бібліятэка Беларусі паведаміла, што вымушаная адмяніць заплянаваную ў красавіку гэтага году фотавыставу “У краіне Вялікай Мядзьведзіцы”, прысьвечаную жыцьцю і творчасьці Сяргея Пясецкага, у сувязі з рэспубліканскай акцыяй па падтрымцы будаўніцтва новай бібліятэкі”.

Што гэта за акцыя і якім чынам яе правядзеньню магла перашкодзіць фотавыстава, я паспрабавала высьветліць у самой бібліятэцы. Дырэктар спадар Матульскі ў камандыроўцы.Сытуацыю патлумачыў ягоны намесьнік Сяргей Чарноў:

(Чарноў: ) “Да нас прыходзяць тры тэлебачаньні, і адбываецца сустрэча, прысьвечаная суботніку і збору сродкаў на будаўніцтва нацыянальнай бібліятэкі. А пра гэта я першы раз чую”.

Спадар Чарноў і параіў зьвярнуцца ў аддзел рэклямы бібліятэкі. Вось што я пачула на свае пытаньні ад супрацоўніцы рэклямнага аддзелу, якая не пажадала назвацца:

(Карэспандэнтка: ) “Якім чынам суботнік перашкаджае выставе?”

(Супрацоўніца бібліятэкі: ) “Перашкаджае тым, што ў нас ёсьць плян. І вось мы крыху зь яго выбіліся”.

(Карэспандэнтка: ) “Шчыра кажучы, я ўсё роўна не разумею. Суботнік — гэта значыць дзесьці трэба зарабіць грошы, а выставы звычайна праводзяцца ў вас у лекцыйнай залі, ці ня так?”

(Супрацоўніца бібліятэкі: ) “І вось і адкрыцьцё і нашай гэтай выстаўкі, і прэс-кафэрэнцыя — гэта таксама ў гэтай залі. На жаль, мы ня маем больш памяшканьняў, і ў нас няма дзе праводзіць гэтую прэс-канфэрэнцыю, таму і адбываецца такая накладка”.

Гэткая накладка ў супольнай працы Польскага Інстытуту ў Менску з Нацыянальнай бібліятэкай адбылася ўпершыню. Раней, калі Інстытут перадаваў у дар бібліятэцы старыя мапы Беларусі, калекцыю дакумэнтаў і кнігаў з фонду Ежы Гедройца, нотныя выданьні і шмат што яшчэ, непаразуменьняў не ўзьнікала. Цяпер прычына, магчыма, у асобе Сяргея Пясецкага.

Народжаны ў Ляхавічах будучы польскі пісьменьнік быў перакананым антысаветчыкам і адкрыта змагаўся з бальшавікамі спачатку ў шэрагах беларускае партызанкі (атрады “Зялёнага Дуба”), а пасьля і ў польскіх вайсковых фармаваньнях. Пра што і распавёў потым у сваіх раманах.
XS
SM
MD
LG